Именно белорусы наиболее полно сохранили традиции празднования Купалья в их первоначальном виде - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Понедельник, 04 Июля 2022 13:29

Именно белорусы наиболее полно сохранили традиции празднования Купалья в их первоначальном виде

Купалле заўсёды было абрадавай урачыстасцю, прысвечанай найвышэйшаму росквіту сіл прыроды і росту новага ўраджаю.

Купалле, або Іван Купала — старажытнае свята. Адзначалі яго не толькі славяне, але і балты, і некаторыя іншыя народы. Аднак лічыцца, што да сённяшняга часу менавіта беларусы найбольш поўна захавалі традыцыі гэтага свята ў яго першапачатковым выглядзе.

У народзе Купалле называлі Купава, Купалка, Купалачка, Купайла, Купалейка, Купаліначка, Ян. У даўнія часы яго адзначалі на трэці дзень пасля летняга сонцастаяння (20—21 чэрвеня). Па царкоўным паданні, менавіта ў гэты час нарадзіўся Іаан Прадцеча (Хрысціцель). Па новым стылі свята адзначаецца 7 ліпеня.

На Купалле плялі вянкі, збіралі лекавыя расліны. Быў і звычай катаць вакол вёскі запаленае кола. Лічылася, што дзякуючы яму і карагодам сонца надае жыватворную сілу (цяпло, ежу, працяг роду) і будзе ўвесь год міла­сцівым да чалавека.

Святкавалі Купалле ў лесе, на паляне, беразе вадаёма. Казалі, што ў гэты час адбываецца зліццё вады і агню. Абавязковым было купанне ў рэках і азёрах — нашы продкі верылі, што вада ў гэты час можа ачысціць не толькі цела, але і душу. Такія ж уласцівасці надаваліся і агню. Каб прайсці свое­асаблівае ачышчэнне, моладзь скакала праз вогнішча. Аднак у старажытныя часы рабіць гэта дазвалялася толькі парамі — каб агонь дапамог стварэнню маладых сем’яў. Лічылася, што ў купальскую ноч усе ўдзельнічаюць у нябесным вяселлі. А «зямныя» вяселлі звычайна адбываліся пасля збору ўраджаю ці зімой. Пазней праз вогнішча сталі скакаць усе, хто жадаў.

Кульмінацыя свята наступала ноччу. Паўсюль палілі вогнішчы і вадзілі вакол іх карагоды, танцавалі. Моладзь гуляла, весялілася. Адна вёска магла выклікаць суседнюю на спаборніцтва — хто каго пераспявае. А яшчэ ў вогнішча кідалі старыя прадметы, суправаджая замовамі: «Зара­дзі жыта», «Зарадзі лён». Дарэчы, з мэтай абароны ўраджаю ад вядзьмарак і ведзьмакоў у жыта кідалі галавешку з купальскага вогнішча.

Чароўны сэнс надавалі святу пошукі папараць-кветкі. Вядома, што гэта расліна не цвіце, аднак па павер’ях, менавіта ў купальскую ноч яна выпускала агністыя пялёсткі. І той, хто зной­дзе дзіўную кветку, мог разлічваць, што яму адкрыюцца ўсе зямныя скарбы, а моц дрэў і раслін будзе сілкаваць увесь год. Адшукаць папараць-кветку дапамагаў Купальскі дзядок — міфалагічны персанаж у белай кашулі са срэбным поясам.

НАРОДНЫЯ ПРЫМЕТЫ

♦ Зорнае неба ў ноч на Івана Купалу — да ўраджаю грыбоў.

♦ На Купалле раніцай выпала вялікая раса — будзе шмат агуркоў.

ТРАДЫЦЫІ

На Купалле, як і на Каляды, гадалі на су­джанага. Галоўным прадказальнікам будучага быў вянок, сплецены з палявых раслін і кветак. Лічылася, калі вянок адразу патоне ў вадзе, значыць, каханне будучага не мае, а калі прыб’ецца да берага — хутка можна чакаць прапанову рукі і сэрца.

sb.by

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 543 раз Печать