Ведаеце жарт пра першыя дні восені? Яны пахнуць яшчэ адным, дарма страчаным летам. Сёлета згодна з усёй доляй праўды ў гэтым жарце. Якімі яшчэ могуць быць праведзеныя на рабочым месцы чэрвень, ліпень, жнівень? Вядома, дарма страчаным летам. І ўсё ж канец лета, пачатак восені і менавіта першага верасня для мяне пахнуць своеасабліва і ўсім патрошку. Першым пажоўклым лістом з дрэва. Пранізлівым восеньскім ветрам. Сырасцю прахалоднага дажджу. А яшчэ рознакаляровымі вяргінямі, што прытуліліся да плоту ў бабуліным гародчыку.
Восень. 1 верасня. Дзень ведаў. Свята. Ой, давайце начысціню. Адкуль узяцца таму святочнаму настрою? Запытайце ў сваіх дзяцей, ці радуюцца яны таму, што прайшло лета, надышла восень, скончыліся канікулы і трэба зноў ісці ў школу. Пад столь ад радасці скачуць, хіба што, толькі першакласнікі. Для іх адчыняюцца дзверы ў невядомы і нязведаны свет. Ім весела, цікава, радасна. А тым, хто вяртаецца, каб зноў сесці за школныя парты, думаю, хацелася б даўжэйшага лета і большых канікулаў.
Пра мой “першы раз у першы клас” нагадвае чорна-белы з пажаўцелымі краямі здымак у сямейным фотаальбоме. Трыццаць пяць гадоў насамрэч прайшло. А быццам учора ўсё было. На фотаздымку ўсміхаецца маладая мама ў прыгожай сукенцы — настаўніцкая традыцыя купляць абноўкі і прыбірацца ў лепшае на школьную лінейку першага верасня з’явілася не сёння. Сур’ёзна паглядае малады бацька ў касцюме і новай сарочцы пад гальштукам — дужа пакутаваў ён, бо, аддаючы перавагу “клетцы”, надта не любіў сарочкі аднаго колеру, а ўрачыстасць моманту патрабавала “аднатоннасці”. Адным словам, настаўнікі. А паміж бацькамі на фотаздымку я — у карычневай сукенцы з белым фартухом і вялізнымі, на паўгалавы, белымі бантамі. А ў руках — букет рознакаляровых вяргіняў.
Як я разгледзела іх на чорна-белым здымку? Проста. Я добра помню гэтыя кветкі свайго дзяцінства. Высокія, разгалістыя, рознага колеру, яны раслі пры плоце каля бабулінай хаты. Адзіныя кветкі, якія буялі ў вясковых агародах і кветніках да позняй восені, пахам і колерам нагадваючы пра сыходзячае лета. Штогод большасць вераснёўскіх букетаў на школьнай лінейцы складалі менавіта вяргіні. Балазе дэфіцыту гэтых кветак у вёсках не было. Таму ўрачыстая лінейка першага верасня нагадвала вялізны кветнік з вяргіняў каля школьнага ганка. Гэтымі кветкамі былі заняты ўсе вазы і застаўлены ўсе падаконнікі ў нашай хаце — бацькі-настаўнікі прыносілі бярэмя вяргіняў, падораных вучнямі. Гэта было даволі хвалююча і вельмі прыгожа. Пах вяргіняў яшчэ доўга лунаў у хаце, нагадваючы аб першым дні восені.
Першага верасня заўсёды быў для мяне выключна хвалюючым днём. Не радасным, не шчаслівым, не ўзнёслым. Што душой крывіць. Суцэльнае, безупыннае хваляванне штогод. Чаму? А вы думаеце лёгка вучыцца ў школе, дзе працуюць настаўнікамі твае бацькі? Першага верасня я сядала за парту толькі з адной думкай: вучыцца так, каб не расчараваць самых родных людзей. Тым больш, што пра ўсе мае поспехі і няўдачы бацікі ведалі, як кажуць, з першых вуснаў — ад сваіх жа калег.
Школа скончылася. А імпэт “быць лепшай, каб не расчараваць бацькоў” не пакідаў мяне і ў педвучылішчы. Набыты сіндром выдатніцы даваў аб сабе ведаць і тады, калі я прыйшла на сваё першае працоўнае месца. А гэта, як “на шчасце”, была родная школа, у якой прадаўжалі працаваць мае бацькі. І я вымушана была ўжо не вучыцца на выдатна, а працаваць бліскуча. І кожнае першага верасня зноў ператваралася ў неймаверна хвалюючы дзень, які нязменна пах вяргінямі.
Тыды ўжо не я, а мне, як настаўніку, дарылі гэтыя кветкі мае вучні. У хаце зноў былі занятыя ўсе вазы і застаўленыя падаконнікі. Бывала, правяраеш сшыткі, выпраўляеш памылкі, злуешся на чым свет стаіць… А глянеш на вяргіні, падораныя гаспадарамі гэтых сшыткаў, — і раптам стане так цёпла на душы і лагодна на сэрцы, што міжволі толькі ўсміхнешся памылкам у сшытках.
Пасля ў школу пайшоў мой старэйшы сын. З новай сілай нахлынула невыноснае першавераснёўскае хваляванне, якое і без таго даводзілася перажываць штогод. Толькі перажывала я ўжо не за сябе, а за самае дарагое ў жыцці — сваё дзіця. А гэта, ведаеце, — у некалькі разоў памножанае хваляванне.
Ішоў час. Змяняліся густы. Дарыць вяргіні раптам стала не модна. Замест іх, такіх прыгожых, духмяных, родных, усё часцей сталі з’яўляцца куплёныя далікатныя ружы, кідкія герберы, ганарыстыя ружы, фантастычных колераў хрызантэмы, сабраныя ў шыкоўныя букетныя кампазіцыі… Прыгожа, нічога не скажаш. Духмяна, дорага, дабротна. Але…
Пах тых самых вяргіняў, якія кожны год першага верасня я несла сваім настаўнікам, якія штогод пасля дарылі ўжо мне самой вучні, якімі былі заняты ўсе вазы ў хаце і застаўлены ўсе падаконнікі, не можа нават і блізка нагадаць ніводная, нават самая “экзатычная”, кветка.
Магчыма, я занадта прывязана да мінулага. А можа, гэта хранічная форма першавераснёўскага хвалявання. Але хутчэй за ўсё, звычайная восеньская туга. Восень. Верасень. Вяргіні. Восеньска-вераснёўска-вяргіневы настрой. От, няхай сабе. Не шкадуйце лета. Жывіце ўвосень. Чакайце зімы…
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.