Такое паведамленне данеслася з-за акіяна менш чым праз гадзіну пасля закрыцця выбарчых участкаў у Беларусі. Відаць, добра падпякала “дэмакратаў”, што ледзь фальстарт не выдалі з гучным і яўна загадзя сфармуляваным “фі” ў адносінах да нашых выбараў. Нават сціснуўшы зубы і з апошніх сіл трымаючы за імі язык, не датрывалі да завяршэння падліку галасоў. Далей па загадзя складзеным плане Мэцью Мілер традыцыйна мармытаў за “трыбункай галоснасці” нешта пра незалежныя партыі, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, і палітычных дзеячаў, што знаходзяцца або пад арыштам, або за межамі краіны. І, нарэшце, вынес несуцяшальны вердыкт аб тым, што ўсе гэтыя дзеянні “замарозілі палітычную дзейнасць унутры Беларусі”. Ну і напрыканцы зноў прахныкаў аб набалелай адмове нашай краіны “падглядвальнікам” за выбарамі з АБСЕ.
Усё гэта Мілер гаварыў так пранікнёна, з такім натхненнем і спачувальным выразам твару, што я ледзьве слязу не пусціла ад “жалю” да самой сябе. Гэта ж трэба — столькі гадоў літаральна выжываю ў атмасферы страху перад “дыктатурай”! І ніхто так не разумее мяне, як “чулыя” ЗША. Уся надзея толькі на “іхнюю дэмакратыю”. Цьфу на вас, спадарства, яшчэ раз. Не магу стрымацца, каб не “падзякаваць” Мэцью Мілеру, а за адным махам — і ўсім прадстаўнікам “прагрэсіўнага” свету, якія абавязкова яшчэ не раз ашчаціняцца на “недэмакратычныя” беларускія працэдуры.
Дазволю сабе не быць такой далікатнай, стрыманай і выбіральнай у выразах, як Ігар Карпенка, які ў адказ на прэтэнзіі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША прыгадаў іх мінулыя, “дэмакратычныя” па пошце і з удзелам мёртвых душ, прэзідэнцкія выбары і тактоўна прапанаваў “займацца сваімі ўнутранымі справамі”. Маўляў, тэрытарыяльная перавага не дае права ЗША, што ніяк не кінуць моду быць “сусветным суглядальнікам”, умешвацца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў.
Я ўжо некалі паказвала вялікі беларускі кукіш “кулаку Сораса”. Вось і цяпер карціць мне прышчыкнуць доўгі язык ЗША, ляснуць па доўгім носе іх Дзярждэпа і наступіць на пасінелыя пальцы іх “дэмакратыі”, што дацягваюцца праз акіян са сваёй, сто гадоў нікому не патрэбнай, “дапамогай”! А таму, непаважаны спадар Мэцью Мілер, не стану прасіць у вас прабачэння за тое, што самавольна пераклала ўрыўкі з вашай палымянай прамовы на родную мову. Вам жа ўсё роўна, а мне, вы нават сабе не ўяўляеце, як прыемна па-беларуску шчыра даць вам аплявуху. І ўсё, што я скажу ў адказ на ваш “дэмакратычны вердыкт” у адносінах да “рэжыму Лукашэнкі”, таксама можаце мне не дараваць. Пляваць.
Скажыце, Мэцью, а вы хоць ведаеце, дзе знаходзіцца Беларусь? Сумняваюся. Затое вы праз акіян адчулі “атмасферу страху”, у якой праходзілі нашы “фіктыўныя выбары”. Траціце нюх, “дэмакратычнае” спадарства! Асабіста я адгаласавала датэрмінова не ад страху. Але мне ўсё роўна, верыце вы ў гэта ці не. Па ўсім відаць, вы самыя добра баіцеся нашай “дыктатуры”, раз вам пад носам пахне страхам.
