Кожны год 7 ліпеня на месцы вогненнай вёскі, у мемарыяльным комплексе “Шавулічы”, праходзіць мітынг-рэквіем. Людзі прыязджаюць сюды па воклічу сэрцаў, нярэдка цэлымі сем’ямі з маленькімі дзецьмі, і не толькі з Ваўкавыска і наваколляў, але і з іншых рэгіёнаў. Прысутнічаюць на мітынгу кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў і сілавых структур, ветэраны, вучнёўская і працоўная моладзь — карацей кажучы, усе неабыякавыя да гістарычнай памяці людзі. А іх штогод нямала, і гэта выклікае вялікую павагу. Штогод у гэты дзень вёска ажывае, нібыта ізноў перажывае свае лепшыя, даваенныя часы. На бруку цэнтральнай вуліцы чуюцца крокі і людская гамонка, і вялізная старая таполя, якая памятае яшчэ тыя часы і з’яўляецца маўклівай сведкай шавуліцкай трагедыі, радуецца: хаця б на адзін дзень, хаця б на некалькі гадзін у родную вёску вярнулася жыццё…
Сёлета, дзякуючы намаганням калектыва Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і яго філіялаў, выявы з мірнага даваеннага жыцця вёскі можна было назіраць наяве пры дэманстрацыі жывых карцін. Людзі ў народнай беларускай вопратцы займаліся сваімі спрадвечнымі сялянскімі справамі: гатавалі ежу, гойдалі немаўлятак, перабіралі бульбу, пралі бялізну, касілі сена, кавалі гаспадарчыя прылады… Усё, як восемдзясят гадоў таму. Восемдзясят гадоў плюс адзін дзень — той самы, які стаў чорным для Шавулічаў. На цэнтральную вуліцу былой вёскі, дзе дэманстраваліся жывыя карціны, усіх прысутных запрасілі яшчэ да мітынгу.
Настаяцель храма Благавешчання Прасвятой Багародзіцы протаіерэй Дзмітрый Бялоцкі заклікаў усіх да малітвы за душы бязвінна загінулых мірных жыхароў вёскі. А пасля гісторыю шавуліцкай трагедыі — з экскурсам у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны — расказалі і паказалі артысты. Гэта ўражвала, а магчыма, момантамі было нават жорстка — аднак гэта восем дзясяткаў гадоў таму было на самой справе, і гэта будзе карысна ведаць і бачыць маладому пакаленню. Таму, што менавіта гэта пакаленне будзе ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі адказным за мір у краіне, на кантыненце, у свеце…
— У сэрцы кожнага беларуса павінна застацца памяць аб тых жахлівых злачынствах. Мы, маладое пакаленне, павінны ведаць цану міру і свабодзе. Гісторыя — мудры настаўнік. Яна не жорсткая сама па сабе, як не можа быць жорсткай памяць. Такія часам бываюць людзі, якія прысвойваюць сабе права чыніць суд над іншымі, караць смерцю або мілаваць. І пакуль на зямлі ёсць такія людзі, мы будзем жыць ва ўмовах страшнай пагрозы, бо праявіцца гэтыя жудасныя якасці могуць не толькі ў форме ваенных дзеянняў і стварэнні гета, але і ў жаданні памяняць ход гісторыі. Мы верым у мудрых людзей, у іх жаданне захаваць мір, у якім жывуць свабодныя людзі. І гэту мудрасць мы бярэм з гісторыі, якая не дае забываць. Хай назаўжды ў нашых сэрцах, у нашых душах застанецца памяць аб закатаваных, забітых нявінных людзях, аб дзецях, якія, ледзь пачаўшы жыць, загінулі ад рук нацысцкіх катаў, — сказалі ў сваёй прамове прадстаўнікі моладзі, а затым запусцілі ў неба белых галубоў у знак пажадання міру, шчасця і свабоды.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка мірным ахвярам шавуліцкай трагедыі. А потым усе жадаючыя маглі наведаць новы аб’ект мемарыяльнага комплексу “Шавулічы” — скульптурную выяву ангела, якая з’явілася на тым самым месцы, дзе восемдзясят гадоў таму загінулі шавуліцкія жанчыны і дзеці, каля былога падмурка школы. Скульптура была перададзена ў мемарыяльны комплекс дзякуючы намаганням прадпрымальніка з Ліды Аляксандра Адамушкі і яго сяброў пры падтрымцы Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэя Худыка, які некалі працаваў у нашым раёне.
* * *
Сярод удзельнікаў мітынгу-рэквіему было нямала гасцей з Гродна. У іх ліку былі людзі, якія маюць непасрэднае дачыненне да мемарыяльнага комплексу “Шавулічы”. Яны падзяліліся з намі сваімі думкамі.
