Перамога праўды - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 26 Января 2025 16:47

Перамога праўды

Нядаўна мы, беларусы, урачыста адзначалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хутка адзначым 80-годдзе Перамогі.

Засмучае, што сёння ў свеце вандаламі руйнуцца помнікі былой вайны, робяцца шматлікія спробы перапісаць гісторыю Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а ворагі імкнуцца адабраць у нас наогул саму Перамогу. На планеце разгарнулася так званая гібрыдная вайна, актыўным прапагандыстам і памагатым якой, на жаль, стаў яго вялікасць Інтэрнэт. Многае з апублікаванага ў ім так і хочацца пазначыць “Чытаць забаронена!”.

Добра усё ж, што нягледзячы ні на што, з фэйкамі можна змагацца. Сучаснікі праўду пра вайну могуць чэрпаць з іншых друкаваных, вывераных, адрэдактаваных крыніц, якіх за дзесяцігоддзі СССР было выдадзена вельмі многа. І Інтэрнэт тады не шкодзіў! Беларускія, расійскія выдавецтвы выдалі шмат мастацкай, мемуарнай, дакументальнай літаратуры пра вайну. І сёння яна, як і раней, чакае сваіх чытачоў у бібліятэках. Многія храмы кнігі проста стаміліся без разумных, мудрых чытачоў-наведвальнікаў.

Нельга адразу не сказаць пра надзвычай святыя для мяне хронікі-энцыклапедыі “Памяць” раёнаў і гарадоў Беларусі, якія рупліва выдаваліся з 1985 па 2015 гады. Сама ідэя выдання належала Пятру Машэраву і Алесю Петрашкевічу.

Вельмі добра, што цэнтральнае месца ў кнігах “Памяці” было адведзена Вялікай Айчыннай. Каштоўна, што тут змешчаны спісы воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфашысцкага руху, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю.

Менавіта са старонак гэтых кніг-рэквіемаў пакаленні, якія нарадзілася ў апошнія дзесяцігоддзі, могуць даведацца пра подзвіг савецкіх салдат, мужнасць працаўнікоў тылу, усяго савецкага народа і пераняць эстафету памяці, стойкасці і гераізму продкаў, іх сапраўднай любові да сваёй Айчыны.

Цэлая кагорта пісьменнікаў на сабе зведала франтавыя дарогі. Яны змагаліся не толькі зброяй, але і палымяным словам. Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Мікола Ткачоў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Леанід Гаўрылаў, Мікола Грынчык, Міхась Даніленка, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, Мікола Сурначоў, Алесь Адамовіч і інш. Яны прайшлі вайну самі, бачылі баі на свае вочы — і праўду здолелі захаваць для нашчадкаў.

І ў ХХІ стагоддзі ваенная тэма застаецца адной з самых запатрабаваных і актуальных. Яна дапамагае нам змагацца супраць фэйкаў у Інтэрнэце — хапае тут і гуманнага, светлага. Мы даведваемся ад творцаў розных пакаленняў, што вайна бывае пераможная, маштабная, эпахальная, вайна народаў, франтоў, вайна партызанская. Нельга без хвалявання чытаць такія творы, як “Векапомныя дні” Міхася Лынькова, “Згуртава-
насць” Міколы Ткачова, “Брэсцкая крэпасць” Кастуся Губарэвiча, “Канстанцiн Заслонаў” Аркадзя Маўзона, “Мiнскi напрамак” Iвана Мележа. Нельга не адзначыць і стрыжнявое значэнне раманаў “Пошукі будучыні” і “Млечны шлях” Кузьмы Чорнага (вяршыннае дасягненне ваеннай прозы), якія дайшлі да чытача толькі пасля вайны.

Ваенныя летапісцы паказваюць нам жорсткасць, бесчалавечнасць вайны, пакуты чалавека на вайне, бязлітасныя карцiны вынiшчэння ўсяго жывога на зямлi, вытручвання з душ аптымістычных пачуццяў. Пісьменнікі “ваеннага пакалення” не толькі перанеслі ў творы ўласны вопыт, але і дапамаглі ўбачыць пагрозу, якую неслі ўсім нацыям фашызм, вайна — і для пераможцаў, і для пераможаных.

Па-новаму загучала ваенная тэма ў “франтавых” і “партызанскіх” аповесцях Васіля Быкава, якi адстойваў права гаварыць пра гераізм простага салдата, на плечы якога i лёг асноўны цяжар тых 1 418 дзён і начэй. Аўтар скрупулёзна даследаваў паводзіны салдата ў экстрэмальных умовах, магчымасці выбару і чалавечага духу. “Чалавек на вайне” — асноўны лейтматыў Васіля Быкава.

Сябры, давайце прачытаем упершыню ці перачытаем яшчэ раз бессмяротныя творы айчыннай класікі пра вайну! Вельмі хочацца, каб гэтыя творы былі ва ўсіх школьных бібліятэках, на самых бачных месцах, каб палымяныя словы пра Вялікую Айчынную часцей перавыдаваліся, каб гэтыя творы абавязкова прысутнічалі ў сямейных бібліятэках. Актыўна абмяркоўваліся ў навучальных установах.

Як бачым, у роднай прозе, паэзіі, драматургіі ваенная тэма надзвычай актуальная для аўтараў розных пакаленняў. Упэўнены: такія бессмяротныя творы абавязкова знойдуць мільёны новых чытачоў. Яны будуць дапамагаць ужо мірным пакаленням змагацца на гібрыдных войнах з рознага кшталту ворагамі, хлуснёй, ашуканствам…

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 216 раз Печать