В Гродненской области девять санаториев помогают пациентам справиться с последствиями коронавирусной инфекции - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 28 Января 2021 08:54

В Гродненской области девять санаториев помогают пациентам справиться с последствиями коронавирусной инфекции

На Гродзеншчыне другая хваля пандэміі COVID-19 павольна, але ўпэўнена ідзе на спад. Паступова бальніцы і паліклінікі вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. Каб ацаніць шкоду, якую вірус нанёс здароўю нацыі, спатрэбіцца час. Але змагацца з вынікамі і ўскладненнямі хваробы трэба ўжо цяпер. Усе дзевяць санаторыяў вобласці прапануюць паслугі па рэабілітацыі пасля перанесенага каронавіруса. У санаторыі «Жамчужына» наогул распрацавана ўнікальная праграма. На сённяшні дзень у здраўніцы, што размясцілася ў межах горада, палова адпачывальнікаў — нядаўнія пацыенты гродзенскіх стацыянараў.

Посткавідны сіндром 

Намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы санаторыя «Жамчужына» Таццяна Навіцкая дзеліцца ўласнымі назіраннямі:

— Як гэта не сумна, але з вірусам COVID-19 так ці інакш сутыкнулася амаль кожная сям'я. Цяжка сустрэць чалавека, які адчуваў бы сябе абсалютна здаровым пасля выпіскі з бальніцы, таму было вырашана распрацаваць праграму рэабілітацыі. Зразумела, што ніякай унікальнай тэхналогіі для ліквідацыі вынікаў не існуе, гэтак жа, як і няма ніякай сакрэтнай пілюлі для хуткага выздараўлення. Кожны чалавек патрабуе індывідуальнага падыходу. Як правіла, ва ўсіх пацыентаў назіраюцца астэнізацыя, слабасць, многіх турбуюць галаўны боль, адышка, прыгнечаны настрой, расстройства сну. Спалучэнне такіх сімптомаў атрымала назву «посткавідны сіндром». На сённяшні дзень 25 з 53 нашых адпачывальнікаў знаходзяцца на рэабілітацыі пасля перанесенай каронавіруснай інфекцыі.

Праграма рэабілітацыі пасля COVID-19 стартавала ў санаторыі «Жамчужына» з канца лета. За гэты час скарыстацца ёю і аднавіць сваё здароўе паспелі больш за сто чалавек. Рэабілітацыю праходзяць работнікі гродзенскіх прадпрыемстваў, а таксама беларусы з розных куткоў краіны.

— Хвароба закранула розныя ўзроставыя катэгорыі, таму і ўскладненні зусім розныя. Да нас едуць у асноўным людзі працаздольнага ўзросту, якія хочуць аднавіць сілы пасля хваробы, — распавядае дасведчаны урач. — Таксама дастаткова людзей сталага ўзросту, якія перанеслі вірус у больш цяжкай форме. Вядома, пасля закрыцця межаў мы адчуваем недазагрузку здраўніцы. Застаецца хіба ўспамінаць тыя часы, калі да нас прыязджалі госці з розных краін свету. Плюс гэтай сітуацыі толькі ў тым, што без асаблівых цяжкасцей атрымоўваецца выконваць усе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні.

Вядома, што ў людзей, якія пакутуюць на хранічныя захворванні лёгкіх, сэрца, нырак і крыві, хвароба працякае цяжэй і часта ўскладняецца дэкампенсацыяй функцый органаў, развіццём міякардыту, арытмій, інсультаў і інфарктаў. Прычым у сэрцы могуць развіцца незваротныя змены.

— Калі не праводзіць рэабілітацыйныя мерапрыемствы, то існуе рызыка развіцця фіброзу лёгкіх, у аснове якога ляжыць разрастанне злучальнай тканкі ў выніку запалення альвеалярнай сценкі, — прыводзіць довады Таццяна Навіцкая. — Асабліва актыўна гэты працэс ідзе ў першыя 3—6 месяцаў. Менавіта ў гэты час неабходна акцэнтаваць увагу на рэабілітацыі, якая ўключае ў сябе фізіяпрацэдуры, масаж, а таксама дыхальную гімнастыку.

У санаторыі за час пандэміі паправілі здароўе больш за сто чалавек, якія перахварэлі каронавірусам.

