Вось у чарніцы, напрыклад, ходзяць выключна пасля ночы на Івана Купалу, раніцай сёмага ліпеня. Не ведалі? Для такіх, як я, вясковых гадаванчыкаў Купалле — адно з улюбёных святаў. Летам мы чакалі яго з такім жа шчырым дзіцячым нецярпеннем, як Каляд узімку. Не палохаў нават той факт, што назаўтра нас чакала нялёгкая работа. Па даўняй добрай традыцыі пасля ночы на Івана Купалу з самюсенькай раніцы і ледзь не ўвесь дзень завіхаліся мы ў лесе вакол ягадніку з чарніцамі.
Эх, вясковае дзяцінства! Страшна забыць, бо ёсць што ўспомніць. І ніколі не падумала б, што ўспамінаць буду так часта і з такім задавальненнем. Шырокія бульбяныя соткі, даўжэзныя рады цукровых і кармавых буракоў, бяскрайнія надзелы сена. Праўда, такімі шырокімі, вялізнымі і бяскрайнімі яны здаваліся толькі ў дзяцінстве, калі і дрэвы насамрэч былі вялікія. Забылася ўсё цяжкае, непасільнае, непамернае, што было звязана з вясковым дзяцінствам. А працавалі мы на ўзроўні з дарослымі. Палолі і капалі бульбу, асыпалі і церабілі буракі, варочалі і зграбалі сена. Ці цяжка было? Нялёгка, скажу я вам. Але ўвесь гэты працоўны вясковы тлум яшчэ можна было трываць, каб не традыцыйныя летнія паходы ў …ягады.
Не ведаю, як для каго, а для мяне гэта было большае наказанне, чым асыпаць буракі ці апалоць бульбу, перавярнуць надзел сена ці нават паклеіць шпалеры ў кватэры (о, ад хвалюючых успамінаў ажно словы рыфмавацца пачалі!). Матчына аб’ява “Заўтра ў ягады!” гучала, як прысуд, пасля якога наступала немінучае “пакаранне”. Ох, і не любіла я збіраць ягады! А яны, як назло, радзілі ледзь не штогод. І бабуля, як назло, ведала месцы з суніцамі, малінамі, чарніцамі. Толькі да часу чакай. І вось пазбіраюцца цёткі і нас, дзяцей, з сабою ў лес пабяруць. Самыя з вёдрамі. І нам — па бідончыку. А бідончыкі тыя бяздоннымі здаваліся, і тыя тры літры ператвараліся ва ўсе трыццаць, як пачнеш ягады збіраць. Але нічога не паробіш. Раз маці сказала, матузком бідончык да пояса прывяжаш і наперад.
Ведаеце, што па сённяшні дзень самае галоўнае для мяне падчас збору ягад? Утрымацца і не паспрабаваць хоць адну да таго часу, пакуль не назбіраеш поўную тару. І, уявіце сабе, я ж трывала. Сама здзіўляюся той дзіцячай сіле волі. Іначай, як толькі ўкіну першую ягаду ў рот, так і забываю пра бідончык ці вядзерка. Толькі і буду, што з куста есці. Так і трывала. Пакуль бідончык ягадаў не назбіраю, ніводнай не пакаштую. А назбіраўшы поўны, глядзець на тыя ягады, шчыра кажучы, ужо не хацелася, не тое, што есці. Вось толькі не глядзець не атрымлівалася. Яшчэ суткі стаяў ягаднік перад заплюшчанымі вачыма.
Першымі спелі суніцы. Слёзы, а не ягады. Запомніліся на ўсё жыццё тым, што збіраліся дужа марудна. Добра трэба было пастарацца (дакладней, панагінацца ды папрысядаць), каб спачатку дно ў бідончыку закрыць. А пасля, як ні збіраеш — а ўсё паўбідончыка. Ягадкі дробныя, далікатныя, мяккія — прыбіваюцца, утрамбоўваюцца, хоць ты што хочаш рабі. Штораз карцела лісця з ягадніку накідаць, каб паўней было. Ох, і марудна збіраліся суніцы! Але ж як яны пахлі! Хаця ў варэнні, колькі цукру ні дай, заўсёды злёгку гаркаватыя на смак. На аматара ягада, скажу я вам.
