Першая настаўніца - Тамара Максімаўна Міклашэвіч - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 04 Октября 2020 10:53

Першая настаўніца - Тамара Максімаўна Міклашэвіч

Многія лічаць, што паспяховасць вучняў не толькі ў пачатковых класах, але і ў далейшыя школьныя гады ў значнай ступені залежыць ад асобы першага настаўніка. Амаль для кожнага школьніка першая настаўніца застаецца дарагім чалавекам на ўсё жыццё. Сяргей Грахоўскі і Яўген Ксяневіч напісалі песню-прысвячэнне “Першая настаўніца”. У ёй ёсць такія радкі:

Я не забуду ніколі сшыткі, пеналы, буквар, Першыя радасці ў школе, першай настаўніцы твар. Я не забуду ніколі рукі яе, што вялі Нас, як па роднаму полю, па неабсяжнай зямлі.

Менавіта вучні Тамары Максімаўны Міклашэвіч звярнуліся да мяне з просьбай аб напісанні артыкула аб іх першай настаўніцы. Пазнаёміўшыся з ёю, я зразумела іх: зносіны з такім чалавекам ніколі і нікога не пакінуць абыякавым.

Мой маршрут ляжаў да вёскі Манчэлі. Мне сорамна, але, жывучы столькі гадоў на Ваўкавышчыне, я ніводнага разу не чула нават назву гэтай вёскі. Заглянула ў кнігу “Памяць”. Адзначана, што вёска вядома з 18 стагоддзя. У 1796 годзе належала Адаму Ельскаму. У 2004 годзе ў вёсцы пражывалі 16 жыхароў. Пацікавілася ў Субацкім сельскім Савеце. Аказваецца, дадзены населены пункт зараз налічвае 12 двароў, а пастаянна пражываюць там толькі тры жыхары.

Манчэлі сустрэлі цішынёй і спакоем. Вузкая вясковая вуліца з бруку быццам вяла ў мінулае. А на лавачцы ў двары патрэбнай мне хаты па-сяброўску гутарылі дзве кабеты.

Я адразу здагадалася, хто з жанчын Тамара Максімаўна. Сапраўдная настаўніца! Нягледзячы на ўзрост, вы­дзяляецца інтэлігентнасцю і ахайнасцю, выклікае павагу і давер. І размова з першых слоў прывітання і знаёмства заладзілася.

Няпросты лёс чакаў дзяўчынку, якая з’явілася на свет у сакавіку 1935 года на Магілёўшчыне. Бацькі былі калгаснікамі. Маці руская па нацыянальнасці, бацька — беларус. Са свайго дзяцінства Тамара Канахоўская помніць, як пешшу хадзілі на Смаленшчыну па мыла і запалкі. Помніць пачатак вайны: яны з сяброўкай гулялі, і раптам наляцелі нямецкія самалёты, пачалі бамбіць вёску, мост праз раку. Бацька пайшоў на фронт і загінуў. Старэйшую сястру сагналі ў Германію. Жудасныя ўспаміны.

Пасля вайны жылося вельмі бедна, голадна і цяжка. Асабліва калі ва ўзросце 13 гадкоў засталася круглай сіратой — памерла мама. Выжыць дапамагалі суседзі. І нават калі паступіла вучыцца ў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум і жыла толькі на стыпендыю, то на канікулы прыязджала ў родную хату і заўжды адчувала падтрымку чулых суседзяў.

Чаму менавіта педагагічны тэхнікум і выбар прафесіі настаўніцы пачатковых класаў? Бо, як толькі навучылася Тамарка чытаць, стала марыць аб тым, каб вучыць гэтаму дзяцей. І не толькі марыла. Вучыла чытаць суседскіх дзяцей, калі тыя пайшлі ў школу. Чытала ім кнігі ўслых. Добра помніць, як палюбілася ёй кніга пра Гулю Каралёву (я думаю, што гэта кніга “Четвертая высота” Алены Ільіной). Кнігалюбам Тамара Максімаўна застаецца па сённяшні дзень. А яшчэ і таму ў педагогі падалася, што добрую памяць у сэрцы дзяўчынкі пакінула першая настаўніца — Вера Канстанцінаўна. Толькі шкадуе былая вучаніца аб тым, што ў свой час не выслала сваёй настаўніцы паштоўку са словамі падзякі “за веліч яе душы”.

А вось размеркаванне пасля заканчэння тэхнікума ў 1954 годзе атрымала ў Заходнюю Беларусь у Ваўкавыскі раён. Прыехалі разам з сяброўкай. Тамару накіравалі ў Дыхнавіцкую школу, а сяброўку ў Субачы. Але так сталася, што праз два з паловай гады вызвалілася месца ў Субацкай пачатковай школе, і сяброўкі сталі працаваць і жыць разам.

У Субачах у той час у адным будынку знаходзіліся школа, кантора, сельскі Савет, жылыя пакоі і кватэра. У адным з пакояў і жылі маладыя настаўніцы. Працавалі ў дзве змены, класы былі спараныя: першы і трэці, другі і чацвёрты.

