Больш за кіно я люблю, бадай, толькі літаратуру. Пра добрыя кнігі можна гаварыць бясконца. Міжнародны дзень кіно адзначаецца 28 снежня. Але напярэдадні заўтрашняга дня трэба абавязкова ўспомніць яшчэ пра адно добрае кіно — сваё, айчыннае, роднае. 17 снежня — Дзень беларускага кіно.
Ужо чую скептычныя насмешкі некаторых, маўляў, якое беларускае кіно, дзе яно, хто яго глядзіць, пра што тут гаварыць. Паважаныя аматары сусветных блокбастэраў, калі вы не гледзіце айчыннае кіно, гэта не значыць, што яго няма.
З’яўленне кіно прадказаў яшчэ Платон. Першымі яго ідэю ўвасобілі браты Люм’ер. З атракцыёну “прыбыўшага цягніка” кіно вырасла ў асобны, любімы мільёнамі, від мастацтва. Днём нараджэння беларускага кінематографа лічыцца 17 снежня 1924 года, калі выйшла пастанова Савета Народных Камісараў “Аб кінавытворчасці ў БССР” і было створана Дзяржаўнае ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі — “Белдзяржкіно”. У 1926 годзе выйшла першая айчынная кінастужка — “Лясная быль” рэжысёра Юрыя Тарыча. Выдатнай стартавай пляцоўкай для многіх кінатворцаў стала кінастудыя «Савецкая Беларусь», створаная ў 1928 годзе і перайменаваная ў «Беларусьфільм» у 1946-м.
Сёння, бадай, толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення выпісваюць газету ў тым ліку і дзеля праграмы тэлебачання, якую загадзя вывучаюць, каб адзначыць тэлеперадачы, мастацкія або дакументальныя фільмы, якія не хацелася б прапусціць. Я ў дзяцінстве гэта таксама рабіла рэгулярна, асабліва падчас канікулаў. Такія беларускія дзіцячыя кінаказкі, як “Прыгоды Бураціна” і “Пра Чырвоны капялюш”, не прапускаліся ніводзін раз. Хвалявала толькі адно: каб у час дэманстрацыі дзіцячага фільма па іншай праграме не паказвалі нешта цікавае для бацькоў. Сучасным дзецям цяжка зразумець праблему аднаго на ўсю сям’ю тэлевізара ў кватэры.
Ёсць у мяне вопыт захопленасцю кіно, за які трохі сорамна. У педвучылішчы праз пастаянны недахоп часу я, было, узяла моду не чытаць праграмныя творы, а глядзець знятыя па іх матывах мастацкія фільмы. А што? Дзякаваць богу, і Віталію Дудзіну за кінастужку “На ростанях”, Віктару Тураву за “Людзі на балоце”, Валерыю Рубінчыку за “Дзікае паляванне караля Стаха”, Міхаілу Пташуку за “Чорны замак Альшанскі”. Мой кінаэксперымент па такім знаёмстве з беларускай літаратурнай класікай паказаў, што кінастужку адназначна глядзець можна і патрэбна, але толькі …прачытаўшы спачатку сам твор. За кожнай работай мастакоў кіно стаяла праца мастакоў літаратурнага слова — Якуба Коласа, Івана Мележа, Уладзіміра Караткевіча. Я ж атрымала двайное задавальненне, спачатку прачытаўшы беларускія творы, а пасля — прагледзеўшы знятае па іх айчыннае кіно.
Між іншым, мастацкае кіно па матывах класічных твораў нядрэнна дапамагло мне ў свой час як выкладчыку беларускай мовы і літаратуры. Ні для каго не сакрэт, што сучасныя дзеці не надта любяць чытаць. На якія толькі хітрыкі не даводзілася ісці, каб выклікаць цікавасць да праграмных мастацкіх твораў. Але ў некаторых выпадках дастаткова было паказаць урыўкі з мастацкіх кінастужак па іх матывах, каб зацікавіць у творчасці аўтара і заахвоціць да знаёмства з самім творам.
Ёсць беларускія кінастужкі, якія глядзіць не адно маленькае пакаленне маёй сям’і. Так, напрыклад, пра фільм “Дзяўчынка шукае бацьку” Льва Голуба я ўпершыню пачула ад сваёй мамы, якую карціна ўразіла яшчэ ў дзяцінстве. Вось і я, малой, глядзела кінастужку многа разоў. Яна ўразіла і маю дачку. Таму Соня ніколі не пераключыць на мульцікі, калі на адным з каналаў чатырохгадовая Леначка з дапамогай свайго сябра Янкі зноў шукае партызанскага камандзіра, бацьку Панаса. Ваеннае кіно пра дзяцей, якія здольны на дарослыя ўчынкі, не можа пакінуць абыякавымі ні дарослых, ні тым больш дзяцей. А між іншым, кінастужка выйшла ў пракат аж у 1959 годзе.
