Трасянкавы ператрус - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 03 Декабря 2023 16:09

Трасянкавы ператрус

“У Беларусі суседзі даносяць на суседзяў за гутарку па-беларуску. Да тых, хто размаўляе на роднай мове, прыязджаюць сілавікі з мэтай ператрусу…”. Вось такая чарговая змагарская плётка не так даўно трапілася на вочы ў інтэрнэт-прасторы…

Страшна смешна (прабачце за каламбур)! Ад таго, што ўратаваным з беларускай “дыктатуры” ўжо каторы год у польска-літоўскай “дэмакратыі” вярэзяцца сілавыя “ператрусы”. Эх, цяжкая ты доля, змагарская. Без радзімы, без грамадзянства, без пашпарта. З воўчым білетам у зубах і набітай на іх зласлівай аскомінай. Што ж, калі верыць збеглым “патрыётам”, мне, як нікому, трэба чакаць суседскага даносу і кватэрнага ператрусу. “Каюся” — апошнім часам пачала актыўна размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым побыце. Не без прычыны, вядома, і нават, я сказала б, экстранна. На данос спадзяванняў ніякіх: суседзі мае — людзі даволі інтэлігентныя і тактоўныя. А вось “ператрусіць”, а лепш добра страсянуць, мяне самую не шкодзіла б. Толькі не за штодзённае выкарыстанне роднай мовы, а хутчэй, за недаравальна спозненае і несвоечасовае яе ўжыванне! Паверце, ёсць за што…

Соня, на панядзелак трэба вывучыць новыя словы…

Харашо… (пасля не па-дзіцячы глыбокага і цяжкага ўздыху чую ў адказ)

Не “харашо”, а добра, — незадаволена папраўляю сваю шасцігодку-першакласніцу. Хаця віны майго дзіцяці ў тым няма ні грама. Незадаволенай мне трэба быць выключна сабою.

Думаеце “новыя” словы на панядзелак — гэта слоўнікавыя іншамоўныя з англійскай, нямецкай ці французскай моў, што вывучаюцца ў школе ў якасці замежных? Дзе вы бачылі (дакладней, чулі)! Мы вучым (сорам каму сказаць!) беларускія словы! Картошка — бульба, аист — бусел, учебник — падручнік, родственники — сваякі, подруга — сяброўка… І так штотыдня па некалькі слоў. Сорам на маю, пакуль яшчэ не ўсю, сядую галаву. Тройчы сорам! У першую чаргу, як настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Па-другое, як чалавеку, што нарадзіўся і выгадаваўся ў вёсцы. Па-трэцяе, як жанчыне-маці, якая сама скончыла беларускамоўную школу. А цяпер паспрабуйце ўявіць маштабы моўнай катастофы: пры ўсіх маіх асабістых “рэгаліях” мая дачка, толькі пайшоўшы ў першы клас, пачала засвойваць беларускую лексіку.

Нельга сказаць, што мае дзеці ад нараджэння чуюць выключна рускую мову. Вядома, большасць часу яны праводзяць у рускамоўным асяроддзі — дзіцячы садок, школа, сябры-сяброўкі, віртуальная прастора. Але ж і родную трасяначку ў хатнім побыце і ў бабулі з дзядулем на вёсцы ніхто не адмяняў. Вось толькі нават у такіх, часткова спрыяльных, умовах беларускія словы чамусьці не адкладваюцца ў дзіцячых галовах так, каб пасля не даводзілася засвойваць іх літаральна, як іншамоўныя.

А яны, згадзіцеся, сапраўды іншамоўныя для нашых дзяцей. І па-другому пакуль што імі ўспрымацца не будуць. Акурат да тых пор, пакуль беларуская лексіка не пачне ўжывацца ў штодзённым побыце. А яшчэ — пакуль часцей не загучыць беларуская мова ў айчынных установах адукацыі. Нічога не маю супраць другой у нашай краіне дзяржаўнай мовы — рускай. Але ж яе ў школьным раскладзе маёй дачкі-першакласніцы тры гадзіны на тыдзень ды яшчэ тры гадзіны рускай літаратуры, а беларускай мовы – толькі адна ды факультатыўны занятак. Па праўдзе кажучы, выглядае гэта злёгку несувымерна. Ці толькі мне адной падаецца, што нашы дзеці даволі позна пачынаюць спрабаваць размаўляць па-беларуску і шчыра спазнаюцца з чытанем і пісьмом на роднай мове?..

