Я з самага дзяцінства марыла стаць настаўнікам. Ужо тады я ведала, што гэта адна з самых цікавых і творчых прафесій. Але невядома, як склаўся бы мой лёс, каб на маім шляху не было шчырых і добрых настаўнікаў Роскай сярэдняй школы. Усіх іх я памятаю і сёння: Ларыса Іванаўна Дабрыдзень, Вера Раманаўна Абрамовіч, Валянціна Іванаўна Манцэвіч, Данута Іосіфаўна Каласоўская, Валянціна Фёдараўна Саберай, Галіна Васільеўна Краснадземская, Ніна Рыгораўна Северына, Ганна Іванаўна Іоська, Таісія Анатольеўна Кушнярова, Ніна Фядотаўна Молатава, Ларыса Яўгеньеўна Пыжык, Тамара Уладзіміраўна Сідаркевіч, Ірына Юр’еўна Трапезнікава, Ганна Вацлаваўна Майсевіч, Любоў Уладзіміраўна Сарока, Марыя Баляславаўна Беська, Ірына Якаўлена Сухоцкая, Рэма Дзянісаўна Молатава, Марыя Аляксееўна Званцова і многія іншыя. Дырэктарам школы тады была Тамара Рыгораўна Сцэцэвіч.
Час няўмольна бяжыць і ўносіць свае карэктывы. На жаль, некаторых настаўнікаў сёння мы ўжо не сустрэнем на вечары... Але ведайце, дарагія настаўнікі, што вы назаўсёды ў нашых сэрцах. І гэта не проста высокія словы. Гэта выказванне, пацверджанае самім жыццём. Вы — патрабавальныя і строгія, сумленныя і прынцыповыя, шчырыя і разумныя, кемлівыя, цікавыя і бясконца чалавечныя! Кожны з вас даваў не толькі новыя веды, але і вучыў нас быць чулымі і спагадлівымі, чэснымі і справядлівымі. Вы вучылі нас верыць у дабро, радавацца, любіць жыццё і заставацца людзьмі ў любой сітуацыі.
З асаблівай цеплынёй я ўспамінаю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры Марыю Баляславаўну Беська і класнага кіраўніка, настаўніцу рускай мовы і літаратуры, Ларысу Іванаўну Дабрыдзень. Гэтыя настаўнікі паўплывалі на мой канчатковы выбар. Яны былі і застаюцца для мяне прыкладам. Прыкладам узаемаадносін з вучнямі і бацькамі. Прыкладам прафесіяналізму, сціпласці і таленавітасці.
Здаецца, гэта было зусім нядаўна. А прайшло ўжо 30 гадоў, як мы скончылі школу. 25 з іх я сама працую настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе
г. п. Краснасельскі. Я і сёння ўпэўнена ў тым, што выбрала цікавую прафесію — дапамагаць дзецям знаходзіць свой шчаслівы шлях у жыцці. Я разумею, што быць настаўнікам — гэта вельмі адказна, бо лёс вучняў у значнай ступені залежыць ад ведаў настаўніка, яго педагагічнага майстэрства, чалавечых якасцей. Але ўпэўнена, што маладосць ніколі не пакідае настаўнікаў, таму што яны ўвесь час працуюць з маладымі, цікавымі, энергічнымі і творчымі вучнямі.
Дарагія нашы настаўнікі, не толькі ад свайго імя, але ад імя ўсіх выпускнікоў 1993 года дазвольце пажадаць вам моцнага здароўя, асабістага шчасця, сямейнага цяпла, дабрабыту. Мы памятаем вас. Мы ўдзячны вам!
Таццяна Данешчык (Сцельмашок), выпускніца Роскай сярэдняй школы
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.