Праект "Смачна, нацыянальна": “Мяшанка” ад Алены Навіцкай - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 01 Августа 2021 13:21

Праект "Смачна, нацыянальна": “Мяшанка” ад Алены Навіцкай

Сёння мы працягваем наш новы смачны праект, які распачалі разам з Ваўкавыскім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці. У мінулы раз з жыхаркай аграгарадка Юбілейны Марыяй Бачынскай мы прыгатавалі “бабку па-панску”, а цяпер у госці нас запрасіла яе сваячка і аднасяльчанка Алена Навіцкая.

Кожная нацыянальная кухня мае прынамсі адну страву, вядомую ўсяму свету. А ёсць і такія, за якія гатовы паспрачацца кулінары розных краін. Напрыклад, знакаміты бігас, які лічаць “сваім” адначасова беларусы, немцы, палякі, украінцы, латышы і літоўцы. Існуе мноства варыяцый старадаўняга рэцэпта. Звычайна бігас гатаваўся са свежай або кіслай капусты з мясам дзічыны, фазана, перапёлкі, каўбасой або падчарэўкам, грыбамі, чарнаслівам, прыправамі, віном або півам. Працэс займаў некалькі гадзін, а пасля страва павінна была не менш за суткі настойвацца. Зразумела, што гатавалі і елі такую складаную смакату не кожны дзень, а, хіба што, на свята. А сёння разам з жыхаркай аграгарадка Юбілейны Аленай Навіцкай і яе ўнучкай Ксюшай мы прыгатуем спрошчаны варыянт знакамітай стравы, які атрымаў назву “мяшанка”.

— Рэцэпт гэты я ведаю ад сваіх бабулі і матулі, — расказ­вае Алена.— У нас, у Няверавічах, адкуль я родам, усе так гатавалі. Страва гэта паўсядзённая, гатуецца хутка і проста, і ў гаспадыні няма патрэбы доўгі час стаяць ля пліты. Падрыхтаваўшы ўсе прадукты, яна складала іх ў чыгунок, ставіла ў печ — і магла займацца іншымі справамі. На жаль, печы ў маёй кватэры няма, але “мяшанку” можна прыгатаваць і ў сучаснай духоўцы, і нават на пліце — і таксама будзе вельмі смачна.

— Якія прадукты нам спатрэбяцца?

— Як я ўжо казала, страва гэта простая, паўсядзённая, таму і прадукты ўсе простыя, недарагія — тое, што было ў гародзе і клеці. А зараз — у халадзільніку. Цыбулька, морквачка, капустка, бульбачка, грыбочкі… Часцей за ўсе “мяшанку” рабілі са свінымі рэбрамі, хто багацейшы — з мясам. Мы возьмем мяса. Можна ўсе прадукты закладваць у чыгунок сырымі, але мне больш падабаецца мяса крыху падсмажыць з цыбулькай і морквай на па­тэльні.

— Напэўна, сёння не ў кожнай гаспадыні знойдзецца чыгунок…

— Падыдзе любы посуд для тушэння, з тоўстымі сценкамі. Напрыклад, качачніца, вось яе і возьмем. Парэзанае невялікімі кавалачкамі мяса кладзём на дно. А затым усе прадукты будзем закладваць слаямі. Спачатку, адразу на мяса, рэжам цыбулю. Затым моркву націраем на бурачную тарку. Бульбу рэжам кубікамі або саломкай, як падабаецца. Кожны слой крыху падсольваем, дадаем прыпраўкі.

— А што за прыправа ў вас?

— О, такой прыправы вы не знойдзеце. Яе робіць мая суседка сама. Чаго тут толькі няма! Я нават і не ведаю ўсіх складнікаў. Перац, каляндра, кроп, кмен і яшчэ не ведаю што. Кожная гаспадыня можа дадаць па свайму густу тое, што падабаецца. Ну вось, пасля гэтага рэжам капусту, зноў пасолім і цяпер кладзём адвараныя грыбочкі.

— А грыбы якія? Шампіньёны?

— Можна і шампіньёны. Але я іх не люблю. Тыя, што ў магазіне, не маюць ні паху, ні смаку, а тыя, што мы на выганах збіраем, наадварот, і пах і смак маюць вельмі спецыфічны. Як кажуць, на аматара. Найбольш мне падабаюцца лісічкі, ад іх “мяшанка” не толькі смачнай, але і вельмі прыгожай атрымліваецца. Але зараз іх няма, таму будуць у нас масляты.

Унучка Ксюша ўвесь час з цікавасцю паглядае, што робіць бабуля. Яшчэ адна гас­падыня падрастае, ёсць каму сямейныя рэцэпты перадаць.

— Падабаецца табе “мяшанка”? Смачна атрымліваецца?

— Падабаецца, але я больш люблю тваражок і рыбу.

— А гатаваць бабулі дапамагаеш?

— Я не ўмею пакуль што. Магу морквачку пачысціць, парэзаць. Дома больш дапамагаю.

