Як бы пафасна гэта ні гучала, але асабіста мне было наканавана лёсам з дзяцінства ўпадабаць родную мову, прыкіпець да яе душой і палюбіць усім сэрцам. Без шанцаў. Ну самі падумайце. Нарадзілася я ў вёсцы. Мае беларускія дзядуля і бабуля дасканала валодалі …трасянкай. А з прысмакам мясцовага дыялекту гучала яна даволі апетытна. Няхай сабе з маленства я не чула дасканалай, узорнай, літаратурнай. Хто ведае, можа, тая самая трасянка і ёсць спрадвечна беларуская мова, якую мы штучна “адшліфавалі” да сучаснай унармаванай. Вучылася я ў беларускамоўнай школе. Маё знаёмства з літаратурнай мовай пачалося з “Буквара” А. Клышкі. Ведаеце, ужо ў шэсць гадоў інтуітыўна адчуваеш, ці падабаюцца табе беларускія вершы. Ох, і цяжка мне далася першая “буйная” лірыка на памяць. І “Савось-распуснік” Я. Коласа, і “Хлопчык і лётчык” Я. Купалы. Як сёння помню, не запаміналіся і ўсё тут. Слёз было на цэлы вечар! Затое як прыемна было прынесці выпакутаваныя пяцёркі за выразнае чытанне на памяць! Думаю, менавіта з гэтых першых дзіцячых перамог пачалася ўжо сапраўдная дарослая любоў, зберагчы якую дапамаглі школьная настаўніца Якубчык Рэгіна Віктараўна і выкладчык педвучылішча Уласенка Раіса Мікалаеўна. Пасля ўрокаў роднай мовы ад такіх майстроў сваёй справы мой лёс быў вырашаны адназначна — філалагічны факультэт. Пяць гадоў універсітэта былі цяжкімі, але і цікавымі.
Толькі стала паўнацэнным настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, як прыйшлося “перавучвацца”. Уступіў у дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Не ведаю, як у свой час успрыняліся суайчыннікамі змены ў правапісе 1933 года, а новаўвядзенні 2008-га асабіста мне даліся цежкавата. Здаецца, усяго нічога — дробязь, а некаторыя моманты, шчыра кажучы, да гэтае пары “тчэ, забыўшыся, рука”. Цяжка, скажу я вам, перастроіцца ў тым, што за гады вучобы і работы было складзена і ўпарадкавана на паліцах памяці. Доўга не пісаліся на дошцы даты “дзявятага, сямнаццатага”. Не хацела ставіцца рыска над “ў” ні “ва ўніверсітэце”, ні “ля ўнівермага”. Не адчуваючы без таго асаблівай сімпатыі да ЗША, атрымала магчымасць яшчэ больш злавацца на “Нью-Ёрк”. Складана прывыкала нават да таго, што само “круцілася на языку” — “камп’ютар, прынтар”. Не хацелі нанова запамінацца іншамоўныя “трыа, адажыа, Ватэрлоа”. Прабачце, захапілася…
Гэта ўсё, вядома, эмоцыі. Думаю, змены ў правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі мне даліся не цяжэй, чым майму бацьку — этнічнаму ўкраінцу і даросламу чалавеку, вывучэнне зусім новай для яго мовы. Яму, як гісторыку, прыйшлося навучыцца выкладаць гісторыю Беларусі ў беларускамоўнай школе на беларускай мове. Вось такая прыватная сітуацыя беларусізацыі. І няхай сабе не стопрацэнтна дасканала, але ён справіўся.… У маім жа дзяцінстве побач з матчынай была і бацькава мова. Кожнае лета — на ўкраінскіх канікулах. Круглы год — ва ўкраінскіх часопісах, якія выпісвала сям’я. Я гаварыла і чытала па-ўкраінску свабодна. Вось такая прыватная сітуацыя ўкраінізацыі.
