“Каралеўскае” дзяцінства. Успаміны з удзячнасцю. Працягваем разам ствараць нашу агульную гістарычную памяць з Аленай Фадзееўнай Рэйкінай з Субачаў - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 29 Мая 2022 09:18

“Каралеўскае” дзяцінства. Успаміны з удзячнасцю. Працягваем разам ствараць нашу агульную гістарычную памяць з Аленай Фадзееўнай Рэйкінай з Субачаў

Час вярнуцца да нашых настальгічных вяртанняў у мінуўшчыну. Агульная наша мінуўшчына — яна, вядомаж, як стракатая коўдра, бо складаецца з невялікіх кавалачкаў — успамінаў кожнага з сучаснікаў. І выяўляецца тут адна заканамернасць: узгадваючы пра свае дзіцячыя і маладыя гады, нягледзячы на ўсе цяжкасці тых часоў, нават калі былі холад, голад і нястачы, кожны кажа пра той свой жыццёвы адрэзак з цеплынёй і ўдзячнасцю. Такая, напэўна, прырода чалавека: больш прыемным падаецца яму час мінулы, калі ён быў маладзейшы, усё навокал было цікавым, а наперадзе — шмат надзей, летуценняў і планаў. Таму і пускаемся мы з такой радасцю ў настальгічныя ўспаміны.

2022-05-26_11-46-44-9182

Такім чынам, працягваем разам ствараць нашу агульную гістарычную памяць, і сёння ў гэтым нам дапаможа даўняя прыхільніца “НЧ”, настаўнік і творчы чалавек Алена Фадзееўна РЭЙКІНА з Субачаў. Атрымаем, акрамя цікавых адметнасцяў і мудрасці жыццёвай, асалоду ад мілагучнай і сакавітай роднай мовы, за што нашай чытачцы вялікая ўдзячнасць. Ну, а вы — далучайцеся, дзяліцеся з намі і землякамі сваімі ўспамінамі пра дзіцячыя, юнацкія і маладыя гады, праведзеныя ў Ваўкавыску або яго наваколлях. Зараз жа — слова Алене Рэйкінай.

Нарадзілася я ў вялікай сям’і. У бацькоў нас было шасцёра. І ўсе дзяўчаты. Я была самай малодшай. Яніна, Францішка, Соф’я, Юзэфа, Вера, Алена. Але так ніхто ніколі нас не называў. Нават калі мы з дзяўчынак выраслі ў прыгожых дзяўчат, пасля сталі дарослымі жанчынамі і, нарэшце, зрабіліся бабулямі-пенсіянеркамі. Усё жыццё для бацькоў, родзічаў, сяброў, аднавяскоўцаў мы былі Яняй, Франяй, Зосяй, Зютай, Верай, і… Галкай.

Калі з імёнамі сясцёр яшчэ нейкая логіка прасочвалася, то маё — Алена — змянілася да непазнавальнасці. Магчыма, на вяскова-дыялектна-польскі манер: Алена-Гелена-Галя-Галка. Сёння для сваіх унукаў, гэтаксама, як для родных, блізкіх і аднавяскоўцаў, я таксама Галка.

0076

Сёння… Як многа часу сплыло. Як хутка пранесліся гады. Як адзін дзень. Як адно імгненне. Ад дзяцінства да дзявоцтва, ад сталасці да старасці. Здаецца, толькі ўчора было. Вось мама яшчэ з цёмным нацерла вялізную місу бульбы на бліны. Бацька натапіў печ мацней. Пах дранікаў стаіць на ўсю хату. Хочацца есці, трэба ўставаць у школу, а салодкі ранішні сон адганяе і апетыт, і жаданне вучыцца. Ах, матулька, колькі ж табе патрэбна было абабраць бульбін, каб накарміць нас, шасцёх дзяўчат!.. Не дзіва, што пад старасць так трэсліся і балелі твае рукі! Ах, татка, як жа цяжка табе прыходзілася працаваць, каб апрануць нас спачатку ў школу, пасля на танцы ды сабраць вясельны пасаг! Не дзіва, што пад старасць скардзіўся на ногі, што не хацелі хадзіць!

