Палымяная прамова нашага Прэзідэнта на Сусветным саміце ў ААЭ. Цёплая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і лідара КНДР. Згадзіцеся, нядрэнна плюсуе палітычны пачатак снежня ў кліматычны мінус? Праўда, гарачыя беларускія падзеі саграюць толькі беларускіх беларусаў, а вось “літоўскіх” ды “польскіх” літаральна падпякаюць. Відаць, таму, па-добраму цёплыя звесткі яны ўсімі сродкамі стараюцца ператварыць у кепска падслуханыя ды дрэнна падгледжаныя “падгарэлыя” плёткі.
Неверагодна складана збеглым бчб-групоўкам у Польшчы і Літве, што далікатна называюць сябе “таварыствамі беларускай культуры”, пераносіць візіт нашага Прэзідэнта ў Кітай, які лічыўся рабочым, і сустрэчу з лідарам КНДР, якая больш паходзіла на нефармальную сустрэчу двух сяброў. Праз гэты сяброўскі поціск рук “двух сусветных дыктатараў” і сон, і апетыт страцілі “апазіцыйныя апаненты”, што яшчэ нядаўна на ўсю “неверагодную” інфа-глотку смакавалі ўяўнае “ахалоджанне адносін паміж Беларуссю і Кітаем” і надуманыя “недамоўленасці паміж лідарамі дзвюх краін”. Гатоўнасць Кітая развіваць праекты з Беларуссю парушае ўсялякія “светлыя” надзеі “светлых” твараў на скарочаны “шлях да волі”. А які гэта ўдар па самалюбству “макронаў” і “штольцаў”! Гледзячы на сяброўскую сустрэчу Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам, думаю, кожны з іх мімаволі ўзгадаў нядаўняе незадаволенае трапятанне каля трапа самалёта на 30-градуснай спякоце ў Катары прэзідэнта Германіі. Ёсць з чым параўнаць, праўда?
“Дэмакраты” тонкай бяздушнай арганізацыі не паспяваюць выходзіць са стрэсу. “Ілітная” сусветная садружнасць ледзьве прыйшла да сябе пасля выступлення Аляксандра Лукашэнкі на пасяджэнні Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнем клімату. Трэба сказаць, “уладарам свету” было ад чаго “прытомнасць траціць”. Не кожны лідар здольны рэзаць праўду-матку перад аўдыторыяй прадстаўнікоў з усіх кантынентаў, прама ківаючы ў бок тых “асаблівых і асобных”, што безаглядна і бяздумна трацяць грошы на распальванне войнаў і канфліктаў ва ўсім свеце. Не кожны адважыцца палічыць трыльёны, якія ўжо сталі згубленымі-загубленымі для Ірака і Афганістана і яшчэ стануць такімі ў распачатай бойні на Блізкім Усходзе і тлеючым процістаянні ў Ціхім акіяне. Ні адна мэта ваеннай ці геапалітычнай перавагі не апраўдвае самы страшныя сродкі — чалавечыя ахвяры. Прэзідэнт Беларусі не з ліку тых, хто “чарговы раз прыехаў на саміт для таго, каб чарговы раз выказаць сваю заклапочанасць, і праз тыдзень аб гэтым забыць”. “80 працэнтаў бруду на планеце — ад 20 вядучых дзяржаў” — думаю, не толькі гэтая цытата Аляксандра Лукашэнкі справакавала тысячныя прагляды у Інтэрнэце. Ці пачула яго “дваццатка вядучых забруджвальнікаў”, невядома. А вось лідары краін Балтыі і Польшчы ад прамовы “ізаляванага сустветным грамадствам дыктатара” аслупянелі так, што не апрытомнелі да агульнага фотаздымка. На шчасце, каму быць у сям’і сусветнай садружнасці, вырашаюць не “дуды-неуседы-рынкевічы”. А таму напрыканцы саміта для адных удзельнікаў — агульны фотаздымак, а “пакрыўджаным” адшчапенцам — адно сэлфі ні траіх у баку (быццам іх і не было на сусветным форуме).