Кажаце, мы адмовілі ў рэгістрацыі нейкім там незалежным партыям? Не залежным ад каго — ад нас ці ад вас? Не дуркуйце. Ужо увесь свет ведае пра вашых партыйных засланцоў, што і сапраўды ні ад каго, акрамя вас, не залежаць. А вы ўсё дэмакратычных дурняў уключаеце. Ці не ўключаеце?..
Сцвярджаеце, што некаторыя нашы “палітычныя дзеячы” пад арыштам ці за мяжой? Гэта вы каго маеце на ўвазе? Тых “выбітных беларусаў” і “лідараў дэмсіл”, што 25 лютага адначасова з нашымі выбарамі недзе там на вашых тэрыторыях “шаталі рэжым” неймаверным па ого-го-колькасці ўдзельнікаў анлайн-марафонам “Абяры Новую Беларусь!”? Не смяшыце вы грамадскасць! Палітыкаў знайшлі! Пашпарты ім “новых беларусаў” лепш выдайце спачатку або іхнія пратэрмінаваныя беларускія прызнайце, каб гэтым “выбіткам” перамен было лягчэй шукаць па свеце. Ды глядзіце, каб да ніткі вас не абабралі, падбіраючы данаты. Смеху варты і гэтыя змагарскія “пярэбары”, і ваша напускная лаяльнасць у адносінах да збеглых палітыканаў.
Шчыра дзякую за нібыта “замарожаную палітычную дзейнасць у Беларусі”. Чаго варта вамі “падагрэтая, распаленая, распечаная” мы цудоўна бачым на прыкладзе іншых, не будзем паказваць пальцамі, ахвяр вашых “дэмакратычных працэдур”. Дарэчы, што вы падразумяваеце пад гэтым выразам? У мяне слова “працэдура” з вашай падачы асацыіруецца, прабачце, выключна з клізмай… Куды б вы ні сунуліся са сваёй “дэмакратыяй” — усё цераз… бокам вылазіць.
Праз два дні пасля адзінага дня галасавання азваўся і садоўнік “квітнеючага саду”. Жазэп Барэль, у адрозненне ад Мілера, дачакаўся-такі падліку галасоў, каб не прызнаць вынікі выбараў у маёй краіне, і падспяваў Мэцью пра “рэпрэсіі, парушэнне правоў чалавека і абмежаванні на ўдзел у палітычным жыцці” ў Беларусі. Затое “атмасферу страху” Барэль не адчуў. Відаць, маштабная пратэставая “асенізацыя”, якую разгарнулі заходнееўрапейскія фермеры на вуліцах сваіх гарадоў, канчаткова забіла яму дых. “Квітнеючы сад”, які апошнім часам атрымлівае неймаверную колькасць угнаенняў, проста “ўзбуяў” водгукамі. Вось і Германія нашых выбараў не прызнала. Ай-яй-яй, і як толькі без нямецкага “гут!” абыдуцца дэпутаты нашых мясцовых Саветаў! Думаю, хутка “зойдуцца ў спачуваннях” і вартаўнікі “квітнеючага саду” на кароткім ланцугу Польшча і Прыбалтыка. Не проста ж так там каторы год паспяхова “гастраліруюць выбітныя артысты” са збеглага з Беларусі за мяжу “палітычнага шапіто”. Ці не яны сталі тымі самымі “надзейнымі крыніцамі інфармацыі з ліку выгнаных апазіцыйных актывістаў” для New York Times, дзятлы клавіятуры якога напісалі несусветную лухту аб “жудасных наступствах” для беларусаў, каторыя не з’явіліся на выбары?..
Ведаеце, Мэцью Мілер, нармальны чалавечы страх перад такімі вось “гастролямі” збеглых клоўнаў, каторых вы называеце “лідарамі дэмсіл”, бадай, і кіраваў беларусамі, што ішлі на выбары 25 лютага. Не “дыктатуры” мы сваёй баімся. Ад “дэмакратыі” нас вашай ванітуе.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.