Тым не менш, былі мы і накормленыя, і апранутыя, і замуж годна павыхадзілі. Чаму? Прозвішча абавязвала. Кароль! Бацьку нашага так і звалі часцей: не Фадзей, або Тадзік, а Кароль. Ды і мама была ў вёсцы не Леанарда, а Караліха. Ну і мы пры бацьках сваіх — “каралеўскай” крыві дзяўчаты. Ды што там! Нават невялікае азярцо, каля якога стаяла наша хата, аднавяскоўцы называлі не іначай, як Каралёвым.

Бацькі нас любілі дужа. Шкадавалі. Але не папускалі. Сваё месца і абавязкі мы добра ведалі. Так і раслі, гадаваліся, сябравалі — і спрачаліся, бывала. Аднаго было не адняць — дружбавалі дужа, любілі адна адну, клапаціліся, бераглі. Падобныя не толькі знешне, але і родныя ў поўным сэнсе слова. Родненькія.

Сёння дзяўчынкі ясельнага ўзросту на вуліцы гуляюць з такімі прыгожымі лялькамі, возяць іх у калясках, як дарослыя. А я ў свой час такой лялькі не мела. У мяне была лялька, пашытая старэйшымі сёстрамі з анучак, замест каляскі — глыбокая кафля, куды я клала сваю ляльку і за прывязаную вяроўку цягнула па дарозе. І гэта была радасць і забава.

На невялікім азярцы (тым самым Каралёвым) цераз дарогу ад хаты ў асноўным плавалі гусі і качкі. А нам, малым, хапала розуму спаборнічаць на “лодках”, якімі служылі балейкі ды карытцы для мыцця бялізны. Сядалі ў сярэдзіну карыта, звесіўшы ногі па баках, а замест вёсел былі рукі. Так і пераплывалі возера хто хутчэй. Радасці было — не перадаць! Асабліва, калі ты быў першы.

З надыходам зімы прыходзілі новыя забавы. Возера замярзала. Старэйшыя дзеці рабілі круцёлку. Убівалі кола з воза ў лёд, прывязвалі доўгую жэрдку, да жэрдкі — сані. Раскручвалі кола, і жэрдка з санкамі круцілася. Чым не зімовая карусель? Гэта сёння ўзімку дзеці катаюцца на лыжах і каньках. У часы майго дзяцінства набыць іх не кожны мог сабе дазволіць. Пагэтаму мы з сястрой папрасілі ў таты, каб купіў нам хромавыя боты. У такіх у асноўным хадзілі мужчыны ды хлопчыкі. На іх выдатна можна было коўзацца з горкі. Бацька прывёз з горада дзве пары хлапчуковых ботаў. Радасці было — не перадаць. Каб магла, то і спала б у іх, не знімаючы.

У першы клас я пайшла ў Субачах. Пачатковая школа размяшчалася ў будынку сучаснага Дома культуры. Невялікія класы на другім паверсе, драўляныя парты і лавы, высокая столь і такія ж вокны. Былы панскі маёнтак быў максімальна прыладжаны да заняткаў пачатковай школы. Помню, як учора было, пах класаў, мэблі і падручнікаў. Маёй першай настаўніцай была Тамара Максімаўна Міклашэвіч. Я ёй вельмі ўдзячна і за веды, і за добрыя адносіны. Дзякаваць Богу, мы і сёння падтрымліваем з ёй сувязь.

Памятаю, як прыйшла першы раз у школу ў тых самых хромавых ботах. У той дзень пасля ўрокаў была рэпетыцыя — мы рыхтаваліся да навагодняга ранішніка. Вадзілі карагоды, танцавалі, спявалі. Тамара Максімаўна папрасіла, каб дзеці пазнімалі з ног абутак, каб не псаваць падлогі. А я ціха папрасіла настаўніцу: “Можна я не буду знімаць ботаў? Яны ў мяне новыя”. Яна ўсміхнулася і дазволіла. І я танцавала ў новых боціках. І мне здавалася, што ўвесь свет чуў, як яны парыпвалі ды прыстуквалі.

А якая смачная ў нашай школе была кава! У пачатковых класах на вялікім перапынку нам давалі па кубачку гарачага напою да прынесенага з дома абеду. Ну як абеду... Закручаны ў сурвэтку кавалачак хлеба. Смак чорнага хлеба са школьнай кавай я помню па сённяшні дзень. Таму, напэўна, так душа баліць за выкінуты кімсьці ў кантэйнер са смеццем недаедзены кавалачак чорнага хлеба або белага батона. Мы не галадалі. Але бацькі вучылі нас з пашанай ставіцца да хлеба. Нават лішняга.

