Педагагічныя чытанні “Сучасная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы” з міжнародным удзелам сталі добрай традыцыяй у Ваўкавыскім каледжы - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 10 Февраля 2026 16:55

Педагагічныя чытанні “Сучасная адукацыя: вопыт, праблемы, перспектывы” з міжнародным удзелам сталі добрай традыцыяй у Ваўкавыскім каледжы

Сёлетняе мерапрыемства, якое адбылося 10 лютага, ужо шостае. 100 педагагічных работнікаў даслалі свае навукова-метадычныя матэрыялы на канферэнцыю. Мэтазгодна адзначыць, што аўтарамі 96 работ з’яўляюцца жанчыны. Таму можна з гонарам сказаць, што ў Год беларускай жанчыны ў каледжы сабраліся сапраўды найлепшыя, самыя інтэлектуальныя, разумныя, крэатыўныя прадстаўніцы нашай беларускай нацыі і навукі.

Педагагічныя чытанні сабралі ўдзельнікаў з 22 навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі: гэта выкладчыкі, настаўнікі, настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-псіхолагі, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, кіраўнікі фізічнага выхавання, намеснікі дырэктара па выхаваўчай і вучэбнай рабоце, а таксама навучэнцы, студэнты. Поліфарматнасць мерапрыемства дазволіла ўдзельнічаць вочна, завочна, дыстанцыйна.

У сваіх дакладах — практыка-арыентаваных, навукова-метадычных, арыгінальных — навукоўцы ўзнялі актуальныя пытанні фарміравання функцыянальнай граматнасці, прымянення штучнага інтэлекту і разнастайных сучасных педагагічных тэхналогій у адукацыйнай прасторы, інклюзіўнага падыходу ў навучанні, грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Па выніках работы педагагічных чытанняў выдадзены зборнік.

Упершыню ў межах мерапрыемства прайшла прэзентацыя работы інтерактыўнага комплекса «Інтерактыўная пясочніца» з перавагамі дапоўненай рэальнасці, мадэратарам якой была выкладчык Людміла Лявонцьеўна Бурак — сертыфікаваны спецыяліст у гэтай галіне. Гэта высокатэхналагічнае прыстасаванне спраектавана для работы з дзецьмі з АПФР.

Спрыяльная і добразычлівая атмасфера педагагічных чытанняў дазволіла ўдзельнікам падзяліцца досведам, паўдзельнічаць у абмеркаванні, даць слушныя парады. З задавальненнем і натхненнем удзельнічалі ў педагагічных чытаннях колішнія выпускнікі каледжа — цяпер гэта сапраўдныя майстры педагагічнай справы.

Немалаважны і той факт, што многія з удзельнікаў сталі ўжо традыцыйнымі гасцямі мерапрыемства, з імі наладжана цеснае супрацоўніцтва ў розных сферах. Педагагічныя чытанні выйшлі за межы традыцыйнай канферэнцыі, а сталі месцам творчых, навуковых, метадычных кантактаў. У Год беларускай жанчыны ўдзельніцы педагагічных чытанняў прадставілі мнагалучнасць сваіх талентаў.

Надзея Лазарчык,

метадыст Ваўкавыскага каледжа.

Фота Аляксандры Дзегцяровай.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 683 раз Печать