Праект "Памяццю захоўваемыя". Успамінаем Героя Савецкага Саюза лётчыка падпалкоўніка Абрамчука Мікалая Іванавіча - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 12 Января 2023 19:08

Праект "Памяццю захоўваемыя". Успамінаем Героя Савецкага Саюза лётчыка падпалкоўніка Абрамчука Мікалая Іванавіча

Вайна адышла ў мінулае. Але гераічныя подзвігі нашых бацькоў і дзядоў у суровыя гады барацьбы супраць фашызму навекі залатымі літарамі ўпісаны ў слаўны летапіс нашага народа.

Жыхары Ізабелінскага сельскага Савета беражліва захоўва­юць у памяці імёны тых, хто ваяваў і загінуў. У цэнтры вёскі каля будынка сельсавета ўстаноўлены помнік Герою Савецкага Саюза лётчыку падпалкоўніку Абрамчуку Мікалаю Іванавічу.

Вельмі цяжкім было яго дзяцінства. Мікалай Іванавіч нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Раманаўка. З-за Першай сусветнай вайны сям’я Абрамчукоў эвакуіравалася ў цэнтральны раён Расіі. Там рана памерлі бацькі. У яго жыцці былі і беспрытульнасць, і дзіцячы дом, і праца на суднарамонтным заводзе.

Але лёс распарадзіўся па-іншаму. Па спецнабору з завода быў прыняты ў лётную школу. Вялікую Айчынную вайну сустрэў у асобай Кіеўскай ваеннай акрузе ў званні капітана. А ўжо 28 чэрвеня 1941 г. знішчыў першы варожы самалёт. Частыя баявыя вылеты, гібель сяброў, затым цяжкае раненне — усё спазнаў малады лётчык. Капітан Абрамчук здейсніў за вайну 300 баявых вылетаў, знішчыў асабіста 16 самалётаў праціўніка і 4 — у групавых баях. 9 кастрычніка 1943 года Мікалай Іванавіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У прадстаўленні да ўзнагароды было зазначана: “У паветраных схватках з ворагам дзерзкі, напорысты і заўсёды заставаўся пераможцам”.

Радзіма высока ацаніла бая­выя заслугі Мікалая Іванавіча. Ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, 10 медалямі, а таксама Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза.

 Пасля Перамогі працягваў служыць у авіяцыі. Яго веды і вопыт спатрэбіліся для выхавання маладых лётчыкаў. У 1954 годзе падпалкоўнік Мікалай Іванавіч Абрамчук пайшоў у адстаўку і жыў у Кіеве. Там і памёр 1 лютага 1974 года. Пахаваны на ваенных могілках, дзе яму пастаўлены помнік. А вось пабываць у роднай Раманаўцы, прайсціся па вясковай вуліцы пасля вайны яму так і не давялося, хоць ён аб гэтым марыў.

Сёння ў Ізабелінскай сярэдняй школе вучыцца прапраўнук Героя Уладзіслаў Палякоў. У Год гістарычнай памяці 30 красавіка на прышкольным участку настаўнікамі і вучнямі быў пасаджаны сад Героя ў гонар Героя Савецкага Саюза Мікалая Іванавіча Абрамчука.

Няхай не знікнуць з памяці людской

Героі слаўнай перамогі,

А могілкі не зарастуць травой,

Ператварыўшыся ў дарогі.

Уладзімір ЛУГОВІЧ, кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання ДУА “Сярэдняя школа в. Ізабелін”

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 256 раз Печать