Рубрыка “Слова пра мову”. Цемрашальства - цемра, цікаўны - цікавы, слушнасць - паслушэнства. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 15 Апреля 2023 17:46

Рубрыка “Слова пра мову”. Цемрашальства - цемра, цікаўны - цікавы, слушнасць - паслушэнства. Адчуй розніцу!

Тыдзень пасля Вялікадня называецца Светлай сядміцаю. Трэці дзень пасля Вялікадня на Светлай сядміцы — Светлая серада, Хараводніца або, як больш прывычна, Градавая серада. Назва “градавая” паходзіць не ад “градаў”, якія тэрмінова трэба рабіць на агародзе, а ад слова “град”, які, па павер’ях, можа пабіць ураджай, калі ў гэты дзень замест святочнага адпачынку працаваць на зямлі.

Можна, вядома, народныя прыкметы і павер’і лічыць цемрашальствам (ці цемраю?). Асабліва цікаўным (ці цікавым?) не забараняецца праверыць. Сяўба (ці сявенька?) у Градавую сераду прадвяшчае гібель ураджаю. Слушнасць (ці паслушэнства?) у такой справе, зрэшты (ці ўрэшце?), гарантавала бяспеку ад прыродных катаклізмаў усёй сядзібе (ці сялібе?).

Адчуй розніцу

Цемрашальства (рус. мракобесие). Варожасць да прагрэсу, адукацыі. Змагацца з мясцовым цемрашальствам было нялёгкай справай.

Цемра 1. (рус. мрак, темнота, тьма). Густы змрок, цемната. 2. Перан (рус. темнота, невежество, зло). Культурная адсталасць, невуцтва, зло. Невуцтва — цемра.

Цікаўны (рус. любознательный, пытливый, любопытный). Які імкнецца ўсё ведаць; дапытлівы. Хлопцам ён рос дужа цікаўным.

Цікавы (рус. интересный, увлекательный, занимательный, любопытный). 1. Які выклікае цікавасць. 2. Забаўны, незвычайны (рус. забавный, затейливый). 3. Прыкметны, характэрны (рус. примечательный). Выстава будзе цікавай не толькі для знаўцаў творчасці мастака.

Сяўба (рус. сев). Дзеянне паводле дзеяслова сеяць; пасеў збожжавых; пара, калі сеюць. Сяўба ў гэтым годзе затрымалася позняй вясною.

Сявенька (рус. лукошко, короб, из которого вручную сеют зерновые). Лубянка ручной работы. Сейбіты працавалі заўзята, сявенькі хутка пусцелі.

Слушнасць (рус. дельность, резонность, основательность, состоятельность). Разумнасць, абгрунтаванасць, практычная карыснасць. Прапановы начальніка вызначаліся слушнасцю.

Паслушэнства (рус. послушание, повиновение, подчинение). Падпарадкаванне, пакорнасць, паслухмянства. Паслушэнства ў сям’і заахвочвалася.

Зрэшты 1. (рус. однако). Супраціўны злучнік. 2. (рус. впрочем). Пабочн. слова. Зрэшты, не ўсё залежыць ад чалавека.

Урэшце (рус. наконец, в конце концов). 1. Пасля ўсяго. 2. Пабочн. слова. Даклад урэшце быў скончаны.

Сядзіба (рус. усадьба). 1. Жылыя і гаспадачыя пабудовы, сад, агарод, якія складаюць адну гаспадарку. 2. Зямельны ўчасткак пад збудаваннямі. Сядзіба была невялікая, але дагледжаная.

Сяліба (рус. селение в сельской местности, поселение). 1. Населены пункт у сельскай мясцовасці. 2. Тое, што і сядзіба. Пры сялібе быў вялікі надзел зямлі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 335 раз Печать