Маці не толькі расказчык выдатны, але і самая ўдзячная слухачка (ці слухаўка?). Яна ніколі не будзе раўнадушна сачыць і абыякава назіраць (ці пазіраць?) за лёсам сваіх дзяцей. Не толькі дапаможа на жыццёвым раздарожжы (ці падарожжы?) трапнай (ці трапяткой? ці ўтрапёнаю?) радаю (ці нарадаю?), але і сапраўднай заслонаю (ці засланкаю?) стане ў жыццёвых нягодах.
Адчуй розніцу
Слухачка (рус. слушательница). 1. Тая, што слухае. Сярод жанчын, што сабраліся ў зале, самай жаданай слухачкі не было. 2. Навучэнка некаторых навучальных устаноў.
Слухаўка (рус. телефонная трубка). Паланізм. Частка тэлефоннага апарата. Тэлефон званіў настойліва, яна з хваляваннем зняла слухаўку.
Назіраць (рус. наблюдать). 1. Разглядаць, глядзець збоку, не ўмешваючыся. Ён адчуваў, што за ім назіраюць некалькі дапытлівых дзіцячых пар вачэй. 2. Даследаваць, вывучаць. 3. Пільнаваць, дагля-
даць, сачыць.
Пазіраць (рус. смотреть). 1. Накіроўваць позірк. Яна, штораз уздыхаючы, задумліва і сумна пазірала праз акно. 2. Перан. Разм. Мець пэўны выгляд.
Раздарожжа (рус. перекресток, распутье, перепутье). Месца перасячэння шляхоў, дарог, вуліц. На раздарожжы вырашылі звярнуць у бок лесу.
Падарожжа (рус. путешествие, странствование, поездка). Паездка транспартам або пешы паход. Нас чакала захапляльнае падарожжа.
Трапны (рус. меткий). 1. Які беспамылкова пападае ў цэль. 2. Перан. Дакладны, правільны, асноўны. Трапныя выразы рабілі яго цікавым аратарам.
Трапяткі (рус. трепетный, мерцающий). 1. Дрыгатлівы, мігатлівы, няроўны. Дрыгатлівы агеньчык нясмела трапятаўся ў цемрадзі. 2. Моцна ўсхваляваны.
Утрапёны (рус. одержимый, неистовый, безумный). Нястрыманы, раз’юшаны, ашалелы. Гэтай думкай ён літаральна быў утрапёны.
Рада 1. (рус. совет, указание, выход). Парада, павучанне. За добрай радаю звярталіся да дзеда. 2. (рус. совещание). Нарада. 3. (рус. рада, совет). Народны сход.
Нарада (рус. совещание, совет). 1. Афіцыйнае пасяджэнне. Сабраўшыся на калгасную нараду, чакалі толькі старшыню. 2. Сумеснае абмеркаванне ў сям’і, калектыве.
Заслона (рус. завеса, пелена). 1. Тое, што прыкрывае, засланяе. Маці заўжды была заслонаю для дзяцей перад бацькавым гневам.
Засланка (рус. заслонка). Прыстасаванне для закрыцця топкі печы. Гаспадыня адняла засланку і дастала з печы гаршчок з прыгатаванай
бульбай.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.