У склад конкурснага журы ўвайшлі знакамітыя дзеячы культуры на чале з народным артыстам Рэспублікі Беларусь Анатолем Ярмоленка. 12 ліпеня адбыліся першыя здымкі тэлепраекта, а днямі ў эфір выйшаў фінальны выпуск, у якім было названа імя пераможцы. Народны ансамбль “Сваякі” Дома культуры аграгарадка Юбілейны атрымаў суперпрыз праекта — сертыфікат на адпачынак у санаторыі “Нарачанка”, а таксама дыплом у намінацыі “Лепшы сямейны музей”.
Народны ансамбль “Сваякі” існуе ўжо 37 год, і за гэты час яго склад амаль не змяніўся. Кіраўніком калектыва з’яўляецца Марыя Эдуардаўна Бачынская. Яна і ўсе артысты — прадстаўнікі адной вялікай сям’і. Іван Аляксандравіч Бачынскі — муж Марыі Эдуардаўны, Дзмітрый Іванавіч Бачынскі — іх сын. Лілія Эдуардаўна Мароз — родная сястра, Алена Станіславаўна Навіцкая — траюрадная сястра, Томаш Іванавіч Карнацэвіч — траюрадны брат, Таццяна Валяр’янаўна Карнацэвіч — яго жонка. Люся Іосіфаўна Карнацэвіч — жонка другога траюраднага брата, Тамара Іванаўна Нядзвецкая — жонка дзядзькі, Алеся Тадэушаўна Чурак — пляменніца. Усе яны звязаны не толькі роднаснымі сувязямі, але і вялікай любоўю да беларускай песні, да народных традыцый, якія з павагай захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Таму, калі ў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ваўкавыскага райвыканкама прыйшла прапанова прыняць удзел у новым фальклорным тэлепраекце, “Сваякі” былі абраны невыпадкова.
— Гэта вялікі гонар і вялікая адказнасць для нас, — расказвае кіраўнік ансамбля. — Мы некалькі дзён думалі, узважвалі свае магчымасці, хваляваліся. І вырашылі, што нам ёсць што сказаць, што паказаць — значыць, трэба згаджацца.
Кожны этап конкурса быў адказны і па-свойму складаны. Для першай перадачы з удзелам “Сваякоў” здымачная група прыехала ў Ваўкавыскі раён. “Сваякі” расказвалі пра сваю сям’ю, пра гісторыю свайго калектыва. Здымкі праходзілі спачатку дома ў Бачынскіх, а затым — у Доме культуры аграгарадка Юбілейны, дзе ўсім асабліва спадабаўся музей “Матчына хата”, створаны ўдзельнікамі ансамбля.
Пасля гэтага этапа “Сваякі” атрымалі запрашэнне яшчэ на адзін тэлепраект — “Беларуская кухня”. На гэты раз здымкі праходзілі ў бацькоўскай хаце Марыі Бачынскай у Маісеевічах. Марыя Эдуардаўна гатавала кішку і банды на дубовым лісці, а Алена Навіцкая — ляшча ў гарчыцы.
Самым складаным быў другі этап конкурса, падчас якога “Сваякі” сышліся ў непасрэдным спаборніцтве з канкурэнтамі. Кожнаму калектыву трэба было скласці і заспяваць прыпеўкі пра праграму, выканаць любімую сямейную і жартоўную песні, а таксама песню канкурэнтаў.
— Мы вельмі хваляваліся, бо было не так многа часу на падрыхтоўку, — узгадваюць удзельнікі калектыва. — Тым больш, что жывем мы ў розных населеных пунктах, усе працуем, і збірацца на рэпетыцыі было складана. Прыходзілася нават па тэлефоне рэпеціраваць, словы песні вучыць.
Яскравыя ўражанні засталіся ў “Сваякоў” і пасля трэцяга этапа тэлешоў — майстар-класа, які правёў для калектыва старшыня журы Анатоль Ярмоленка. Пасля шматлікіх конкурсаў і выпрабаванняў у фінал праекта выйшлі шэсць сямейных калектываў.
— Перамога ў гэтым конкурсе, безумоўна, мае для нас вялікае значэнне. Нам вельмі прыемна, што наш калектыў высока ацанілі журы і гледачы. Але каб нават і не атрымалася перамагчы, ужо сам удзел у праекце быў для нас цікавым вопытам. Мы пазнаёміліся з цікавымі людзьмі, з іх творчасцю, перанялі вопыт, які будзе для нас вельмі карысным у далейшым.
“Сваякі” не збіраюцца спачываць на лаўрах. На “Еўрабачанне”, як “Бурановские бабушки”, не замахваюцца, але і без яго ў калектыва вялікая канцэртная дзейнасць. Ансамбль часта выступае ў розных кутках краіны і за яе межамі. Але больш за ўсё “Сваякі” любяць спяваць для сваіх землякоў, для хлебаробаў у полі і даярак на фермах. Зараз калектыў рыхтуецца да вялікага канцэрта, прысвечанага жаночаму дню, які адбудзецца 7 сакавіка. Гэта будзе святочны падарунак, зроблены, як заўсёды, ад усёй душы і з вялікай любоўю.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.