Крашанкі, пісанкі і маляванкі. Як фарбавалі яйкі нашы бабулі - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 22 Апреля 2016 00:00

Крашанкі, пісанкі і маляванкі. Як фарбавалі яйкі нашы бабулі

Лариса Прокопеня

Велікоднае яйка — традыцыйны сімвал, без якога мы не ўяўляем сабе гэтага свята.

А ці ведаеце вы, што традыцыя фарбаваць яйкі з’явілася яшчэ ў дахрысціянскі перыяд? Яна была звязана з веснавымі святамі і сімвалізавала абуджэнне прыроды. Фарбаваныя асаблівым чынам яйкі выкарыстоўваліся ў разнастайных абрадах: іх клалі на парог хлява, першы раз выганяючы жывёлу ў поле, закопвалі на ніве, каб добра расло збожжа. Фарбаваныя яйкі выкарыстоўваліся таксама ў абрадзе памінання продкаў — старажытны звычай прыносіць крашанкі на магілы ў дзень памінання і зараз існуе ў некаторых мясцінах. З прыняццем хрысціянства пісанкі ўвайшлі ў абрад святкавання Вялікадня.

Кожная гаспадыня імкнецца, каб яе крашанкі і пісанкі былі самымі прыгожымі і арыгінальнымі. Сёння ў крамах можна знайсці мноства разнастайных фарбаў і аздабленняў, з дапамогай якіх можна хутка ўпрыго­жыць яйка, ператварыць яго з «простага» ў «залатое». А вось нашы бабулі без усялякіх налепак і тэрмаплёнак умелі зрабіць з яйка сапраўдны твор мастацтва. Пра тое, як фарбаваць яйкі згодна з традыцыямі, нам расказала Яніна Іюльская, майстар народных промыслаў кіраўнік гуртка «Пісанка» раённага цэнтра рамёстваў у Росі.

— Традыцыйная ваўкавыская пісанка падобная да вядомай сапоцкінскай, — расказвае Яніна Вацлаваўна. — У нас таксама найбольш папулярнай была чорна-карычневая фарба, якая атрымлівалася з настою альховай кары. Альховая кара залівалася кіпнем і каля двух месяцаў вытрымлівалася ў халодным месцы. Акрамя таго, для фарбавання выкарыстоўваліся адвары розных зёлак і цыбульніка. Насыча­насць афарбоўкі залежала ад часу вытрымкі і ад канцэнтрацыі настою. Каб атрымаць яркі насычаны колер, яйкі прыхо­дзілася вытрымліваць у натуральных фарбніках па некалькі гадзін. Так што справа гэта была не хуткая.

Дарэчы, рыхтавацца да Вялікадня нашы продкі пачыналі задоўга да свята. Запасалі дзясяткі яек, бо пісанкамі абавязкова трэба было пачаставаць блізкіх і суседзяў. Першае атрыманае ад каго-небудзь велікоднае яйка лічылі цудадзейным, здольным абараніць хату ад пажару і маланкі.

У кожнай мясцовасці бытуюць свае традыцыі ў дэкараванні велікодных яек. Традыцыйная ваўкавыская пісанка выконвалася толькі ў бела-чорна-чырвоных колерах і распісвалася традыцыйнымі сімваламі. Толькі гэтыя, распісаныя па ўсіх канонах яйкі асвячаліся ў храмах, толькі імі разгаўляліся, іх дарылі родным і блізкім, захоўвалі ў чырвоным куце. А для розных велікодных забаў выкарыстоўваліся так званыя маляванкі, якія гаспадыні распісвалі ўжо на свой уласны густ. Для такіх яек дазвалялася ўжываць розныя колеры і розныя малюнкі. Яны не асвячаліся ў храме і, лічылася, не мелі боскай сілы. На велікодным стале пісанкам адводзілася месца вакол пірага, а маляванкі складалі асобна на прарослым аўсе.