Раздыхаць лёгкія

Людзі, якія перанеслі COVID-19 у цяжкай або сярэдняцяжкай форме, нават пасля выздараўлення некаторы час скардзяцца на адышку. Часам нязначныя фізічныя нагрузкі могуць прыносіць дыскамфорт. Таму пасля працяглай хваробы важна раздыхацца, аднавіць працу лёгкіх у поўным аб'ёме. З гэтым цалкам згодны жыхар Гродна Віктар Адамовіч:

— З 10 лістапада па 10 снежня праляжаў у бальніцы з двухбаковай пнеўманіяй. Доўга трымалася тэмпература, але, дзякуй Богу, пайшоў на папраўку. Яшчэ калі быў у стацыянары, жонка прынесла «Гродзенскі хімік». Працую на ААТ «Гродна Азот», таму цікаўлюся навінамі. Прачытаў пра магчымасць рэабілітацыі і вырашыў аздаравіцца. Разумееце, як быццам бы ўсё добра, але дыхаць было цяжкавата. Тут, у санаторыі, ужо праз некалькі дзён задыхаў на поўныя грудзі. Заўважыў гэта падчас прагулкі па лесе.

У выздараўленні вельмі важнае значэнне мае пазітыўны настрой пацыента.

Яшчэ адна адпачывальніца Алена Кавалёва таксама з Гродна. Яна перанесла пнеўманію, абцяжараную COVID-19.

— З кожным днём адчуваю сябе нашмат лепш, — усміхаецца суразмоўца, калі выйшла з саляной «пячоры». — Пасля наведвання псіхолага палепшыўся настрой, нармалізаваўся сон. Спадзяюся, што хутка аднаўлю здароўе канчаткова і змагу стаць паўнавартасным працаўніком. Падчас хваробы больш за ўсё баялася заразіць сваіх блізкіх. На шчасце, гэтага не адбылося, мабыць, дзякуючы таму, што адразу стала выконваць усе меры прафілактыкі.

Пры размовах з адпачывальнікамі санаторыя высветлілася: усе яны маюць сувязь з калегамі і сябрамі, якія ўжо перахварэлі, і разумеюць, што каронавірусная інфекцыя ва ўсіх працякае па-рознаму. Рэабілітацыя патрэбна кожнаму, хто перанёс хваробу, незалежна ад цяжару захворвання. Многія губляюць нюх. Быццам бы самы бяскрыўдны пабочны эфект, але на самай справе няпроста жыць, калі не адчуваеш смаку ежы ці водару любімага парфума. Хіба не?

У «Жамчужыне» створаны выдатныя ўмовы для рэабілітацыі пацыентаў.

Знайсці свой пазітыў

З канца года да праграмы рэабілітацыі дадалі псіхалагічную дапамогу. Задача — поўнае аднаўленне псіхічнага здароўя, фарміраванне пазітыўнага эмацыянальнага фону, сацыяльных і асабістых мэт, каб у далейшым пацыенты маглі вярнуцца да звыклага жыцця ў стане гармоніі душы і цела.

Медыцынскі псіхолаг Ганна Скорб займаецца як з групамі, так і па індывідуальнай праграме:

— З прыходам пандэміі COVID-19 мы апынуліся ў зусім новых умовах. Карціна свету кожнага чалавека напоўнілася нязвыклымі падзеямі, трывогай, страхам, псіхалагічным напружаннем. Для многіх стабільнае і зразумелае змянілася ў адно імгненне, асабліва для людзей, якія сутыкнуліся з захворваннем твар у твар. Яно практычна заўсёды стварае добрую глебу для фарміравання і замацавання ў псіхіцы негатыўных думак і ўстановак, мяняе паводзіны чалавека, яго рэакцыю на сітуацыі, што не лепшым чынам адбіваецца на сацыяльным баку жыцця і на асабістых адносінах.

Пасля працяглай хваробы трэба аднавіць працу лёгкіх у поўным аб'ёме.

У гэтай сітуацыі ў псіхалогіі чалавека фарміруецца ў той ці іншай ступені посттраўматычны стрэсавы настрой. Трапляючы ў стацыянарныя ўмовы, у большасці пацыентаў назіраецца шэраг клінічных сімптомаў: нематываваная пільнасць, прытупленне эмоцый, агрэсіўнасць, парушэнне памяці і канцэнтрацыі ўвагі, дэпрэсія, неспакой, бяссонне, суіцыдальныя думкі і нават віна, што выжыў. Вядома, што адзін або некалькі з вышэйпералічаных сімптомаў могуць заставацца доўгі час.

— Пацыенты скардзяцца на псіхалагічны дыскамфорт, трывогу, пачуццё страху і панікі, эмацыянальную няўстойлівасць, — працягвае доктар. — З гэтага можна зрабіць выснову, што, акрамя медыкаментознай тэрапіі, кожны пацыент мае патрэбу ў псіхалагічнай, псіхатэрапеўтычнай дапамозе і падтрымцы як на момант захворвання, так і падчас рэабілітацыі.

sb.by

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1031 раз Печать