На прэзідэнцкім выступленні на саміце змагар’ё не надта хайпанула. Затое на яго раптоўным адлёце з ААЭ ў Кітай адвяло душу, якая даўно ў пяце. Відаць за асобнае сэлфі сваіх гаспадароў дужа крыўдна стала. Дарэчы, паважаныя суайчыннікі, а вы таксама не ў курсе, колькі прыйшлося заплаціць беларусам за “пазачарговую” сустрэчу нашага Прэзідэнта з лідарам Кітайскай Народнай Рэспублікі? Эх, адстаяце ад жыцця! Яно і зразумела. Збоку (дакладней, з-за мяжы) яно ж відней. А таму прасцей і грошы, “выдаткаваныя на прэзідэнцкія камандзіроўкі”, палічыць, і час, патрачаны на перагаворы за закрытымі дзвярыма, засекчы да мінуты, і падарункі, якімі абмяняліся лідары, разгледзець. Дзеля чаго, спытаеце? А каб пасля яшчэ некалькі месяцаў мусоліць гэтую сустрэчу ў змагарскіх чатах і “прадракаць” яе наступствы для “рыжыму”. Добра падпякае некаторым дэманам (прабачце) “дэмакратам”, бо нічаму добраму адзін “дыктатар” (не я сказала — Байдэн канстатаваў) другога не навучыць.
Патрачаныя беларусамі “сто тысяч мільёнаў” Бацькавых “камандзіровачных” змагары яўна паблыталі з цэнамі білетаў для лідараў амерыканскіх карпарацый на нефармальную вячэру з Сі Цзіньпінам, што была арганізавана падчас яго візіту ў ЗША. Чамусьці ніхто з “паборнікаў дэмакратыі” не ўхваляў у Сеціве цану на ўваход, якая стартавала ад двух тысяч долараў, ды сорак тысяч “амерыканскіх прэзідэнтаў” за месца за адным сталом з кітайскім лідарам. Ну, хто долары штампуе, той імі і смеціць. Лічыць чужыя грошы — справа няўдзячная. А вось для некаторых апалячаных і аблітоўчаных беларусаў айчынны рубель ужо даўно чужыя грошы, а Бацькавы “камандзіровачныя” ўсё спакою не даюць. Ведаеце, буйныя амерыканскія бізнесмены, што патраціліся на асабістую сустрэчу з прэзідэнтам КНДР, яўна не на вецер грошы кінулі. І толькі Байдэн, які бясплатна ціснуў руку Сі Цзіньпіну, недаляглядна сапсаваў усё агульнае ўражанне ад сустрэчы. Магчыма, “дыктатарскі” поціск рукі так паўплываў на прэзідэнта ЗША. Яго, асабліва цвёрды, упэўнены і вытрыманы, цяжка знесці спатыкальнай на кожным кроку і ў гаворцы, і ў хадзе “дэмакратыі”.
Сяброўскі поціск рук Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна яўна прадэманстраваў, што нашым краінам зручна-спадручна на адным шляху, а значыць, усе цяжкасці будуць па… пояс. А то і па пяту. “Сапраўдных” беларусаў ніколі не ўзрадуюць дагаворы, дамоўленасці, пагадненні, што дапамагаюць нашай краіне годна трымацца ў перыяд беспрэцэндэнтнага санкцыйнага ціску. Асабліва заклапочаным лёсам “рыжыму” параіць можна адно: лічыце не столькі “вывезеныя” Лукашэнкам у Кітай беларускія рублі, колькі прывезеныя з Паднябеснай юані. Ды па “эўрапейскаму” курсу пераводзьце іх адразу ў еўра. Ну, ці на крайні выпадак — у злотыя, літы і латы (каму як зручней радзімай таргаваць).
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.