Люблю. Прабач. Дапамажы - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 22 Октября 2023 19:27

Люблю. Прабач. Дапамажы

Наймацнейшая і бескарыслівая, далікатная і трапяткая, бязмежная і бясконцая, безумоўная і самаадданая. Гэта ўсё пра яе — бацькоўскую любоў.

Ці можна выклікаць і выхаваць у сабе гэтае пачуццё? Магчыма. Праўда, тыдня, нават бацькоўскай любові, для гэтага недастаткова. Бацькоўства — прыроджаная ўласцівасць на ўзроўні інстынктаў. Ты або адразу нараджаешся з ёю, або ўсё жыццё жывеш без. Шкада толькі, што нельга загадзя высветліць, ці ёсць гэты інстынкт у мужчыны або жанчыны. Высвятляецца гэта, на жаль, толькі тады, калі яны становяцца маці або бацькам. Магчыма, у гэтым і крыецца адна з прычын існавання дзіцячых дамоў…

Ведаеце, што сёння дорыць мне самае неверагоднае задавальненне? Момант, калі я вяду ў школу сваю дачку… за руку. Ні побач, ні поруч. А менавіта за руку. Дзіцячая маленькая цёплая далонь у маёй руцэ дорыць адзінае вострае жаданне — каб гэта працягвалася як мага даўжэй, а можа, нават і бясконца. Менавіта ён — гэты каштоўны і казачны момант “ісці за ручку”, паміж тым часам, калі я насіла дачку на руках, і той парою, калі яна будзе ўжо цурацца ісці са мной рука ў руцэ (а надыдзе ён, паверце, вельмі хутка) — проста казачны для мяне як для чалавека, жанчыны, маці. Неверагоднейшымі за гэты момант былі, хіба што, хвіліны нашага першага з дачкой знаёмства адразу пасля яе нараджэння. Вось толькі першае знаёмства больш не паўторацца. Яго застаецца толькі помніць. А ад падарожжаў, узяўшыся за рукі, атрымліваць асалоду, спадзяюся, можна будзе яшчэ доўга.

“Выпускаю з рук” дачку я заўсёды без усялякага жадання нават па абставінах. Як толькі яе маленькая далонь выслізгвае з маёй вялікай, нахлынвае здрадніцкае пачуццё тугі, трывогі і хвалявання. Вядома, беспрычынных. Але ёсць сітуацыя, калі я выпускаю Соніну далонь наўмысна і насуперак свайму жаданню.

Жывём мы побач з дзіцячым домам. Штораз, вяртаючыся ўдваіх з дачкою з работы і са школы, мы, здараецца, сустракаем яго выхаванцаў. Яны заўсёды вітаюцца. Загадзя, здалёк, па-дзіцячы гучна і шчыра. І вось у гэты самы момант я і раблю выгляд, быццам маю патрэбу перакласці з адной сваёй рукі ў другую “цяжкую” сумку з пакупкамі, адпускаючы Соніну далонь. За два гады гэтае дзеянне даведзена ўжо літаральна да аўтаматызму. Чаму?..

Ведаеце, сустракаючыся з выхаванцамі дзіцячага дома, я штораз адчуваю перад гэтымі дзецьмі не проста няёмкасць, а віну і сорам. За ўсіх нас, дарослых. За тое, што праз нас яны апынуліся па-за родным домам, без сям’і, самыя па сабе. Пры сустрэчы з такімі дзецьмі мне штораз здаецца, што, трымаючы дачку за руку, я тым самым раблю яшчэ гарчэй другому маленькаму чалавеку, якому ў жыцці і без таго даволі несалодка. Да жывых бацькоў, дзеці якіх выхоўваюцца ў дзіцячым доме, у мяне толькі адно пытанне: “Як жа вы, даражэнькія, жывяце без дзіцячай далоні ў руцэ?”.

Няўжо на свеце ёсць штосьці больш прыемнае, чым гэтая неверагодная дзіцячая цеплыня?..

— Мама, а чаму гэтыя дзеткі тут, без бацькоў? Таму што яны кепска сябе паводзілі?

— Не, дачушка, гэта іх мама і тата кепска сябе паводзілі…

— А хіба так бывае?..

— На жаль, бывае…

А яшчэ, бывае, не лепш у адносінах да сваіх бацькоў, забываючы пра іх, састарэлых, хворых, знямоглых, сябе паводзяць дзеці. І часцей за ўсё гэта не той самы “бумеранг”, што вярнуўся ад пакінутых дзяцей бацьку ці маці, што аказаліся без прыроджаных або набытых бацькоўскіх інстынктаў. Якраз-такі выхаванцы дзіцячых дамоў у першую чаргу шукаюць сваіх біялагічных (роднымі іх язык не паварочваецца назваць) бацькоў, таму што прадаўжаюць любіць іх, усялякіх, шчырай дзіцячай любоўю.

На жаль, бывае, што бацькі, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі выхаванню дзяцей, на старасці гадоў застаюцца сам на сам са сваімі хваробамі, адзіноцтвам і незапатрабаванасцю. Сацыяльныя збоі ў жыццёвым механізме? На гэтае пытанне нават самыя дасведчаныя сацыёлагі ці псіхолагі толькі паціснуць плячыма.

Маці і бацька атуляюць сваё дзіця бацькоўскай цеплынёю. Дзіця ў адказ аддае сваю цеплыню. Так быць павінна. Гэта натуральны, нармальны, правільны “цеплаабмен”. Яго парушэнне прыводзіць да вялікай трагедыі ў жыцці маленькага чалавека. Ніхто, акрамя бацькоў, не навучыць любіць. Ад бацькоўскай любові бярэ пачатак любоў да сябе, жыцця, людзей, свету.

Люблю. Прабач. Дапамажы. Кажуць, гэтыя тры словы чалавеку вымавіць найскладаней. Ён можа доўга сумнявацца, збірацца з сіламі і духам, нават прадумваць магчымыя варыянты і, нарэшце, адмовіцца-такі іх гаварыць. А хіба гэта няпраўда? Мы не хочам прасіць дапамогі. Мы не ўмеем прасіць прабачэння. Мы не скажам лішні раз “люблю”. І чамусьці з трыма гэтымі невымаўляльнымі словамі нам найцяжэй звяртацца менавіта да сваіх дзяцей. Нам прасцей зрабіць нешта самім, чым папрасіць дапамогі ў дзіцяці. Маўляў, так будзе хутчэй, упусціўшы шанец навучыць сваё дзіця чамусьці новаму і карыснаму. Нам прасцей прымусіць сваё дзіця папрасіць прабачэння, чым прызнаць сваю віну перад ім. Маўляў, дарослы заўсёды мае рацыю. І гаварыць “люблю” патрэбы мы не бачым. Маўляў, дзеля чаго, і так жа зразумела. Усё зробленае і сказанае намі мае адну неаспрэчную ўласцівасць — своечасовасць. Нездарма кажуць: не бывае позна — бывае ўжо непатрэбна.

Не шкадуйце часу для сваіх дзяцей. Не эканомце на добрых словах. Не бойцеся лішні раз (а ён такім ніколі не бывае) сказаць сваім дзецям тыя самыя “люблю, прабач, дапамажы”. А самае галоўнае — будзьце ўдзячны ім за прабачэнне, дапамогу і любоў.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 443 раз Печать