І гэта ўсё пра яго — воўпаўскага ветэрана Галубцова - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Наше видео

Вторник, 08 Мая 2018 18:53

І гэта ўсё пра яго — воўпаўскага ветэрана Галубцова

Ветэраны. Калі мы чуем гэта слова, то ўяўляем людзей сталых, вопытных, мудрых. Ветэраны працы, ветэраны Узброеных Сіл — гэта людзі, якія ўсё жыццё прысвяцілі служэнню Радзіме. З асаблівай павагай мы гаворым аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам іх становіцца менш. Вось і ў нашай роднай Воўпе не засталося ўжо ні аднаго нашага земляка, які прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. Але памяць аб іх жыве, жывуць іх дзеці і ўнукі. Менавіта яны захоўваюць тыя святыя рэліквіі, якія засталіся ад іх продкаў-герояў.

Нам пашчасціла сустрэцца з Таццянай Кірылаўнай Конанавай — дачкой ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Кірыла Парфёнавіча Галубцова — афіцэра, які прайшоў вайну ад пачатку да канца, педагога Воўпаўскай школы, сумленнага і добразычлівага жыхара гэтай вёскі.

Вестка пра войну напаткала ў цягніку па дарозе дамоў

Нарадзіўся Кірыл Парфёнавіч Галубцоў 23 лютага 1920 года на станцыі Рэста Магілёўскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі хлопец вырашыў стаць настаўнікам і паступіў у Магілёўскае педагагічнае вучылішча, дзе вучыўся ў 1938—1939 гг. Час тады быў неспакойны, над Еўропай навісла пагроза новай сусветнай вайны, і Кірыл вырашыў прадоўжыць вучобу ў ваенным вучылішчы.

Вайсковая справа заўсёды прываблівала яго, нездарма ж ён нарадзіўся
23 лютага. У 1939 годзе Галубцоў стаў курсантам Тамбоўскага Чырвонасцячнага кавалерыйскага вучылішча. Два гады вучобы праляцелі, і ў чэрвені 1941-га малады лейтэнант Галубцоў быў накіраваны для праходжання службы ў Паўднёвую ваенную акругу. Перад адпраўкай у дзеючую армію Кірыл Парфёнавіч атрымаў кароткачасовы адпачынак і паехаў у родную Беларусь. Як даўно ён не бачыў родных, колькі ўсяго яму хацелася расказаць! Але па дарозе дадому прама ў цягніку напаткала страшная навіна: Германія напала на Савецкі Саюз.

Ордэн за Сталінград уручыў Калінін

Сустрэча з бацькаўскім домам была кароткай, нядаўні выпускнік ваеннага вучылішча павінен быў тэрмінова прыбыць на месца службы. Праз паўтара месяца фашысцкія акупанты захапілі родную вёску Кірыла Галубцова і павесілі яго бацьку і брата. Хтосьці данёс немцам на сям’ю Галубцовых, паведаміўшы, што іх сын — савецкі афіцэр і камуніст. Аб гэтай страшнай трагедыі Кірыл Парфёнавіч даведаецца толькі пасля вызвалення Беларусі. А пакуль нявопытнага яшчэ афіцэра назначылі выконваць абавязкі каменданта ваеннага трыбунала. Ён павінен быў ахоўваць арыштаваных, якія падлягалі суду. Некаторыя афіцэры былі арыштаваны беспадстаўна, і вось адзін ужо асуджаны генерал паспрабаваў застрэліцца пасля вынясення прысуду. За гэты выпадак Галубцоў быў пакараны — пазбаўлены пасады і адпраўлены ў якасці камандзіра кавалерыйскага ўзвода на Сталінградскі фронт.

Можна толькі ўявіць, якая страшэнная бітва была пад Сталінградам! Кірыл Парфёнавіч быў там моцна паранены, асколкамі прабіла лобныя косці. Дарэчы, з адным асколкам ветэран пражыў усё жыццё. Восем месяцаў ён лячыўся ў шпіталі г. Элісты, здолеў выжыць, але прысуд урачоў быў суровы — не годны да страявой службы. Пасля заканчэння Сталінградскай бітвы Галубцова ў ліку іншых яе герояў-удзельнікаў запрасілі на ўрачыстае паседжанне ў Крэмль, дзе ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Ордэн уручыў асабіста старшыня Вярхоўнага Савета СССР Калінін.

Жонку знайшоў на заводзе па выпуску зброі

Афіцэра камісавалі па стане здароўя, але ён не здолеў застацца ў баку ад важных спраў і ў 1943 годзе быў накіраваны ў тылавое вучылішча г. Каўрова Уладзімірскай вобласці, дзе знахо­дзіліся ваенныя прадпрыемствы па выпуску зброі. На адным з такіх заводаў працавала 18-гадовая Тамара Волкава. Ішла вайна, жылося вельмі цяжка, але маладосць брала сваё. Кірыл спачатку звярнуў увагу на старэйшую сястру Тамары — прыгажуню Люсю, але тая абрала сабе іншага кавалера, афіцэра.
Крыху пазней Тамара і Кірыл сталі сустракацца, сталі мужам і жонкай.

