Селета ён праходзіць пад дэвізам “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну”. Адборачны этап у школах ужо завяршыўся, да канца красавіка пераможцаў назавуць у раёнах. А ў маі абласныя цэнтры вызначаць тых, хто жывую класіку — творы беларускіх літаратараў — прыедзе чытаць у Полацк, дзе будзе праходзіць Дзень беларускага пісьменства. Упершыню гэты конкурс, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігавыдання, пройдзе на такім высокім узроўні.
Прыняць удзел у маштабным творчым спаборніцтве змогуць вучні як начальных, так і старэйшых класаў. Яго арганізатары, а за-снавальнікамі конкурса з’яўляюцца Міністэрствы інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь, ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”, ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, лічаць, што “Жывая класіка” павінна стаць добрай традыцыяй, якая можа ўзмацніць цікавасць да роднага слова. Яшчэ адна мэта конкурса — выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры.
Падобныя мерапрыемствы — гэта яшчэ і даніна павагі продкам, якія стваралі падмурак нашаму пісьменству, адукацыі, культуры. Гэта свята жывога слова, якое аб’ядноўвае дзяцей і моладзь.
Журы, у склад якога, дарэчы, увойдуць вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, настаўнікі, бібліятэкары, пісьменнікі, будзе ацэньваць глыбіню пранікнення ў вобраз і сэнс твора, артыстызм выканаўцы. Усе, хто атрымае найвышэйшы бал, сустрэнуцца ў культурнай сталіцы Беларусі на пачатку верасня. Сам удзел у Дні беларускай пісьменнасці — ужо пашана. Чакаюць лаурэатаў і каштоўныя прызы ад арганізатараў. Галоўны з іх — пуцёўкі ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубронак”.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.