На сыходзячым тыдні я стала сведкай аднаго з такіх “красамоўных” дыялогаў. На аўтобусным прыпынку ў канцы рабочага дня прывычны натоўп пасажыраў. Кожны чакае свой нумар аўтобуса. На лаўку праселі пажылая і маладая жанчыны, з выгляду — маці і дачка. Каля іх мітусяцца двое дзетак-пагодак:
— Заўтра-пазаўтра ўнукаў з садка пазней забяру… — дзелавіта праінфармавала маці.
— Чаму гэта? — не адрываючыся ад тэлефона, абыякава спытала дачка.
— Галасаваць пайду. Датэрмінова.
— А ў суботу ці нядзелю нельга схадзіць?
— Вядома, нельга. Ты ж мне малых зноў на ўсе выхадныя падкінеш… Тады мне цяжэй будзе.
— Ой, а яно табе патрэбна, тое галасаванне? Без цябе абыдуцца.
— Не абыдуцца. Я на ўсе выбары хаджу. І табе раю.
— Ага. Быццам, ад мяне што залежыць.
— Вядома, не залежыць. Астацца адной з двума дзецьмі ад цябе ж таксама не залежала…
— Ой, мама, не пачынай… Прычым тут гэта?
— Прытым. Вам, маладым, як заўсёды. Спачатку ўсё “па барабану”, а пасля “ў бубен” прылятае… Шкада толькі, не вучыць нічаму…
От, гэтыя мамы! Усялякую размову так павернуць, што любое асабіста перажытае і набалелае з грамадска-палітычным звяжуць!
Мне, вядома, было няёмка, што стала выпадковай сведкай размовы маці і дачкі, якая нечакана з агульнага перацякла ў прыватнае. Але хутка падышоў аўтобус. Жанчыны, падхапіўшы клункі і дзяцей, заспяшаліся заняць месцы ў транспарце. Ці прадоўжылася іх грамадска-палітычнае супрацьстаянне на глебе асабістага, не вядома. А ў мяне па дарозе дадому ў галаве бясконца “гралі” тыя самыя “барабан” і “бубен”. Гэта ж трэба так востра падмеціць пра абыякавасць і адказнасць! І не пагадзіцца з гэтым дасціпным “музычным” параўнаннем проста немагчыма.
Вось такая яна — адвечная праблема. Бацькоў, якія хочуць для сваіх дзяцей самага лепшага, і дзяцей, якія ўсё жыццё імкнуцца выйсці з-пад бацькоўскай апекі. У кожнага “дзіцяці” — свой узрост, з якім прыходзяць разуменне — што маці з бацькам, пражыўшы жыццё, часцей за ўсё маюць рацыю, удзячнасць — за мудрасць іх жыццёвых парад, і бясконцае шчасце — ад таго, што яны, як сапраўдныя анёлы-заступнікі, заўсёды побач і гатовыя прыйсці на дапамогу.
Калі ў дзяцей не складваецца, разумныя, разважлівыя бацькі ва ўсіх “бедах” свайго сына ці дачкі не спяшаюцца абвінавачваць прэзідэнта, дзяржаву, сістэму, увесь свет. Маўляў, прычыны трэба спярша шукаць у сабе. У тым, што зрабіў, ці наадварот, чаго зрабіць не здолеў. Нам жа, дзецям, падчас лягчэй ускласці асабістую адказнасць за свае ўчынкі ці бяздзейснасць на каго-небудзь…
Для таго, каб нешта не зрабіць, мы паспяхова знаходзім мноства прычын. І ўсе яны — важныя, важкія, слушныя, уважлівыя. Праўду кажуць: хто хоча — шукае магчымасці, хто не хоча — знахозіць прычыны. “Канапным філосафам”, што бяздзейнічаюць з думкаю “ад мяне нічога не залежыць”, напэўна, лягчэй жывецца ад тых, хто імкнецца змяніць да лепшага не толькі сваё жыццё, але і акружаючы свет. Але ж усё жыццё адмахвацца ад таго, што зрабіць павінен, проста немагчыма.
Ведаеце, якое самае страшнае чалавечае пачуццё? Абыякавасць. І чамусьці менавіта яе мы найчасцей блытаем з беларускімі разважлівасцю, цярплівасцю, памяркоўнасцю і талерантнасцю. Але гэтыя адметныя рысы нашага нацыянальнага характару з абыякавасцю нічога агульнага не маюць.
Ведаеце, якое самае складанае з чалавечых пачуццяў? Адказнасць. Асабістая. За сябе, за сваё жыццё, за свае ўчынкі. А яшчэ — за тых, да каго неабыякавы. І не трэба блытаць яе з трывожнасцю, надумнасцю, баязлівасцю. Гэтыя рысы з беларускай нацыянальнай адказнасцю нічога агульнага не маюць.
Вядома, усе мы розныя. І ў кожнага з нас свой “барабан” абыякавасці і “бубен” адказнасці, у якія нам у пэўных жыццёвых абставінах даводзіцца “біць”. Мы самі выбіраем аблягчаць сабе жыццё абыякавасцю ці ўскладняць яго адказнасцю. Але, згадзіцеся, беларусам ніколі не было, не бывае і не будзе “па барабану” настолькі, што пасля прылятае “ў бубен”!
Думаю, пра гэта варта падумаць усім суайчыннікам, хто вагаецца ісці на датэрміновае галасаванне і ўсё яшчэ раздумвае, ці наогул варта выканаць свой грамадзянскі абавязак у адзіны дзень галасавання. Прынцыпы “пасля мяне — хоць патоп” або “трава не расці” — гэта не пра нас, паважаныя беларусы. Перамагайце абыякавасць у сабе. Будзьце прыкладам адказнасці для сваіх дзяцей.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.