Завіхаючыся на кухні, ніколі не пераключу “Белыя росы”. Не маючы часу глядзець, з задавальненнем соты раз буду “слухаць спіною” добра вядомыя дыялогі. І не толькі таму, што кінастужка знята па матывах Дудараўскага “Вечара”. І не толькі дзеля ігры выдатных акцёраў — Усевалада Санаева, Стэфаніі Станюты, Галіны Макаравай, Барыса Новікава, Генадзя Гарбука, Мікалая Карачанцава, Станіслава Садальскага, Міхаіла Какшэнава, Галіны Польскіх і многіх іншых. І не толькі для таго, каб яшчэ раз паглядзець на такія знаёмыя вуліцы Гродна. Штораз пераглядваючы “Белыя росы”, спадзяюся, што Фёдар Ходас параіць нешта новае свайму “бесталковаму” сыну Ваську на яго запыт: “Скажы, бацька, як жыццё пражыць, каб не прытаміцца?”. Але лепш за Ходасаўскае “жыві як чалавек” і не скажаш, праўда?
А яшчэ я з задавальненнем прыгадваю вясковы кінатэатр свайго дзяцінства. Кіно прывозілі ў Субацкі клуб. Кінапрагляды для дарослых арганізоўваліся штовечара. Недалёка ад клуба, каля вясковай канторы, стаяла шыльда, на якой абнаўляліся афішы. Колькі іх было напісана рукой маёй мамы, якая некаторы час працавала ў мясцовым клубе кінамеханікам! Невялікая апаратная, большую частку прасторы ў якой займалі кінапраектары ды вялізныя каробкі з бабінамі кінаплёнкі, — была для мяне, маленькай дзяўчынкі, чароўным месцам, дзе нараджалася кіно на бялюткім экране ў клубнай зале. Мая мама, вядома, не была тым самым, не надта маладым, не заўсёды цвярозым мужчынам, што драмаў у апаратнай за сцяной кіназалы, — а такім часцей за ўсё і ўяўляўся кінамеханік. Але свісцелі гледачы ёй таксама часта, калі карцінка на экране выходзіла з фокуса ці раптам ірвалася кінаплёнка.
Нягледзячы на вясковую занятасць, жадаючых паглядзець нават паўторна прывезенае кіно набіваўся паўнюткі клуб. Пасля сеансу ніхто не спяшаўся дадому. Усе выходзілі з залы і, паволі ідучы дадому, абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі ад фільма.
А ўдзень у суботу і нядзелю наладжваліся дзіцячыя кінасеансы. Нам, дзецям, патрэбна было добра пастарацца на працягу тыдня, каб маці з бацькам пусцілі ў кіно. І па гаспадарцы дапамагаць, і вучобу не закідваць — без заўваг і з добрымі адзнакамі ў дзённіку. Тады і кінастужкі дзіцячыя, і “Ералаш”, і “Ну, пачакай!” гарантавана можна было паглядзець на вялікім экране. А калі пашчасціць, дык бацькі могуць і на вячэрні сеанс узяць. Асабліва мы любілі хадзіць на індыйскае кіно. Калі на афішы не было прыпіскі “да 16” або “да 18 гадоў”, лічы, пашанцавала. Назаўтра ў школе дзяўчаты ва ўсю абмяркоўвалі песні-танцы ды прыгожае ўбранне зорак індыйскага кіно, а хлопцы ўбаку адпрацоўвалі новыя прыёмы ўбачаных на экране боек.
А якое задавальненне было гартаць “глянец”, разглядваць фотаздымкі любімых акцёраў, чытаць цікавыя артыкулы (а не жоўтыя плёткі!) у часопісе “Савецкі экран”!.. А пасля ў кожны дом прыйшоў каляровы тэлевізар, за ім відэамагнітафон, пасля DVD, следам бязмежных магчымасцяў інтэрнэт, які прывёў за кампанію інтэрактыўнае тэлебачанне, а пасля і 3D-кіно, якое ў спецыяльных акулярах можна паглядзець не толькі на вялікім экране ў кінатэатры, але і не выходзячы з дому…
І ўсё ж я люблю кіно. Якаснае, добрае, сямейнае. Шырокаэкраннае і шырокафарматнае. Перспектыва наведаць кінатэатр радуе не толькі маю дачку. Утульныя крэслы, максімальны агляд, аб’ёмны гук, якасная карцінка і, што душой крывіць, пах смачнай кавы і папкорну на любы густ… Усё гэта варта таго, каб устаць з канапы і выйсці з дому. Каб проста паглядзець кіно.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.