Рубрыка “Слова пра мову”. Закраса - акраса, веснавая - вясенняя, замінаць - мінаць. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 05 Марта 2023 17:14

Рубрыка “Слова пра мову”. Закраса - акраса, веснавая - вясенняя, замінаць - мінаць. Адчуй розніцу!

Люты ваду пусціць, а сакавік падбярэ. Яшчэ кажуць, сакавік часамі снегам вее, а бывае — сонцам грэе. Вось толькі давяраць лагоднасці першага веснавога месяца непрадбачліва. Бо, здараецца, марац кусае за палец.

Абліваха (ці абліванне? ці залева?) у сакавіку зусім не дзіва. Цеплыня і мароз, сонца і дождж — як сапраўдная закраса (ці акраса?) да першай і, бадай, самай сакавітай веснавой (ці вясенняй?) стравы. Няхай толькі зіма замінаць (ці мінаць?) пакіне — вясна дужэць (ці дужацца?) пачне і паўнапраўна ў сілы ўбірацца.

 

Адчуй розніцу

Абліваха (рус. гололедица, гололёд). Разм. Зімовы дождж, які ледзяной коркай замярзае на зямлі, дрэвах; галалёд. Абліваха можа нашкодзіць будучаму ўраджаю.

Абліванне (рус. обливание) 1. Дзеянне паводле дзеяслова абліваць, аблівацца. 2. Водныя працэдуры. Абліванне цёплай, а пасля прахалоднай вадой карысна для здароўя.

Залева (рус. ливень). Заліўны дождж, лівень. Трава, абмытая залеваю, быццам аджыла і страпянулася.

 

Закраса (рус. приправа, заправка). Тое, што дадаюць у ежу для лепшага смаку, паху; прыправа. Чорны перац ды каляндра — адмысловая закраса для любой стравы.

Акраса (рус. украшение). 1. Аздоба, якая ўпрыгожвае, надае прыемны выгляд. Вышыванка — своеасаблівая акраса нацыянальнага адзення. 2. Скорам, тлушч, якім запраўляюць страву; закраса (рус. жір).

 

Веснавая (рус. весенняя, уст. вешняя). Якая мае адносіны да вясны. Веснавою парою не чакай спакою.

Вясенняя (рус весенняя, уст. вешняя). Тое што і веснавая. Першая вясенняя цеплыня дужа падманлівая.

 

Замінаць (рус. мешать, быть помехой, обузой). Перашкаджаць, быць перашкодай. Дзеці заміналі у хаце, таму збеглі на двор.

Мінаць (рус. проезжать, проходить стороной, миновать) 1. Прайсці. Праехаць, пакінуўшы ззаду, збоку. Едучы па вёсцы, мінулі хату старшыні. 2. Перан. Не кранаць (рус. обходить). Няхай мінае вас бяда. 3. Закончвацца, праходзіць (рус. проходить, истекать). Міналі дні, сыходзілі гады.

 

Дужэць (рус. крепнуть, набираться сил, становиться сильнее). Разм. Мацнець, узмацняцца, станавіцца дужэйшым, набірацца сіл. З кожным днём хлапец дужэў.

Дужацца (рус. бороться, меряться силой). Разм. Мерацца сілай. На ўзгорку дужаліся асілкі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 466 раз Печать