Адраджаецца беларуская батлейка - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 26 Января 2016 00:00

Адраджаецца беларуская батлейка

Мне пашчасціла пабываць ў Мінску ў адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра, дзе адбыўся ІІ Міжнародны раждзественскі фестываль батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”.

 

Тут сустрэліся тэатральныя калектывы з розных краін. Арганізатары “Нябёсаў” паставілі мэтай  адраджэнне і развіццё ў ХХІ стагоддзі беларускай традыцыйнай батлейкі і мастацтва тэатра лялек. Нагадаю, што слова “батлейка” паходзіць з польскай мовы (ад Betleem — назва г. Віфлеема,  месца нараджэння Хрыста. І, дарэчы, сам беларускі народны лялечны тэатр вядомы нам з ХVІ, а польскі з ХV стагоддзяў.

Батлейку часцей за ўсё паказвалі на Раство, аднак прадстаўленні нярэдка даваліся і ў час кірмашоў, якіх раней было проста безліч на Беларусі. Батлейшчыкаў запрашалі і паны ў свой маёнтак, каб парадаваць дарагіх гасцей.

Цікава, што ў розных вёсках Беларусі батлейка мела іншыя назвы: яселка, батляемка, остлейка, жлоб, вяртэп, шопка. Для паказаў батлейкі з дрэва рабілі скрынкі розных памераў, звычайна ў выглядзе хаткі.

Кожная сцэна-ярус мела проразі для ваджэння лялек. Былі тут і ўпрыгажэнні: зоркі, крыжы, нават кампазіцыі на біблейскі сюжэт. Скрынка зачынялася дзверцамі.

Самі лялькі-персанажы рабіліся з дрэва, каляровай паперы, тканіны. Валасы, вусы і бровы ўдзельнікаў — з лёну ці аўчыны. Лялькі мацаваліся на драўляны ці металічны шпень, пры дапамозе якога батлеечнік вадзіў іх па праразях. Іншыя майстры выраблялі лялькі-марыянеткі на нітках з верхнім прынцыпам ваджэння ці нават пальчатачныя лялькі. Лялькі маглі быць нават без рук і ног, дастаткова было вачэй, валос і барады. І, канешне ж, батлеечніку трэба было быць таленавітым акцёрам-самародкам, гаварыць тэкст, па-майстэрску падрабляючы галасы персанажаў.

Рэпертуар батлейкі звычайна складаўся з дзвюх частак: кананічнай (рэлігійнай) і свецкай (народна-бытавой). На верхнім ярусе-сцэне адбываўся кананічны, а на ніжнім — свецкі сюжэт.

 Часам спектакль ішоў у суправаджэнні цэлага ансамбля, дзе былі скрыпка, цымбалы, бубен і гармонік. Жылі многія спектаклі доўга, іх выконвалі многа разоў. І ўсюды батлеечнікаў сустракалі як дарагіх гасцей. Асабліва радаваліся маленькія гледачы. Адметна, што раней у Беларусі ў кожным гарадку быў свой батлейшчык, а то і некалькі акцёраў, прычым за сваю дзейнасць яны атрымлівалі неблагія грошы. Некаторыя ж батлеечнікі падарожнічалі па ўсёй Беларусі.

Наша айчынная культура зазнала і жывую батлейку, дзе сцэны выконваліся жывымі акцёрамі.

Напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя батлейка зноў пачала адраджацца. Батлейку сталі паказваць у многіх гарадах і вёсках БССР, у школах краіны.

Ініцыятарам і духоўным настаўнікам Першага раждзественскага праваслаўнага  фестывалю ў Свята-Елісавецінскім манастыры стала сястра міласэрнасці Людміла Ждановіч, якой, на жаль, ужо няма побач з намі: яе палымяная душа ўзляцела у Нябёсы.

Вельмі добра, што ў фестывалі “Нябёсы” бяруць удзел калектывы з усіх абласцей Беларусі. Сучасную батлейку, як і стагоддзі назад, здольны паказаць адзін чалавек, але выступаюць калектывы, дзе налічваецца ўдзельнікаў ажно да дванаццаці чалавек.

І як добра, што ў перыяд раждзественскіх святаў у ХХІ стагоддзі ў гарадах і вёсачках Беларусі зноў і зноў адбываюцца прадстаўленні батлейкі, якая ўяўляе сабой адну з самых цікавых і самабытных старонак у гісторыі айчыннага народнага мастацтва. Душа радуецца, калі бачыш батлейку ў многіх музеях нашай Бацькаўшчыны. Але беларуская батлейка здолела выйсці па-за межы музеяў, увайшла ў нашы хаты, установы культуры, культавыя месцы. 

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3902 раз Печать