Традыцыйнымі для пісанкі малюнкамі з’яўляліся знакі сонца, зямлі і паветра, разеткі і паўразеткі, галінкі і кветкі. Яны наносіліся з дапамогай простага інструмента — цвічка, забітага ў драўляную палачку, каб было зручней трымаць. Звычайна ў гаспадыні было некалькі такіх прыладаў з рознымі па памеры шляпкамі.

Для фарбавання таксама быў патрэбны пчаліны воск. Яго растаплівалі ў невялікай місачцы, устанавіўшы яе над свечкай. Цвічок макалі ў гарачы воск і наносілі ім малюнкі. З дапамогай іншага інструмента — леечкі — рабіўся арнамент у выглядзе паяскоў, ланцужкоў, завіткоў. Калі воск застываў, яйка клалі на некаль кі гадзін у фарбу. Затым воск з пафарбаванага такім чынам яйка здымалі. Для гэтага трымалі яйка над агнём, або апускалі ў гарачы цыбульнік і праціралі хусцінкай. Ачышчанае ад воску яйка націралі алеем ці салам і паліравалі кавалачкам шарсцяной тканіны.

Яшчэ адзін від традыцыйнай пісанкі — капанка, калі воск на яйка наносіўся не цвічком ці лейкай, а проста накапваўся свечкай свабодна — атрымліваліся прыгожыя падцёкі.

Яйка, пафарбаванае ў адзін колер без малюнкаў, называлася крашанка. Пазней гаспадыні сталі аздабляць крашанкі, прыкладаючы да іх на час фарбавання розныя зёлкі, лісточкі, кветачкі, каб атрымаліся адбіткі. У некаторых мясцінах рабілі яшчэ і драпанкі: на зафарбаваным яйку вострай іголкай наносілі малюнак. На Ваўкавышчыне гэты спосаб не быў распаўсюджаны.

Галоўнай умовай стварэння пісанкі быў добры настрой. Пачыналася гэтая справа абавязкова малітвай. Самая лепшая пісанка асвячалася ў храме, а затым падвешвалася ў чырвоным куце пад ікону Багародзіцы, дзе вісела ўвесь год да наступнага Вялікадня.

Сённяшнія гаспадыні часцей за ўсё выкарыстоўваюць гатовыя харчовыя фарбнікі, якія можна набыць у краме. З іх дапамогай мы можам паспрабаваць зрабіць рознакаляровае яйка-маляванку.

Падрыхтуем воск: расплавіць яго і падтрымліваць у такім стане вельмі зручна з дапамогай электрапліткі. Каб распісаць яйка ў некалькі колераў, пачы­наць трэба з самага светлага. З дапамогай цвічка гарачым воскам наносім на яйка малюнак. Праз хвіліну воск застыне — тады можна апускаць яйка ў фарбу, напрыклад, жоўтую. Яна павінна быць халоднай, інакш воск расплавіцца, і малюнак не атрымаецца. Праз некалькі хвілін дастаём яйка, прасушваем яго папяровай сурвэткай і зноў наносім малюнак воскам. Апускаем у наступны колер. Малюнак, нанесены на чыстае яйка, застанецца белым, той, што мы нанеслі ў другі раз, — жоўтым, астатняе яйка пафарбуецца ў новы колер. Так паўтараем, пакуль усё яйка не будзе пакрыта малюнкамі. Цяпер трэба зняць воск: для гэтага трэба крыху нагрэць яйка над агнём і акуратна зняць воск хусцінкай.

Такім чынам можна фарбаваць не толькі яйкі, але і шкарлупіны ад іх. Са шкарлупак-маляванак можна зрабіць цудоўныя велікодныя сувеніры: дрэўцы, пано, гірлянды — і ўпрыгожыць імі дом.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4607 раз Печать
Другие материалы в этой категории: «Пад мірным небам Беларусі» Где ты был? В библиотеке!