Аляксандр Якаўлевіч Андрыанаў — педагог з вялікім стажам і дастаткова вядомы ў горадзе чалавек. Ён шмат гадоў захапляецца шашкамі, таму разумее, што асноўная задача ў самым пачатку паказаць дзецям прыгажосць гульні, цікавасць пошуку рашэння. Нямала дзяцей займаюцца шашкамі таму, што ім блізкі сам дух спаборніцтва. Менавіта з тых, каму цікава памерыцца сіламі, хто імкнецца перамагаць, потым і нараджаюцца моцныя гульцы.
Не сакрэт, што маладое пакаленне сёння захапляецца рознымі электроннымі гаджэтамі. Аляксандр Якаўлевіч стараецца выкарыстоўваць гэтую цікавасць у карысным ключы, прапаноўваючы вучням праграмы, якія дапамагаюць удасканальваць майстэрства ў шашках. Вучні разам з педагогам актыўна карыстаюцца сайтам, дзе кожны мае магчымасць гуляць з сапернікам у рэжыме анлайн.
Як вядома, шашкі і шахматы развіваюць лагічнае мысленне, дысцыплінуюць, паколькі патрабуюць уседлівасці і цярпення. Аляксандр Якаўлевіч адзначае, што ён не першы год назірае сувязь паміж заняткамі шашкамі і развіццём здольнасцей сваіх выхаванцаў у дакладных навуках.
Самы вядомы вучань Аляксандра Якаўлевіча — Ігар Міхальчанка. Сёння ён двухразовы чэмпіён свету ў маланкавых шашках і чэмпіён Еўропы ў асноўнай праграме. Педагог нярэдка ўспамінае, як у свой час набіраў трэцякласнікаў. Тады ў аб’яднанне завітала адразу палова класа, але, як заўсёды, засталіся далёка не ўсе, сярод іх двое — Ігар Міхальчанка і яго аднакласніца Людміла Журбіцкая, якая пазней стала чэмпіёнкай Беларусі па шашках.
— Такіх, як Ігар, за ўсё трэнерскае жыццё можа і не быць, — прызнаецца педагог. — Мне пашанцавала знайсці такога вучня. У Ігара выдатная памяць і проста ўнікальная хуткасць мыслення, высокая працаздольнасць. Ён і цяпер шмат гадзін праводзіць за дошкай — без гэтага нікуды. Ён прафесійны спартсмен.
Дарэчы, зараз Ігар працуе трэнерам у Ваўкавыскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, побач са сваім настаўнікам. Цяпер аўтарытэт вучня ў многім працуе і на аўтарытэт трэнера. Бацькі, прыводзячы сваіх дзяцей у цэнтр, абавязкова ўдакладняюць, хто будзе весці заняткі. Калі чуюць, што Андрыанаў, лічыце, рашэнне прынята.
Самым важным этапам у падрыхтоўцы спартсменаў Аляксандр Якаўлевіч называе спаборніцтвы. У мінулым годзе яшчэ адзін яго вучань Аляксей Валюк зрабіў свой першы крок на міжнародным узроўні, прыняўшы ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па шашках, а ў гэтым годзе ён пацвердзіў званне кандыдата ў майстры спорту.
Сёлета высокія паказчыкі і добрасумленная праца Аляксандра Якаўлевіча Андрыанава адзначана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.