У халоднай кладоўцы заўсёды стаялі дубовыя бочкі з квашанай капустай і салёнымі агуркамі і памідорамі, а яшчэ слоікі з варэннем з чарніц ды парэчак. Вось і ўсе нарыхтоўкі на зіму. А якімі смачнымі былі замарожанае сала або мяса, якія тата  прыносіў у хату з той самай кладоўкі! Клаў на дошку і дзяліў усім па скрыдэліку да хлеба. Зараз у маіх унукаў ёсць усё, ды апетыт не той. Тое не буду, гэта не хачу, адбіўныя надакучылі, катлеты абрыдлі і гэтак далей. Другі час, новае пакаленне, іншае стаўленне. Шкада мне крыху сённяшніх дзяцей. Мы бачылі дзяцінства, умелі гуляць і сябраваць, дапамагалі бацькам, паважалі старэйшых. Сёння нашым дзецям увесь свет засцяць тэлефоны…

У пяты клас я пайшла ў Дыхнавіцкую школу. З класным кіраўніком мне дужа пашанцавала. Марыя Канстанцінаўна Нядвецкая — незвычайны чалавек. Пад яе наглядам мы скончылі васьмігодку. Гэта быў час новых знаёмстваў, сяброў, настаўнікаў. Лідзія Сяргееўна Кітаева адкрыла для нас свет зразумелай фізікі. Тады ёй не было і трыццаці гадоў. Успамінаю яе са шчырай удзячнасцю і глыбокай пашанай. З гэтай цудоўнай жанчынай і настаўніцай пашчасціла вучыцца і маім дзецям. Дырэктарам Дыхнавіцкай школы быў Міхаіл Антонавіч Акулік, а яго жонка Браніслава Кірылаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Сям’я настаўнікаў карысталася павагай не толькі ў бацькоў, але і ў дзяцей.

Здаралася, снежнымі марознымі зімамі цяжка было дабірацца да школы, прыходзілася нават невялікі час жыць на кватэры. У школу нас, дзяцей, падвозілі рэйсавым аутобусам, які ў 7.15 адпраўляўся з Ваўкавыска, а ўрокі пачыналіся а 9-й гадзіне. Помню толькі адзінае сваё дзіцячае жаданне — паспаць. Дужа не хацелася ўставаць, спала да апошняга, часта прапускала сняданак. Ускоквала з ложка ў апошні момант, апраналася і бягом на аўтобус. Бывала, заскочу, дзверы зачыніліся, а дзеці вадзіцелю крычаць: “Пачакайце, нехта яшчэ бяжыць!” А гэта мама мая следам нясе сняданак. Я ўладкоўвалася на апошняе месца ў салоне і ела яшчэ гарачыя дранікі. Незвычайны пах стаяў на ўвесь аўтобус! Хто не мог стрымацца, далучаўся і ласаваўся разам са мною…

Не было ў нас надта шыкоўных убранняў, насілі часцей за ўсё адна з-пад адной і сукенкі, і паліто, і боцікі. У адной шлюбнай сукенцы па чарзе замуж выходзілі. Толькі вэлюм мянялі. Адна адной дзяцей даглядаць-гадаваць дапамагалі. Адна з нас, вылецеўшы з бацьковага гнязда, пакінула родную вёску. Недалёка, праўда, у абласны цэнтр за мужам паехала. Астатнія свае гнёзды звілі ў роднай вёсцы пры бацьках. Таму і дзеці нашыя сталі Каралёвымі ўнукамі звацца. Ох, і родненька жылі мы! Вялікай, дружнай, сямейнай талакою ўсё рабілі. І працавалі, і адпачывалі, і святкавалі. Не прынята ў нас было паасобку бульбу капаць, буракі палоць, сена рыхтаваць. Усе толькі разам, дружна, гуртам. Гэтаксама і святы сустракалі. Толькі ў бацькоўскай хаце. Толькі за вялікім агульным сталом.

Даўно няма ўжо таты з мамаю. Адляцелі назаўсёды і Яня з Франяй. А жыццё працягваецца. Гэтаксама, родненька. У дванаццаці ўнуках і дваццаці чатырох праўнуках. У маладых і маленькіх сэрцах новых нашчадкаў Караля…

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1677 раз Печать