Школьныя навіны - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 16 Марта 2015 00:00

Школьныя навіны

Гучы, наша родная мова!

Стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць у нашай школе тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе ён прайшоў пад дэвізам «Рускай мове дай разгрузку — гавары па-беларуску!»

Распачаўся ён у школьнай бібліятэцы моўным праектам-выставай «Выбірайце беларускае», які змяшчаў агляд сучасных беларускіх кніг і выданняў для дзяцей. Кожны дзень быў напоўнены змястоўнымі і цікавымі мерапрыемствамі: конкурсам знаўцаў роднай мовы, літаратурным КВЗ, віртуальнымі падарожжамі па родным краі.

Запамінальнай была сустрэча «Беларускаму слову рады заўсёды», на якую прыехаў ваўкавыскі паэт Віктар Курловіч. Вучні з захапленнем слухалі яго жыццёвыя ўспаміны. А калі Віктар Георгіевіч пачаў чытаць свае вершы, усе прыціхлі, з цікавасцю слухаючы лірычныя радкі.
На завяршэнне тыдня вучні старэйшых класаў пабывалі на экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі Вярэйкаўскай СШ, а таксама наведалі Гродзенскі драматычны тэатр.

Тыдзень закончыўся, але вучні яшчэ доўга паміж сабою штосьці абмяркоўвалі, шукалі адказы на заданні, якія не ўдалося выканаць падчас яго правядзення. І мы перакананы, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца не толькі таму, што яны павучальныя, змястоўныя, цікавыя, а яшчэ і таму, што яны дапамагаюць усвядоміць: наша беларуская мова жывая і сапраўдная. І таму кожны, хто тут нарадзіўся і жыве, павінен не толькі дасканала ёю валодаць, але шанаваць і захоўваць.

Ганна КОЗЕЛ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ № 2 г. Ваўкавыска.

Нашай мовы дарагія словы

Чарговае пасяджэнне літаратурнай гасцёўні ў СШ № 4 падарыла сустрэчу з ваўкавыскімі паэтэсамі Марынай Бабіч і Настассяй Токаравай-Самушчык. Яна стала не проста планавым мерапрыемствам, а запамінальным, поўным шчырасці і душэўнай цеплыні, адкрыццём для прысутных.

Песня «Мара Скарыны», гучанне якой не пакінула абыякавым нікога, пранікнёныя радкі вершаў на роднай мове распачалі сустрэчу-свята. А далей… Далей было самае галоўнае – шчымліва-непаўторнае знаёмства з творчасцю паэтак. І гучалі, гучалі вершы па-беларуску… Тэматыка іх вельмі разнастайная. Але ўсе яны, быццам легкакрылыя, з лёгкасцю трапілі ў сэрца кожнага слухача.

Прысутныя не толькі мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю паэтак, але і дакрануцца да вершатворчасці.
Настасся Токарава-Самушчык правяла майстар-клас, і ў выніку плённай сумеснай працы паэтэсы з вучнямі атрымаўся цудоўны верш аб роднай школе. Марына Бабіч падарыла вучням свае зборнікі вершаў.

Таццяна ДУБРОЎКА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3900 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Скоро будут и роботы Школа адчыняе дзверы