Каб не пачалася новая вайна - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 05 Июня 2015 00:00

Каб не пачалася новая вайна

Автор

Бібліятэкі, як назапашвальнікі гістарычнай памяці, выступаюць інфармацыйнымі праваднікамі паміж пакаленнямі і застаюцца годнымі захавальнікамі патрыятычных традыцый. Перад імі стаіць нялёгкая задача - развіваць у падрастаючага пакалення праз кнігу высокую сацыяльную актыўнасць, грамадзянскую адказнасць, духоўнасць, любоў да сваёй Айчыны.

Патрыятычнае выхаванне ахоплівае даволі шырокі спектр каштоўнасцей і закранае самыя разнастайныя аспекты жыцця. Таму невыпадкова раённы семінар бібліятэкараў, што адбыўся на базе Вярэйкаўскай сельскай бібліятэкі напрыканцы мая, быў прысвечаны гэтай важнай тэме: «Роля бібліятэк у сістэме патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення».

Метадысты зрабілі кароткі аналіз дзейнасці бібліятэчных устаноў у гэтым напрамку, адзначылі лепшых. Паколькі сёлета шырокамаштабна адзначаецца 70-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам у Вялікай Айчыннай вайне, то падрабязней спыніліся на гэтай даце. У даўнія часы казалі: «Калі вайну забываюць, пачынаецца новая».

Сучасная моладзь ведае значна менш пра Вялікую Айчынную, чым іх аднагодкі 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Як чытаецца сягоння літаратура аб вайне? Якія адносіны да гэтай тэмы? Як захоўваецца гістарычная памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай, аб гераічных учынках нашых суайчыннікаў? Каб адказаць на гэтыя і іншыя пытанні, метадысты правялі спецыяльнае анкетаванне. Былі прапанаваны вельмі простыя пытанні, накшталт: «Ці чытаеце вы кнігі ваеннай тэматыкі?» На жаль, невялікі працэнт (20,5) моладзі адказаў станоўча, 70% чытаюць «час ад часу» і 9% не чытаюць увогуле.

Часцей за ўсё да чытання кніг аб вайне маладых людзей пабуджаюць адукацыйныя праграмы - 59,3%. 22,3% тлумачаць гэта жаданнем ведаць гісторыю сваёй краіны. 11,3% рэспандэнтаў адказалі, што проста любяць чытаць аб подзвігах і баявых дзеяннях. 7,1% рэспандэнтаў указалі іншы варыянт: яны звязваюць цікавасць да кнігі з нядаўнім праглядам фільма пра вайну.

На пытанне назваць пісьменнікаў-франтавікоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё ваеннай прозы, самы высокі рэйтынг аказаўся ў В. Быкава - 27,6% і Б. Васільева - 20,6%. Часта ў анкетах упаміналіся М. Шолахаў (19,3%), А. Твардоўскі (17,5%), К. Сіманаў (7,6%). Для 7,4% гэта пытанне выклікала цяжкасць пры адказе.

Такім чынам, вынікі апытання прадэманстравалі, што сучасная моладзь не зусім добра ведае нашу гісторыю. Не могуць назваць герояў вайны, не ведаюць аўтараў сусветна вядомых твораў. Аднак стапрацэнтна перакананы, што ваенная літаратура актуальная і ў наш час, таму што спрыяе станаўленню грамадзянскай свядомасці.

І тут, бясспрэчна, асветніцкая і выхаваўчая функцыя кладзецца на плечы бібліятэкараў, чый прамы абавязак даць падрастаючаму пакаленню магчымасць пазнаёміцца з кнігамі аб бітвах і героях, данесці інфармацыю аб гераічным мінулым нашай Радзімы рознымі формамі работы, прымальнымі для бібліятэкі.

Варта нагадаць, што дзейнасць нашых бібліятэк накіравана на захаванне гістарычнай памяці і перадачу яе падрастаючаму пакаленню праз сістэму інфармацыйна-бібліятэчных мерапрыемстваў, прадугледжаных мэтавай праграмай «Памятаем. Славім. Ганарымся», якая разлічана на 2014-2015 гады.

Вопытам работы па выхаванню дзяцей у героіка-гістарычных традыцыях дзялілася загадчык гарадской дзіцячай бібліятэкі Таццяна Пятроўна Леваненя. Аб асаблівасцях работы бібліятэкі аграгарадка вяла гаворку бібліятэкар Вярэйкаўскай СБ Тамара Генадзьеўна Вялічка. Затым да ўвагі калег быў прапанаваны гістарычны набат «Аб чым крычаць нямыя камяні» (на аснове матэрыялаў ваенных падзей па Вярэйкаўскай зоне). Метадысты прадэманстравалі дадатковыя матэрыялы для правядзення масавых мерапрыемстваў дадзенай тэматыкі ў электронным фармаце. Напрыканцы ў бібліятэкараў была магчымасць абмяняцца вопытам работы ў дадзеным накірунку, падзяліцца сваімі напрацоўкамі, абмеркаваць прапанаваную інфармацыю.

Надзея ГУДКО, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ваўкавыскай раённай бібліятэкі

Прочитано 2934 раз Печать