Ігнацій ЯРАШЭВІЧ, у мінулым старшы следчы па асабліва важных справах Гродзенскага абласнога ўпраўлення КДБ БССР:
— З 1972 года я ўдзельнічаў у расследаванні крымінальнай справы аб 118-м карным батальёне. Прыходзілася шукаць па ўсяму Савецкаму Саюзу ўдзельнікаў і сведкаў: Паўночны Урал, Украіна, Прыбалтыка, Беларусь. Скончылі ў 1986 годзе затрыманнем і арыштам Рыгора Васюры ў вёсцы Вялікая Дымерка, гэта Кіеўская вобласць Украіны. У той дзень мы яго арыштавалі і прывезлі ў Гродна. З Паўночнага Урала прывезлі саслужыўцаў, сведкаў, якія давалі паказанні, праводзілі вочныя стаўкі, як усё гэта было ў рэальнасці. Таму што архівы гэта адно, а жывыя сведкі зусім іншае. І тое, што сёння тут адбывалася, у вёсцы, на месцы расстрэла і спальвання вёскі… Толькі сёння я даведаўся ад свайго саслужыўца, што засталася жывой жанчына ў Ваўкавыску. Калі яна засталася жывая, значыць, такія страшныя трагічныя падзеі хтосьці помніць — яна ж, напэўна, камусьці расказвала: дзецям, унукам, праўнукам, суседзям, маглі быць родныя ў іншых вёсках. Калі ёсць пачатак, павінен быць і працяг. Трэба працягваць расследаванне. Таму што, я так зразумеў, прымалі ўдзел не толькі немцы, але і жандармы, паліцэйскія, а гэта, як правіла, былі жыхары Беларусі. Такое поле дзейнасці… Нельга пакідаць беспакаранымі такія дзеянні. Мы сёння пабачылі гэтыя падзеі, але адна справа, калі гэта адбываецца на сцэне, а іншая — калі ў жыцці. Такія страшныя, трагічныя падзеі запамінаюцца. І хацелася б, каб маладое пакаленне ведала, што тое, што навокал адбываецца зараз, — гэта не міф. І каб не паўтарыліся такія падзеі, проста трэба думаць, дзе мы жывем, як і чаго мы хочам ад жыцця.
Віталь КАЧАЛОЎСКІ, жыхар Гродна:
— Пасля заканчэння будаўнічага інстытута я працаваў галоўным архітэктарам Ваўкавыскага раёна. 45 гадоў таму, калі таксама была юбілейная дата трагедыі, прымаў удзел у стварэнні мемарыялу. Мы рыхтавалі спісы і высякалі прозвішчы тых, хто тут загінуў, на гэтых плітах, якія зараз у мемарыяльным комплексе. Зямля гэта паліта потам і крывёй, шматпакутная, па якой не раз крочылі чужыя каваныя боты. Не хацелася б, каб такія падзеі паўтарыліся. Мы будзем памятаць заўжды пра такія моманты нашай гісторыі. Вось гэта вялізнае дрэва побач — яно ж сведка. Яно не можа гаварыць, аднак расказала б нам вельмі многае.
Святлана ВАРАНІЦА, ваўкавычанка, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь”:
— Апошняя рэканструкцыя была тут роўна дзесяць гадоў таму. Зараз на гэтых плітах галоўнага абеліска мемарыяльнага комплексу нанесены ўсе 366 прозвішчаў — Сераброўскія, Рабазэлі, Парэмскія… Калі я шукала недастаючыя прозвішчы 10 гадоў таму, я нібыта пазнаёмілася з кожным жыхаром гэтай вёскі, з кожным членам сям’і. Мне вельмі дапамаглі архівы, якія былі і ў музеі імя Баграціёна, і ў гродзенскім архіве, архівы КДБ, МУС. Пазней тут устаноўлены звон. А сёння — прыгожая статуя на месцы, дзе раней была школа, якую наведвалі ўсе тыя цудоўныя юныя дзіцячыя душы, якія нявінна былі забіты 7 ліпеня 1943 года. Гэта ўсё памяць нам, нашчадкам. Мне 53 гады, аднак нібыта я была сярод тых жыхароў вёскі, нібыта гэта мяне гналі па бруку цэнтральнай вуліцы, нібыта гэта маіх дзяцей адрывалі ад майго сэрца. Гэта памяць жыве — яна жыве ў маім пакаленні, тых, каму зараз 50, яна будзе жыць у пакаленні тых, каму сёння 30. І ў тых дзяцей, якія таксама былі тут сёння і, магчыма, першы раз тут знаходзіліся. Пакуль мы, дарослыя, будзем прыводзіць сюды нашых дзяцей — і не толькі ў святую дату 7 ліпеня, пакуль мы будзем проста зварочваць з трасы, праязджаючы міма, выкладваць гэтыя наведванні ў сваіх сацыяльных сетках, расказваць усяму свету, што была такая вёска Шавулічы, яна будзе жыць. Менавіта таму, што мы пра гэта помнім заўсёды.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.