Сёння парады, прапановы, рэкамендацыі аб тым, як правільна выхоўваць дзяцей, можна атрымаць не толькі ад такой, як сама, мамачкі, але і ад вопытных настаўнікаў, прафесіянальных псіхолагаў, дасведчаных медыкаў і нават “такіх сабе”-блогераў. Адмаўляць не буду — цікаўлюся, пытаю, слухаю. Але, па праўдзе кажучы, прыслухоўваюся выключна да тых экспертаў, хто гадуе ўласных дзяцей. Ведаеце, у такой справе, як выхаванне дзяцей, без вопытнай практыкі немагчыма быць паспяховым тэарэтыкам. А дзетак узгадаваць — не курак пасклікаць.
Усе рэкамендацыі сёння актыўна зводзяцца да агульна-абагульненых: не крычаць, не крытыкаваць і, вядома, не біць. Адкрыцця ў гэтым няма. Усе, хто гадаваў уласных дзяцей, і без сучасных псіхолагаў добра ведаюць, што падняць руку на сына ці дачку — справа апошняя і мера крайняя. Няправільная, вядома, але, на жаль, часам непазбежная. Усе дарослыя ведаюць: дзіця павінна паважаць бацькоў, а не баяцца. Верная ўказка — не кулак, а ласка. Вось толькі як распазнаць дзіцячую павагу і адрозніць яе ад дзіцячага страху?
Далёка хадзіць не буду. Мне, напрыклад, часцей за ўсё дастаткова толькі аднаго выразнага позірку (а часам і паўпозірку) — адабральнага ці асуджальнага — каб мае дачка ці сын зразумелі, правільна ці нядобра робяць, і адрэагавалі адпаведна. Як лічыце, гэта ад павагі да мяне ці, усё ж такі, ад страху перада мной як маці? Дваццацігадовы сын, спадзяюся, паважае. А вось шасцігадовая дачка, падазраю, пабойваецца. Ці добра гэта? Чаму не?
У дзяцінстве, калі мама на мяне сварылася, я думала, што ніколі гэтак не буду крычаць на сваіх дзяцей. Калі бацька, здаралася, караў мяне за непрыстойныя ўчынкі, я была ўпэўнена, што ніколі так не буду рабіць у адносінах да ўласных дзяцей. Ніколі не гавары “ніколі”. Прайшоў час. З’явіліся ўласныя дзеці. І мае метады выхавання сёння амаль нічым не адрозніваюцца ад некалі бацькоўскіх. Чаму? Можа, таму што не так ужо і няправільна са мной у дзяцінстве абыходзіліся мае бацькі? Разумееш гэта толькі тады, калі сам становішся дарослым і абзаводзішся сваімі дзецьмі.
Думаю, не паспытаўшы аднойчы “бярозавай кашы”, я ніколі не запомніла б на ўсё жыццё, што скакаць дзяўчынцы цераз плот так, каб падраць новую сукенку, непрыстойна. Гэта сёння я разумею, што тады маці не за “плацце” тое, што зашыць ужо не было як, перажывала, а за мае ўцалелыя, дзякаваць богу, пасля гэтых скокаў ногі, рукі і галаву (няхай сабе і “без мазгоў”, як прыгаворвала яна, сварачыся на мяне).
Думаю, не пастаяўшы аднойчы амаль цэлы вечар у вуглу “на гаросе”, я ніколі не зразумела б, што бавіцца да позняй ночы ў санках з гары, калі не пароблены ўрокі, легкадумна. Гэта сёння я разумею, што тады бацька не за змакрэлую вопратку, што сушылася амаль два дні каля печы, перажываў, а за мой зацяты пасля гэтых зімовых забаў кашаль, што некалькі тыдняў разрываў удзень і ўночы грудзі. І “каша бярозавая”, і “гарох у вуглу” здарыліся ў маім дзяцінстве толькі раз, але запомніліся на ўсё жыццё, не сапсаваўшы, хачу зазначыць, ні мяне, ні майго дарослага жыцця. Гэта былі тыя самыя, карайнія меры, пайсці на якія я сама прымусіла бацькоў, якія моцна спалохаліся за маё жыццё, даражэй ад якога ў іх не было нічога.
Тое самае даводзіцца перажываць сёння мне самой. Усведамляючы, што большай каштоўнасці ад маіх дзяцей у мяне няма, у трывозе за іх здароўе і ад страху за іх жыццё я таксама вымушана час ад часу парушаць некаторыя “залатыя” правілы выхавання. Бывае, на старэйшага прыкрыкну. Здараецца, і на малодшую голас павышу. Ці ўдаецца мне гадаваць сваіх дзяцей без рукапрыкладства? А вам? Шчыра зайздрошчу, калі так. Звычайна, якая рука па галоўцы гладзіць, тая і за віхор цягне.
Усе мы спачатку гадуемся сваімі бацькамі, пасля выхоўваем уласных дзяцей. Пераняць стараемся, выкарыстаць і перадаць у гэтым гадаванні-выхаванні самае лепшае і правільнае. Час не стаіць на месцы. Змяняюцца ўмовы, абставіны ў якіх мы жывём. На змену састарэламу “дзедава-бацькаваму” гадаванню прыходзяць новыя методыкі сучаснага выхавання. І ўсё часцей ледзь не з кожнага праса гучыць: не крычы, не бі, не крытыкуй. Гавары, гладзь, хвалі? Можна, вядома, і да васямнаццаці, а то і больш, гадочкаў з любоўю, спакойна і цярпліва тлумачыць свайму дзіцятку, што такое “добра” і што такое “кепска”. Вось толькі пры такім раскладзе яно, можа, і да старасці не будзе ведаць розніцы паміж словамі “можна” і “нельга”.
Прыгадаўся анекдот з Інтэрнэту: “Раней псіхолагі не былі патрэбныя. Маці, раз даўшы па карку, надоўга ачышчала карму, аднаўляла аўру, знімала негатыўную энергетыку”. Псіхалогія і псіхолагі, вядома, ніякага дачынення да кармы, аўры і энергетыкі не маюць, але агульны сэнс жарту, думаю, зразумелы ўсім.
Я ні ў якім разе не прапагандую аўтарытарныя метады выхавання, не заахвочваю крыкі, не апраўдваю фізічныя пакаранні. Бяздумная жорсткасць не ўзвышае бацькоў у вачах дзяцей. Але і без разумнай строгасці ў выхаванні падрастаючага пакалення не абысціся. Бацькоўскае цярпенне з апошіх сіл у бязмернай любові да сваіх дзяцей і бясконцым ім патуранні, якое, як мне падаецца, занадта шырока прапагандуецца сучаснымі гуру выхавання, не на карысць ніколі і нікому. Хто надта дзецям патурае, той слязу пасля пралівае.
Усе мы аднолькава моцна любім сваіх дзяцей — як душу. Усе мы па-рознаму падыходзім да іх выхавання. Дзіця — не груша. І народжанае не для таго, каб яго трэслі. Строгасць, прадыктаваная выключнай патрэбай, павінна быць рэдкай. Але ніколі не бывае лішняй. Ці не так?..
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.