Тамара Максімаўна нарадзілася ў 1935 годзе на Магілёўшчыне. На яе дзяцінства прыйшлося ваеннае ліхалецце. Голад, холад, беднасць. Рана засталася круглаю сіратою. Але знайшліся добрыя суседзі, якія не пакінулі дзяўчынку ў адзіноце. Яна скончыла Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум і па размеркаванні ў 1954 годзе прыехала ў Ваўкавыскі раён, спачатку ў Дыхнавіцкую школу, а праз два гады стала настаўніцай і дырэктарам Субацкай пачатковай школы.
Памятаю, калі мы, студэнткі Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча, рыхтаваліся да практыкі ў малакамплектнай школе, то трохі баяліся, бо нам расказвалі, што Тамара Максімаўна строгая і прынцыповая. А на самай справе гэта была сапраўдная савецкая настаўніца, якая вельмі любіла сваю працу, дзяцей, Радзіму, была добрасумленнай, мудрай, працавітай і добрай. Гэтыя рысы характару засталіся з ёю на ўсё жыццё. Зараз паважаны ўзрост не дазваляе ёй жыць адной у сваіх Манчэлях, бо няма ўжо яе любімага Міцечкі, няма, на жаль, старэйшага сына, таму жыве Тамара Максімаўна ў дачкі Галіны ў Ваўкавыску.
Рэгіна Віктараўна нарадзілася ў нашым раёне, у Вялікіх Азяранках, у 1945 годзе ў сялянскай сям’і. Час быў пасляваенны, але побач з Рэгінай Віктараўнай былі мама і тата, якія пражылі доўгае жыццё, былі надзеяю і апораю для траіх сваіх дачок.
Рэгіна Віктараўна пачала працаваць настаўнікам пачатковых класаў у 1962 г. адразу пасля заканчэння 10 класа, бо настаўнікаў і ў той час не хапала. Пасля заканчэння ў 1965 годзе Бераставіцкага педвучылішча, дарэчы гэта быў першы яго выпуск, працавала на розных пасадах у школах Брэсцкай вобласці і нашага раёна. Пасля скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут.
50 гадоў назад, 19 лютага 1975 года, была назначана дырэктарам Вільчукоўскай васьмігодкі. Гэтая школа праіснавала да 2 снежня 1983 года, бо поўнасцю згарэла ў гэты дзень, дакладней — ноч. І ўвесь яе састаў — і дзеці, і настаўнікі — перайшоў у будынак Субацкай пачатковай школы. Не хапала класаў, абсталявання, вучыліся некалькі гадоў у дзве змены. І Тамара Максімаўна перадала паўнамоцтвы дырэктара пачатковай школы дырэктару базавай школы Рэгіне Віктараўне. А 1 верасня 1986 года ўсе разам перайшлі ў новую — Субацкую няпоўную сярэднюю школу. Рэгіна Віктараўна — дырэктарам, Тамара Максімаўна — настаўнікам пачатковых класаў. Яшчэ шмат гадоў яны працавалі разам.
Я таксама прыйшла працаваць ужо у новую школу ў дзень яе адкрыцця. Рэгіна Віктараўна прыняла мяне, тады яшчэ зусім маладую, як сваю дачку. За 20 гадоў, якія мы працавалі разам, я ні разу не чула яе павышанага голасу, не бачыла раздражнёнасці, незадаволенасці чыёй-небудзь работай. Яна ўмела мудра “разруліць” любую сітуацыю, незаўважна даць параду, запэўніць добрым словам. Таму калектыў нашай школы заўсёды быў моцны, згуртаваны, дружны. Нам удавалася літаральна ўсё, за што мы браліся, бо мы былі адной камандай. Дарэчы, Рэгіна Віктараўна ўзначальвала нашу школу 28 гадоў.
Цяпер Рэгіна Віктараўна завіхаецца летам у сваім агародзе ў родных Азяранках, а яшчэ вядзе свой блог у ТіkТоk, у якім дзеліцца з падпісчыкамі асабіста праверанымі, цудоўнымі рэцэптамі беларускіх страў. Яна — заўсёды жаданы госць на школьных урачыстых мерапрыемствах. Вось ужо некалькі гадоў піянерская дружына нашай школы носіць імя першага дырэктара — Рэгіны Віктараўны Якубчык.
Тамара Максімаўна Міклашэвіч і Рэгіна Віктараўна Якубчык маюць шматлікія ўзнагароды за сваю працу. Акрамя таго, яны заслужылі падзяку за добразычлівасць, веды, уважлівасць і разуменне — ад вучняў, павагу за карэктнасць, інтэлегентнасць — ад бацькоў і добрую памяць за тактоўнасць і педагагічны талент — ад калег.
Ад імя нашага калектыву віншую нашых дарагіх юбілярак з цудоўнымі датамі і жадаю, каб аптымізм і любоў да жыцця не знікалі, а родныя і блізкія радавалі клопатам і ўвагаю яшчэ многа гадоў.
Яніна Вітус,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Субацкай СШ.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.