Шавулічы не адрадзіліся. І з тых часоў на брукаваных вуліцах былой вёскі пануе цішыня, ды толькі шапочуць старыя таполі і дубы, нямыя сведкі бязлітаснай жорсткасці ворага. Напэўна, як і ў многіх падобных мясцінах, сюды час ад часу прылятаюць душы загінуўшых вяскоўцаў — людзей, якія любілі жыццё і сваю Радзіму. Сёлета, калі ў мемарыяльным комплексе “Шавулічы” праходзіў мітынг, гэтыя “душы”, увасобленыя артыстамі Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры, таксама прысутнічалі ў гэтым месцы, а затым расказалі ўдзельнікам пра ўсе свае няспраўджаныя мары і надзеі…
Благачынны Ваўкавыскага благачыння іерэй Аляксандр Юзва і настаяцель касцёла Святога Вацлава ксёндз Марк Занеўскі памаліліся за спачын душаў ахвяр шавуліцкай трагедыі і асвяцілі абеліск мемарыяла. Піянеры — нашчадкі герояў Вялікай Айчыннай вайны — узгадалі пра подзвігі піянераў ваенных часоў і заклікалі ўсіх не забываць тыя страшныя і адначасова гераічныя старонкі гісторыі роднай краіны. “Сусветная гісторыя не ведае прыкладаў такога мэтанакіраванага генацыду, які давялося перажыць нашым продкам у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі цэлым народам было загадана знішчэнне. Гарады сціраліся з твару зямлі, вёскі спальваліся дашчэнту разам з людзьмі. У той час, калі Францыя, Польшча, Чэхаславакія, уся Еўропа амаль без бою здавалася арміі фашысцкіх захопнікаў, наш беларускі народ, які прыняў першы агонь вераломнага ворага, з першых дзён даказаў, што за кожную пядзю зямлі будзе стаяць да смерці”, — адзначылі вядучыя мітынгу.
Памяць загінуўшых жыхароў вёскі Шавулічы ўсе прысутныя — прадстаўнікі мясцовай улады, працоўных калектываў, партый і грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур, духавенства, ветэраны, моладзь і ўсе, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю, — ушанавалі хвілінай маўчання. Званы Шавулічаў адгукнуліся на месцах іншых населеных пунктаў Беларусі, якія разам з жыхарамі былі знішчаны нацысцкімі карнікамі і іх памагатымі з 118-га батальёна ахоўнай паліцыі. І не бачна было краю рацэ з людзей, якія ўскладалі жывыя кветкі да помнікаў і зрубаў нежывой вёскі.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.