Лясныя маліны — гэта асобная гісторыя. Грэх было ў іх летам не схадзіць. Маліна зімою лічылася першым лекавым сродкам ад тэмпературы, кашлю, болю ў горле. У ход ішлі і варэнне, і адвары з высушаных сцяблін і лісця. Таму, як толькі спелі маліны ў лесе, ніякія дзіцячыя адгаворкі не дапамагалі — зноў бідончык, матузок і наперад. Збіраць іх, вядома, было лягчэй ад суніц. Не трэба было так многа нагінацца і часта прысядаць. Маліннік значна вышэйшы ад сунічнага ягадніку. Ды і так шчыра, як суніцы, маліны ў рот не прасіліся. Бо да таго часу ўжо садовай уволю наласуешся. Збіраць маліны было адносна лёгка. А вось перабіраць іх потым — ніякага задавальнення. А рабіць гэта было неабходна, бо і ягада траплялася абы-якая, і там-сям чарвячок на ёй.
Лета. Канікулы. Вось, нарэшце, і Купалле! Якое дачыненне мае язычніцкае свята да лясных ягад? “Здрасце” вам. Каму бабуля не гаварыла, што толькі на Івана Купалу чарніцы ўбіраюцца ў самую сілу, сапраўдны смак і самы сок? Да сёмага ліпеня гэтыя ягады, няхай нават яны і наспелі ўжо ў лесе, ніхто з вяскоўцаў ні збіраць, ні ўжываць не імкнуўся. А вось раніцай пасля Купалля ў лесе было не прайсці. Найцяжэй было прачнуцца рана-рана, бо напярэдадні вечарам ледзь не да паўночы і дарослыя, і дзеці бавіліся на вясковым свяце, шукаючы папараць-кветку і ганяючы нячысцікаў.
Ох, дзіцячая радасць чарнічная! Бадай, толькі чарніцы і было прыемна збіраць у лесе. Знойдзеш ягаднік, увесь усыпаны тоўсценькімі, кругленькімі, як бочачкі, з бліскучымі цёмна-сінімі бакамі, з шэрым налётам ягадкамі, прысядзеш на адным месцы — і, ведай, збірай сабе ўволю. А ягадкі сухенькія, пругкія, буйныя, сакавітыя! Спярша звонка б’юцца аб дно бідончыка, а пасля і адна на адну хуценька кладуцца. Пакуль з аднаго ягадніку абрываеш, вакол паглядаеш, новы шукаеш. І такія ахвота, азарт і нават нейкая сквапнасць падключаліся, якіх за сабой, здавалася, і не заўважаў раней ніколі. І пакуль поўны бідончык не назбіраеш, у рот а ні ягадкі. Ад’ядаешся, ужо назбіраўшы, з куста ці пасля, перабіраючы, з місы. З чарніц маці варыла варэнне. Ат, колькі цукру ні дай — рэдкае. Але смачнае!
Сёння я не хаджу ні ў грыбы, ні ў ягады, ні ў дровы. Гэтыя спалучэнні ўжываюцца ў беларускай мове ў значэнні “ісці ў лес”. Сёння я хаджу выключна па грыбы ды па ягады — значыць, на рынак. Па дровы ці ў дровы, дзякаваць богу, хадзіць няма патрэбы. Купляючы на рынку ягады, часта чую ад некаторых пакупнікоў: ”Залатыя яны, бо надта дарагія!” Можа, даражэнькія, і дарагія (прабачце за каламбур). Але мне яны такімі зусім не падаюцца. Бо штораз успамінаю сваё вясковае ягаднае дзяцінства. Спелае, смачнае, сакавітае. Галоўным тады было — дачакацца з’яўлення, са слоў бабулі, тых самых, сапраўдных сілы, смаку і соку. І няхай сабе варэнне ўзімку з летніх ягад было гаркаватае, рэдкае ці нават з чарвячком. Ты пайдзі назбірай!..
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.