36 гадоў назад перад маімі бацькамі нават не паўставаў выбар, у якую школу мяне аддаць вучыцца. У Субачах яна была адна — беларускамоўная. І мы вучыліся. І ніякай трагедыі з гэтага ніхто не ўчыняў. Пасля паспяхова паступалі ў сярэднія спецыяльныя або вышэйшыя навучальныя ўстановы, паспяхова вучыліся і заканчвалі іх. І ні ад каго я не чула прэтэнзій наконт складанасцей далейшага научання пасля беларускамоўнай школы… Скажыце, ці многа сёння знойдзецца бацькоў, якія жадаюць аддаць дзіця ў беларускамоўную групу ў дзіцячым садку ці такі ж клас у школе? Такая перспектыва часцей за ўсё ператвараецца ў бацькоўскую драму, сямейную трагедыю, адукацыйную катастрофу. І мы заўсёды знаходзім мноства прычын непрыняцця беларускамоўнага навучання — ад неперспектыўнасці да складанасці. А як жа з дзяцінства засвоеная наіўную ісціна “беларуская мова лягчэйшая ад рускай: у ёй як чуеш — так і пішаш”? Сцвярджнне гэтае, вядома, памылковае. Таму, напэўна, і верым мы ў яго сапраўднасць толькі тады, калі нам гэта патрэбна.

З нядаўняга часу беларускую гаворку мая дачка дома чуе штодня. Мне цяжка прывыкнуць да таго, што яна, здараецца, перапытвае і ўдакладняе, не разумеючы сэнс некаторых слоў. Я, вядома, здзіўляюся і, здараецца, злуюся. Маўляў, як можна не разумець такіх відавочных рэчаў? Але ж насамрэч відавочныя яны толькі для мяне, чалавека, якога выгадавала беларуская вёска і вывучыла беларуская школа жывым беларускім словам. Мае дзеці гадуюцца ў іншым асяроддзі. Але ніхто (чуеце, змагары з-за гары) не перашкаджае мне стварыць у ім асобныя і асаблівыя ўмовы, якія не дазволяць страціць ім… беларускаць.

За гэта ў нашай краіне адназначна не даносяць і гарантавана не ператрушваюць. Не для таго на дзяржаўным узроўні ўзаконена права выбару мовы, на якой могуць размаўляць дарослыя і вучыцца дзеці. Паверце, добрыя ідэі на карысць грамадства і дзяржавы ў нас з удзячнасцю будуць успрыняты нават на замежнай мове. А вось заклікі да невядома якіх пераменаў і здзяйснення ваеннага перавароту або патрабаванне санкцый у адносінах да дзяржавы і яе грамадзян ні ў адной краіне свету не могуць выклікаць захаплення. Нават калі будуць гучаць на роднай мове. Адкрыць рот дзеля таго, каб зрабіць горш Беларусі на беларускай мове, — значыць, абразіць дзяржаву і яе грамадзян, здзекавацца з роднай мовы ды і наогул сябе зневажаць. І ніякая, дадаткова абазначаная на пісьме асіміляцыя па мяккасці, згодна граматыкі Б. Тарашкевіча, не стане аргументам і не будзе апраўданнем учынкаў “сьвядомых са сьветлымі тварамі”. Да чаго можа прывесці кардынальнае вырашэнне надуманай моўнай праблемы, мы ўжо ўбачылі на прыкладзе суседняй дзяржавы. На чужых памылках (у тым ліку моўных) вучыцца трэба.

Усе мы родам з беларускай вёскі. Нават калі вы “з’елі гарадскую булачку” (як некалі смяяліся дзядуля і бабуляй з нашай спробы гаварыць па-руску, прыехаўшы з вучобы), усё мы засцілалі на падлогу ходнікі, вешалі на вокны фіранкі, адпачывалі на ложку, накрываліся коўдраю і чакалі, пакуль маці на вячэру напячэ дранікаў? Ці не праўда?..

 

P.S. (гэтым маё веданне лацінкі абмяжоўваецца). А тым, хто да гэтых пор пакутуе ад “дэмакратычных” трынзенняў “дыктатурных” ператрусаў сказаць хацелася б адно: “Родныя словы на роднай мове заўсёды лягчэй успамінаюцца, запамінаюцца і ўжываюцца ў родным асяроддзі. За гэта (можаце не верыць — не прынцыпова) на маёй (ужо не вашай) Радзіме ніякага пакарання не прадугледжана. А вось на прыдбанай вамі чужыне забываюцца імгненна. Што ж, бязроднае бяспамяцтва — гэта ўжо само па сабе пакаранне. За нас не хвалюйцеся. У Беларусі усё добра. У тым ліку і з мовамі. Размаўляем — як ёмка, зручна, прывычна. Хто па-беларуску, хто па-руску. А яшчэ трасём трасянкаю. Без страху ператрусу”.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 592 раз Печать