Зноў на фронце!

Першага кастрычніка 1944 г. у іх нарадзіўся першынец — сын Яўгеній. Здавалася б, ёсць сям’я, вайна заканчваецца — жыві паціху, ты сваё ўжо адваяваў, Кірыл Галубцоў. Але не такі ён быў чалавек, каб заседжвацца дома, калі краіна ваюе, і напісаў пісьмо генералу кавалерыі Гарадавікову з просьбай адправіць на фронт. Генерал просьбу задаволіў, і Кірыл Парфёнавіч зноў апынуўся ў дзеючай арміі ў якасці камандзіра кавалерыйскага эскадрона. Удзельнічаў у баях за Берлін, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. Напрыканцы вайны кантужаны пад горадам Патсдамам, каля года лячыўся.

Цяжкасці ваеннага ліхалецця мінулі, краіна святкавала Перамогу. Кірыл Парфёнавіч як камуніст, удзельнічаў у аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі. Партыя накіравала яго ў Малдавію арганізоўваць работу на заводзе шампанскіх він, дзе ён займаў пасаду намесніка дырэктара. Жыццё ў пасляваеннай Малдавіі было небяспечным: па лясах хаваліся банды бандэраўцаў, якія выследжвалі савецкіх партыйных работнікаў. Не раз жыццю сям’і Галубцовых пагражала рэальная небяспека.

На Гродзеншчыне

Кірыл Парфёнавіч імкнуўся ў родную Беларусь і быў накіраваны ў
г. Ліда дырэктарам дзіцячага прыёмніка. Сотні дзяцей-сірот прайшлі праз гэтую ўстанову, і кожнага трэба было адзець, абуць і галоўнае — адагрэць яго абпаленую вайной душу. Працуючы з дзецьмі, К. Галубцоў зразумеў, што неабходна ўдасканальваць веды, набытыя ў педвучылішчы яшчэ перад вайной, і паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт.

Вычыўся завочна і адначасова працаваў дырэктарам вячэрняй школы працоўнай моладзі ў Гродне. Тут, у абласным цэнтры, сям’я нарэшце атрымала асобную кватэру на вул. Віленскай і перастала “мыкацца па вуглах”. Пасля заканчэння педінстытута ў 1956 годзе дыпламаваны настаўнік накіроўваецца ў вёску адраджаць народную адукацыю. Перад ім не стаяла пытанне: ехаць у вясковую школу ці застацца ў горадзе? Калі партыя накіроўвае, значыць, трэба ехаць. Так маладая сям’я апынулася ў Шылавічах. Кірыл Парфёнавіч стаў ды­рэктарам школы, Тамара Іванаўна — біб­ліятэкарам. Праз год — новае накіраванне — у Тупічанскую школу.

Ён ніколі не хваліўся сваімі подзвігамі

Няпроста было Галубцовым з малымі дзеткамі жыць на кватэры ў чужых людзей. Каб пракарміцца, трымалі нават карову. Прыйшлося гараджанцы Тамары Іванаўне і агарод даглядаць, і карову даіць, і свіней карміць. Востра стаяла праблема з жыллём, і, калі ў Воўпе адбудавалі новы дом, адну невялічкую кватэру выдзелілі сям’і Кірыла Парфёнавіча, а сам ён пайшоў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Воўпаўскую СШ. Настаўнік заўсёды быў патрабавальны, яго ўрокі адрозніваліся вобразнасцю і праўдай жыцця. І калегі, і вучні паважалі Кірыла Парфёнавіча за прынцыповасць, адкрытасць, сумленнасць і добразычлівасць. Ён ганарыўся сваімі ўзнагародамі, але ніколі не насіў іх напаказ, не хваліўся подзвігамі і з радасцю адклікаўся на просьбы дзяцей расказаць аб вайне, сустракаўся з моладдзю падчас мітынгаў і заўсёды паўтараў, што самае важнае — гэта мір.

Яго пахавалі на могілках у Воўпе

Нягледзячы на тое, што Галубцоў быў чалавекам прыезджым, жыхары Воўпы даволі хутка прынялі яго за свайго і часта звярталіся з разнастайнымі просьбамі. Як чалавек з вышэйшай адукацыяй, ён пісаў ад імя вяскоўцаў звароты і скаргі нават самому Машэраву, дапамагаў у вырашэнні бытавых праблем. Усіх выслухваў, нікому не адмаўляў. А сам з сям’ёй жыў сціпла ўсё ў той жа невялічкай кватэры з пячным ацяпленнем і без гарадскіх выгод.

Выгадаваў дваіх дзяцей — сына Яўгенія і дачку Таццяну. Але ваенныя раненні сталі ўсё часцей нагадваць аб сабе, здароўе пагоршылася, і ў жніўні 1979 годзе ва ўзросце 59 гадоў Кірыл Парфёнавіч памёр. Пахаваны на могілках у Воўпе.

Тэрэса Кудрык, настаўнік гісторыі Воўпаўскай школы.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2676 раз Печать