Спрытныя рукі гаспадыні хутка рэжуць і труць гародніну. Неўзабаве ўсе складнікі аказваюцца ў качачніцы.

— Ну вось, амаль усё. Наліваем прыкладна шклянку вады, накрываем і ставім у печ або на пліту, на невялікі агеньчык.

— А лепш у печ або на пліту?

— Гэта як каму падабаецца. На мой погляд, у печы “мяшанка” атрымліваецца асабліва духмянай, сакавітай. Некалі мае мама і бабуля толькі ў печы яе гатавалі. Ну, а я зараз гатую ў духоўцы, а калі трэба хуценька — то і проста на пліце.

— Дык, а чаму ж “мяшанка”? Мы ж нічога не змешвалі…

— А пра гэта я скажу, калі будзе гатова.

***

Пакуль “мяшанка” гатуецца, мы з гаспадыняй п’ём каву і размаўляем “аб жыцці”.

— Ці часта гатуеце “мяшанку” для сваей сям’і?

— Раней часцей гатавала. Страва смачная, каларыйная — і часу шмат не займае. Дачку навучыла, але яна ўжо крыху па-свойму робіць. Напрыклад, зараз кабачкі пойдуць, яна замест бульбы кабачок дадае. А я люблю традыцыйны рэцэпт, з бульбай.

— А наогул, больш любіце традыцыйную кухню або сучасную?

— Усялякую. І традыцыйныя стравы часта гатую: кішку, юшку, рыбу, запечаную у гарчыцы. Больш за ўсе люблю дранікі і бабку. Ну, і сучаснымі рэцэптамі цікаўлюся. Калі бачу ў інтэрнэце нешта новае, абавязкова спрабую прыгатаваць. Можна сказаць, што кулінарыя — маё хобі.

— А акрамя кулінарыі, чым любіце займацца? Хоць у вёсцы ў гаспадыні, напэўна, не так многа часу на хобі…

— Летам — так. А зімой магу дазволіць сабе заняцца чым-небудзь для душы. Вяжу, люблю шыць. У свой час скончыла вучылішча па спецыяльнасці “закройшчык дзіцячага і жаночага адзення”.

— Але ж, наколькі мне вядома, працуеце вы ў Доме культуры?

— Так, працую ў мясцовым Доме культуры рэжысёрам. У 2000 годзе скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысёр масавых абрадаў і святаў”. Ствараць для людзей свята — задача вельмі цікавая. Хоць і патрабуе многа энергіі і часу, разам з тым прыносіць вялікае задавальненне. Дазваляе праявіць усе свае творчыя здольнасці. Каб падрыхтаваць мерапрыемства, трэба і сцэнарый напісаць, і касцюмы прыдумаць і падрыхтаваць, і дэкарацыі для сцэны, а нярэдка — і ўзяць на сябе адну з роляў. Акрамя таго, ужо больш за 20 гадоў я з’яўляюся пастаяннай удзельніцай народнага сямейнага ансамбля “Сваякі”. Так што, мая работа — гэта і работа, і хобі.

***

Тым часам кухня паступова напаўняецца чароўным пахам смачнай ежы. Па словах Алены, кожны раз “мяшанка” атрымліваецца рознай:

— Усе залежыць ад складнікаў. Нават смак бульбы будзе год ад года іншы — і іншы будзе смак “мяшанкі”. Розныя грыбы даюць розны смак і пах. Зусім іншая страва атрымліваецца, калі гата­ваць не з мясам, а з рэбрамі, або замест свежай капусты ўзяць кіслую. Так што, вынік кожны раз розны.

Праз 40 хвілін гаспадыня здымае качачніцу з пліты і ставіць на стол:

— Вось цяпер наша “мяшанка” стане “мяшанкаю”. Таму што зараз мы яе — пера­мяшаем. І ўжо пасля гэта­га можна падаваць на стол. Можна са смятанаю, можна пасыпаць зялёнай цыбуляй і кропам. Ну, будзем спраба­ваць!

Страва, як і абяцала Алена, атрымалася прыгожай і “вясёленькай” ад яркіх кавалачкаў морквы і зеляніны. А на смак — проста песня! — па-другому не скажаш. Як музычны акорд складаецца з розных нот, так усе складнікі гэтай стравы, узаемна прапітаўшыся сокамі і прыправамі, злучаюцца ў адно і ўтвараюць незвычайны і шматгранны смак. Адным словам, мне спадабалася! Паспрабуйце і вы!

Калі вы любіце нацыянальную кухню, беларускую і не толькі, часта гатуеце традыцыйныя стравы, маеце свой “фірменны” сямейны рэцэпт і хацелі б падзяліцца кулінарнымі сакрэтамі з землякамі — мы запрашаем вас прыняць удзел у нашым праекце “Смачна, нацыянальна”. Патэлефануйце нам!

 

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2364 раз Печать