Ці можа памінальны дзень быць святочным? Вядома. На тое і яно — свята светлага суму. Назва святога дня, па адной з версій, паходзіць менавіта ад слова “радасць”, а па другой — ад слова “род”. Радуемся мы ўваскрашэнню Хрыста. А ўспамінаем аб памерлых з роду, і молімся аб іх на Радаўніцу з пачуццём светлага суму. Спалучэнне могілак і радасці некалі падавалася мне несумяшчальным, недарэчным і немагчымым. Некалі, але не сёння. Наведваючы штогод памерлых родзічаў, з часам я пачала разумець, у чым сэнс свята светлага суму і што такое радаўнічнай радасці роду.
Рэдка хто чакае Радаўніцу, каб прыбраць месцы апошняга прытулку сваіх блізкіх менавіта ў гэты дзень. Звычайна, мы стараемся ўпарадкаваць могілкі калі не да Вялікадня, дык праз некалькі дзён пасля свята, каб на Радаўніцу прыйсці ўжо да прыбраных месцаў пахавання. Ад гэтай традыцыі гэтак жа цяжка адысці, як адмовіцца ад штучных кветак, непатушаных свечак ці пакінутых на могілках “пачастункаў” для памерлых. Наступствы такога “дбайнага клопату” мне давялося некалі бачыць на ўласныя вочы. Зусім нядаўняе пахаванне наведалі на Радаўніцу родзічы. Традыцыйна пакінулі на магіле “пачастункі” для нябожчыка і запаленую лампадку. Блудны сабака, дабіраючыся да прысмакаў, перакінуў свечку. Праз некалькі дзён родзічаў на магіле чакалі дашчэнту спаленыя вянкі і абвуглены крыж. Як той пажар не перакінуўся на суседнія могілкі і не знішчыў іх аздабленне, адзін бог ведае.
Вось і мае бацькі за тыдзень да выхадной Радаўніцы спачатку прыбралі могілкі, а пасля на рынку сярод мора пахавальнай прыгажосці на любы густ і кашалёк выбралі некалькі букетаў са штучных кветак. Паколькі адразу катэгарычна адмовіцца ад гэтай традыцыі не прадстаўляецца магчымым, на сямейным савеце было прынята рашэнне кветак набываць як мага менш і не кожным паасобку. Традыцыю забруджвання-засмечвання зямлі кідкімі кветкамі кіслотных колераў выкараняць неабходна адназначна. Як і абрад “частавання” памерлых пафарбаванымі яйкамі і цукеркамі. Гэтыя язычніцкія традыцыі не адабраюцца царквой.
Ці заўважаеце вы, як вясенні памінальны дзень аб’ядноўвае людзей? Нават калі б не было з года ў год тых вялікіх выхадных з пераносамі працоўных дзён. На Радаўніцу могілкі літаральна “ажываюць”. Напаўняюцца жывымі людзьмі, жывымі гамонкамі і, як ні дзіўна, жывой радасцю. Скажыце, дзе і калі яшчэ, як не на могілках на Радаўніцу, мы маем лепшую аказію сустрэцца з роднымі, блізкімі, сябрамі, знаёмымі? Толькі там можна пабачыцца і пагутарыць з тымі, каго “сто гадоў” не бачыў, а, сустрэўшы на вуліцы, напэўна, век не пазнаў бы. Відаць, такім чынам нашы продкі з таго свету аберагаюць сувязь роду і ўмацоўваюць повязь пакаленняў. Таму на могілкі мы накіроўваемся не толькі, каб адведаць блізкіх памерлых, але і сустрэцца з далёкімі жывымі.
На могілкі на Радаўніцу стараюцца прыехаць раней нават тыя, хто мінае ў гэты дзень памінальную службу ў царкве. Я заўсёды злавалася на маці за гэта, асабліва, калі надвор’е не схіляла да доўгага прабывання на вуліцы. Пасля, зразумеўшы, у чым сэнс такога загадзя знаходжання на пагосце, стала проста цяплей апранацца. Паступова і самой пачало прыносіць задавальненне прадчуванне радасных сустрэч са “знаёмымі незнаёмымі”. Былыя аднакласнікі і настаўнікі, сябры са школы і прыяцелі па суседству, а таксама тая радня, якую бачыш ад сілы адзін раз у год і звычайна менавіта на Радаўніцу. З усіх бакоў у гэты дзень на могілках толькі і чуецца: столькі гадоў прайшло, колькі ж мы не бычыліся, ледзьве пазнала цябе! Мы інтуітыўна чакаем і шукаем гэтых сустрэч. Сустрэўшыся — успамінаем. Успамінаючы — як ні дзіўна, часцей за ўсё ўсміхаемся і радуемся ўспамінам. І не толькі таму, што пра нябожчыкаў прынята або добра гаварыць, або нічога. На памяць міжволі прыходзіць выключна светлае, радаснае, прыемнае.
Можа, таму за рэдкім выключэннем на могілках у Радаўніцу можна бачыць людзей, якія зацята гаруюць, заўзята бядуюць і нясцішна плачуць. Магчыма, час сапраўды лечыць. Боль страты паступова сціхае. А памяць, што застаецца з намі назаўсёды, пакідае толькі самыя лепшыя і светлыя ўспаміны аб людзях, што сышлі з нашага жыцця назаўсёды. Вось адкуль яна — здаўна заведзеная традыцыя радаўнічнай радасці роду на свята светлага суму: не гараваць па нябожчыках, а, успамінаючы аб іх толькі добрае, маліцца за іх з удзячнасцю за тое, што абараняюць нас і аберагаюць наша жыццё, назіраючы з таго свету.
Ёсць, праўда, адзінае, што аднолькава ў гэты дзень непакоіць душу, трывожыць сэрца і займае думкі жывым на гэтым свеце. Тое самае, што, па праўдзе кажучы, не радуе ды і не можа радаваць. Ад Радаўніцы да Радаўніцы колькасць пахаванняў павялічваецца, могілкі шырацца. Ведаеце, што самае непрыемнае для любога чалавека ў гэты дзень? Не сустрэць на могілках таго, з кім яшчэ бачыўся і гутарыў на мінулагоднюю Радаўніцу. І можна колькі заўгодна ўпэўніваць сябе ў тым, што той свет — гэта новае жыццё, і радавацца за тых, хто ўжо перайшоў у яго. Насамрэч ніхто з нас, жывых, з гэтага свету на той не спяшаецца. Для большасці з нас вечнае жыццё на набёсах не падаецца такім прывабным, як часовае на зямлі.
Вось толькі супярэчлівая чалавечая натура бясконца выпрабоўвае не толькі свае фізічныя магчымасці, але божае цярпенне, кідаючы выклік прыродзе, якая з апошніх сіл стараецца спыніць наша самазнішчэнне. Ды толькі ніякія прыродныя бедствы: павадкі, пажары, землятрусы, не здольны спыніць катаклізмы чалавечых злачынстваў — канфлікты, процістаянні, войны. Відаць, тыя, хто імкнецца вырашаць праблемы на гэтым свеце выключна сілай і зброяй, даўно не задумваліся аб цане такіх сваіх дзеянняў — страчаных чалавечых жыццях. Думаю, падспешваць іншых на той свет — самае цяжкае злачынства супраць чалавечнасці і страшны грэх перад Богам. Колькасць магіл, якую мы штучна павялічваем уласнымі злачыннымі намаганнямі, не можа выклікаць радаўнічную радасць роду. Ды і свята светлага суму патрэбна не памерлым на тым свеце, а нам — жывым на гэтым.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.