У вёске Альхова адсвяткавалі Купалле - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 14 Июля 2017 16:35

У вёске Альхова адсвяткавалі Купалле

Кожны год з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй на Беларусі святкуюць Купалле — адно з найстарадаўнейшых свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Сёння гэтыя гулянні аб’ядноўваюць старажытныя традыцыі і рытуалы, тэатралізаваныя канцэрты і вясёлыя гульні.

Купалле ў аграсядзібе «Альхова» праводзілася ўжо другі раз. Калі ў мінулым годзе на гэтым свяце прысутнічала каля 50 гасцей, то ў гэтым — у два разы больш. Мерапрыемства наведалі не толькі жыхары вескі Альхова і бліжэйшых вёсак, але і Мінска, Оршы, Мастоў, Ваўкавыска, г. п. Рось, Бераставіцкага раёна. Гэта гаворыць аб тым, што цікавасць да старабеларускіх свят і абрадаў расце з кожным годам і праводзяцца яны на дастойным узроўні. А святкаванне Купалля ў Альхова становіцца сапраўдным брэндам вёскі.

З прывітальным словам выступілі старшыня Роскага сельскага Савета Алла Зарыхта, а таксама прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Ваўкавыскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Працягнулася свята ўрачыстым песенным запрашэннем калектыва «Шчодрыца» Роскага Дома культуры. Матывы народных песень пад гармонік і свісцёлкі лашчылі слых і разліваліся прыемнай асалодай на сэрцы.

Галоўнае дзеянне адбывалася на цэнтральнай пляцоўцы аграсядзібы. Тэатралізаванае прадстаўленне з вершамі, песнямі, танцамі, карагодамі, прыгожымі нацыянальнымі касцюмамі і займальным сюжэтам, падрыхтаванае гаспадарамі аграсядзібы і іх сябрамі, як быццам перанесла ўсіх прысутных у мінулае, ахутала невытлумачальнай цеплынёй, аб’яднала незнаёмых людзей у адзінае цэлае і закружыла ў святочным карагодзе. Ніхто не застаўся без увагі. Шматлікія разнастайныя і вельмі цікавыя конкурсы былі арыентаваны на дзяцей і на дарослых. Жадаючыя маглі набыць сувеніры у гандлёвай лаўцы, арганізаванай Ваўкавыскiм раённым цэнтрам рамёсел. Быў праведзены майстар-клас па вырабе лялек-мотанак. Для аматараў спакойнага адпачынку былі прадугледжаны столікі пад адкрытам небам і ўтульная альтанка. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для усiх святочны пачастунак.

З палявых кветак кожная дзяўчынка магла звіць сабе вяночак. Гасцям было прапанавана прайсці абрад ачышчэння ад няшчасця і захворванняў, пераадолеўшы зялёныя варотцы і, канешне, адправіцца на пошук папараць-кветкі. Закончылася купальскае свята пусканнем вяночкаў на ваду.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2868 раз Печать