З нагоды свята Незалежнасці - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 04 Июля 2016 00:00

З нагоды свята Незалежнасці

Олег Авштоль

Па традыцыі на Дзень Незалежнасці ў Ваўкавыску былі прызначаны ўзнагароджанне і канцэрт пераможцаў раённага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Беларусь — мая песня”. 

Планавала­ся правядзенне мерапрыемства на плошчы імя Леніна, аднак ін­тэнсіўны дождж вымусіў арганіза­тараў змяніць планы і перанесці яго ў гарадскі Дом культуры. І, што прыемна, гледачоў у зале тым не менш сабралася нямала.

Намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Ігар Кашкевіч павіншаваў прысутных з галоўным святам краіны і ўручыў дыпломы пераможцам агляду-конкурсу — лепшым працоўным калектывам, ансамблям, салістам і іншым намінантам, для кожнага знайшоўшы добрыя словы падзякі. А самі пераможцы прапанавалі гледачам разнапланавы дзвюхгадзінны канцэрт. Сярод больш чым трыццаці яго нумароў знайшлося месца пранікнёнай песняроўскай “Малітве” ў выдатным выкананні Мікалая Пранозіна і дэманстрацыі нацыянальных убораў ад тэатра моды “Спадчына”, народным матывам ад вярэйкаўскага ансамбля “Згода” і сучасным рытмам ад дуэта “Шанс” і роскага арт-балета “Імперыя”, шыкоўнаму вакалу ваўкавыскай зоркі Валерыі Еўдакімавай і віртуознаму сола на саксафоне Уладзіміра Міхнюка, цыганскім танцам артыстаў “Краснасельскбудматэрыялаў” і року ў выкананні Алы Дамавідавай. На жаль, усіх пералічыць немагчыма, аднак кожны артыст выклікаў захапленне ў гледачоў, і ад добрай музыкі ў добрым выкананні на душы было цёпла тым дажджлівым вечарам. А пра тое, што прысвечаны канцэрт Дню Незалежнасці, нагадвалі песні пра Беларусь і традыцыйнае правядзенне напрыканцы канцэрта акцыі “Спяваем гімн разам!”.

У суботу святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспуб­лікі Беларусь, адбыліся таксама ў іншых населеных пунктах раёна.

Масавыя гулянні прайшлі ў парку Краснасельскага. Са святам прысутных павіншавала старшыня сельскага выканаўчага камітэта Людміла Дзямешчык. Артысты мясцовага Дома культуры падрыхтавалі канцэртныя нумары, побач працавалі атракцыёны для дзяцей і іншыя забаўляльныя, а таксама гандлёвыя кропкі.

У Росі ў скверы 40-годдзя Перамогі ў суботу адбыўся ўрачысты мітынг, падрыхтаваны работнікамі Дома культуры гарпасёлка. На ім прысутнічалі госці: старшыня Ваўкавыскага райвыканкама Міхаіл Сіцько і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Навіцкі. Са словамі віншавання да жыхароў пасёлка звярнуліся старшыня Роскага сельвыканкама Ала Зарыхта, а таксама святары — протаіерэй Свята-Троіцкай царквы айцец Віктар і пробашч касцёла Святой Тройцы ксёндз Чэслаў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3795 раз Печать