Купала і Колас — народа душа і голас - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 05 Ноября 2017 07:43

Купала і Колас — народа душа і голас

2017 год — знакавы і юбілейны для нашай краіны. У далёкім 1882 годзе нарадзіліся два вялікія пес­няры беларускага народа, класікі нацыянальнай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас. Уся краіна адзначала іх 135-гадовы юбілей, СШ г. п. Краснасельскі не стала выключэннем. Гэтай падзеі і была прысвечана дэкада беларускай мовы і літаратуры “Купала і Колас — народа душа і голас”.

На працягу дзесяці дзён праводзіліся розныя мерапрыемствы: кон­курс чытальнікаў вершаў «Ляцiць, гучыць песняроў голас!», вусны часопіс “Славутыя песняры белару­скай зямлі”, інтэлектуальныя гульні “Шчаслівы выпадак” і “Поле цудаў”, літаратурная гасцёўня “Яны сеялі зярняты мудрасці”.

Вершы Я. Коласа і Я. Купалы — гэта жыццёвая праўда, мары і спадзяванні на лепшы лёс Баць­каўшчыны. Найлепшым чынам пера­даць гэта змаглі ўдзельнікі конкурса чытальнікаў вершаў, які прайшоў для вучняў 5—7, 8—11 класаў. Перамож­цамі ў ім сталі Анастасія Арбузава, Ангеліна Целеш і Яўгеній Апановіч.

Адным з найцікавейшых мера­прыемстваў дэкады стаў вусны часо­піс “Славутыя песняры беларускай зямлі”, які для шасцікласнікаў правялі вучні беларускамоўнага 7 “В” класа разам са сваім класным кіраўніком Аленай Іванаўнай Целеш. Кожная старонка часопіса была прысвечана пэўнай падзеі з жыцця і творчасці Я. Купалы і Я. Коласа. Вучні разгадвалі крыжаванку, рэбусы, працягвалі радкі добра знаёмых вершаў. Ганаровым госцем мерапрыемства была Алена Казіміраўна Блажыеўская — матуля Алены Іванаўны і бабуля Ангеліны Целеш. Бабуля, дачка і ўнучка — гэта ўжо цэлая дынастыя, якая працягвае справу, пачатую Коласам і Купалам. Бабуля піша вершы на беларускай мове, дачка працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а ўнучка Ангеліна вучыцца ў бела­рускамоўным класе, прымае ўдзел і перамагае ў шматлікіх конкурсах. Алена Казіміраўна прачытала вучням свой уласны верш, прысвечаны бела­рускім песнярам, у якім гучаў зварот да сучаснай моладзі, каб яна не саромелася гаварыць па-беларуску, каб яна ганарылася сваёй багатай спадчынай. А ў заключэнні Алена Казіміраўна частавала ўсіх удзель­нікаў салодкімі падарункамі.

Завяршылася дэкада вечарам адпачынку — літаратурна-музычнай кампазіцыяй “І сёння з намі Колас і Купала”. Гэта было сапраўднае свята, на якім гучалі вершы і песні, глядзелі відэа, разважалі, абмяркоўвалі, адказвалі на пытанні віктарыны.

Вучні, настаўнікі і бацькі прайшліся жыццёвымі сцяжын­камі юбіляраў, прыгадалі цудоў­ныя радкі з іх твораў, зазірнулі ў таямніцы шчырай беларускай душы, адданай свайму народу, сваёй зямлі. На вечары былі падвед­зены вынікі дэкады, узнагароджаны пераможцы і актыўныя ўдзельнікі.

Імкліва бягуць гады, але мова Коласа і Купалы гучыць і сёння. Яна застаўляе нас перажываць, радавацца, любіць, прымушае мац­ней біцца нашы сэрцы, ганарыцца нашай гісторыяй і культурай, тым, што мы — беларусы.

Таццяна ДАНЕШЧЫК, кіраўнік МА настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3591 раз Печать