З будучым мужам пазнаёміліся ў Субацкім клубе на танцах і закахаліся. А ў 1960 годзе зарэгістравалі шлюб. І вось ужо 60 гадоў жыве Тамара Максімаўна ў вёсцы з прыгожай назвай Манчэлі. Многа гадоў жыла са свёкрамі ў павазе і згодзе.

Са сваім любым Міцем (так звала яна свайго мужа Мечыслава) нарадзілі і выгадавалі дваіх дзетак — Валодзю і Галіну. Сын стаў ваенным і жыў у Ленінградзе, дачка — фармацэўтам і жыве ў Ваўкавыску. Падарылі дзеці сваім бацькам траіх унукаў. Адзін з іх жыве ў Мінску, а двое — у Санкт-Пецярбургу. А потым на свет з’явіліся і дзве праўнучкі.

Даўно ўжо на “тым свеце” муж, маладым памёр і сын. З чатырох сясцёр дзвюх ужо не стала, а малодшая жыве ў Балгарыі і апошнім часам зносіны маюць толькі па тэлефоне. Ды і Тамару Максімаўну здароўе часам падводзіць. Таму ў родных Манчэлях праводзіць толькі лета, а восенню перабіраецца ў горад да дачкі.

Паказвае мне школьныя фотаздымкі і з любоўю расказвае пра сваіх вучняў: “Гэта Толік Місько і Віця Мароз з Субачаў, гэта хлопцы Барысевічы з хутара — вельмі добра вучыліся. А вось двайняты Жаваранкі — Святланка спраўна сачыла за братам Вячаславам. А гэта Галіна Фадзееўна. Чаму Фадзееўна, пытаецеся? Бо педагогам стала таленавітым і паважаным, на заслужаным адпачынку зараз ужо. Ведаеце, калі хтосьці з маіх вучняў праязджае праз вёску — абавязкова спыняцца, пагутараць і словы ўдзячнасці скажуць. Я нават не адразу пазнаю іх. І хоць вучоба не ўсім лёгка давалася, але выраслі яны добрымі людзьмі!”

А я слухаю і думаю аб тым, як пашанцавала былым вучням Тамары Максімаўны. Яе ўзнагароды сведчаць аб тым, што была яна выдатным і паважаным педагогам, з актыўнай грама­дзянскай пазіцыяй. Хаця сама вельмі шкадуе, што ў свой час не скончыла інстытут з-за сваёй закамплексаванасці: баялася на ўступных экзаменах паказаць “некампетэнтнасць у некаторых пытаннях”, а гэта лічыла сорамам для настаўніка.

Зараз ветэран педагагічнай працы па-ранейшаму любіць чытаць, асабліва перачытваць упадабаныя раней творы. Нядаўна перачытала М. Шолахава “Поднятую целину”, зараз чытае пра Аляксандра Неўскага. Чытае і здзіўляецца: як гісторыя і падзеі паўтараюцца! Чаму людзі гэтага не бачаць і не вучацца на чужых памылках, не бачаць, як “чужынцы імкнуцца пасеяць разлад у нашым грамадстве”. Тамара Максімаўна заўжды ганарылася і ганарыцца сваёй краінай: свабоднай, мірнай і незалежнай. А напярэдадні Дня настаўніка пажадала калегам: “Сябры мае! Жадаю мець цярпенне і вялікае жаданне вучыць дзяцей, выхоўваць іх сапраўднымі патрыётамі. Бо быць настаўнікам — ганарова, і няхай так застаецца заўсёды. Няхай пры сустрэчы з вамі і праз гады былыя вучні з павагай схіляюць галаву”.

Сваёй першай настаўніцы словы прысвячаюць не толькі вядомыя паэты і кампазітары. Алена Рэйкіна, тая самая Галіна Фадзееўна, напісала для Тамары Максімаўны Міклашэвіч верш “Маёй настаўніцы”. Я прывяду яго часткова:

Сёння ўзрост вам зусім не памеха,
Вы з гадамі яшчэ прыгажэй.
Валасы вашы, русыя косы
З кожным годам бялей і бялей.

Вам здароўя жадаю я моцнага!
Жыць у спакоі, не меўшы турбот.
І каб свята сваё сустракалі
На парозе яшчэ многа год!

Звярнулася я яшчэ да адной вучаніцы Тамары Максімаўны — Святланы Карабач (Жаваранак), каб яна расказала пра сваю першую настаўніцу. Яна выслала на мой электронны адрас ліст. Прывяду вытрымкі з яго: “Тамара Максімаўна добрая, ласкавая, працавітая, патрабавальная і самая лепшая настаўніца на свеце. Я ўспамінаю, як мы спявалі песню “Наш край”. А потым разам з настаўніцай пасадзілі кожны “сваю бярозку” — алею каля школы. І цяпер, бываючы ў вёсцы, я бачу, як мая бярозка расце ўверх, цягнецца да сонца, а ёй ужо больш за 50 гадоў! Тамара Максімаўна “шліфавала” з нас будучых сапраўдных грамадзян, якія будуць заўжды любіць сваю Радзіму і будуць ёй адданыя. Дзякую Вам, Настаўнік!”

Што яшчэ можна дабавіць? Дай Бог кожнаму настаўніку такой удзячнасці ад сваіх вучняў! Са святам вас, дарагія калегі!

Таццяна ГАЗІЗАВА

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1225 раз Печать