Як думаеце, ці многім украінцам падабаецца сёння штучнае, амаль прымусовае насаджэнне “рідной” мовы ў дзяржаве? Гэта пытанне да той часткі беларускай апазіцыі, якая апантана выступае супраць двухмоўя ў нашай краіне, фанатычна адстойвае паўсюднае ўжыванне беларускай мовы і прапагандуе “адзінае спрадвечна правільнае” напісанне. Дарэчы. Неяк мне ў ленту “Аднакласнікаў” прыляцеў (хутчэй за ўсё памылкова агульнай рассылкай) чарговы агітзаклік ад невядомага “сябра” з бчб-ухілам (не блытаць з адхіленнем). Не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Скажу адно: апантанасць некаторых суайчыннікаў-іншадумцаў (а хацелася б верыць, што гэта было пасланне ад “свядомага” беларуса, а не прывет ад “спачувальніка” з суседняй Польшчы) кідаецца ў вочы тарашкевіцай. Успамінайце. Літаратурная норма, заснаваная на непрыманні змен, уведзеных моўнай рэформай 1933 года. Канкрэтна, некаторыя нашы “неверагодныя” захоўваюць арфаэпічную асіміляцыю па мяккасці на пісьме: сьвет, зь неба, літасьць. Усё нічога, але “петыцыя” завяршылася гучным “Живе Белорусь!”. Калі “жи-ши с буквой и” ў рускай мове як апіску па-беларуску я яшчэ магу дараваць (ведаюць жа людзі правілы рускай мовы), то правільнае па-руску “белорусы-Беларусь” папрасіла б, нарэшце, запомніць. Тарашкевіца, даражэнькія, не паказальнік…
Здзіўляе, што людзі, якія так прагнуць перамен у будучым, прыцягваюць у сучаснасць перажыткі мінулага. Не ў крыўду. Гэта датычыцца не толькі моўных з’яў, але і апастылага “бчб”. Лічыце, без мінулага няма будучыні? Згодна. Толькі пры ўмове, што мы не будзем выбіральныя ў гісторыі і карыслівыя ў адносінах да мовы. Ведаеце, асіміляцыя па мяккасці ў беларускім маўленні для мяне асабіста прынцыповая. Гэта арфаэпічная адметнасць нашай мовы. Гэта нацыянальная асаблівасць беларускага характару. Толькі не трэба блытаць нашу талерантнасць з абыякавасцю, памяркоўнасць з раўнадушшам, разважлівасць з баязлівасцю, цярплівасць з бесхарактарнасцю, а мяккасць — з падатлівасцю. Знешне мяккія людзі часта маюць даволі цвёрды стрыжань унутры. Беларусы, на мой погляд, якраз такія. Асіміляцыю мы дазволім толькі ў якасці моўнай з’явы — дзеля адзінства, а ў выглядзе сацыяльнага працэсу — дзеля развіцця. Але не чакайце мяккасці ад беларусаў у пытаннях незалежнасць. У гэтым мы непахісныя і нязломныя.
Можна бясконца гаварыць пра гісторыю развіцця роднай мовы, яе асаблівасці і гістарычныя змены. Можна шмат разважаць пра яе непаўторнасць, прыгажосць і мілагучнасць. Усё гэта будзе шчыра, праўдзіва і з любоўю. Вось толькі… Згадзіцеся, мы паступова трацім сувязь з вясковымі каранямі. Адпадаюць галіны нашых сямейных дрэў, якія ў тых самых вёсках гаманілі па-беларуску. Сёння мы ведаем мову да тых пор, пакуль вучым яе. Заўтра, не карыстаючыся, можам забыць. І самі знікнем. Няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Матчынай мова будзе, пакуль мы чуем яе ад маці. Роднай мова застаецца да тых пор, пакуль няма неабходнасці ў штучным яе насаджэнні і прымусовым ужыванні. Але толькі размаўляючы на ёй, хаця б зрэдку і час ад часу, можна адчуць сябе сапраўдным беларусам — грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Сабраўшыся сям’ёю за сталом, не толькі смакуйце стравы беларускай кухні, а яшчэ спрабуйце …беларускае слова. Пагутарыце па-беларуску. Не цураючыся. Як умееце. Раптам спадабаецца? Смак да мовы прыходзіць пры ўжыванні гэтак сама, як і апетыт падчас прыняцця ежы… Праверана на сабе.
Наталля ГРЫБ
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.