Паэтычнае слова ў якасці даніны памяці тым, хто змагаўся супраць фашызму і стаў яго ахвярай восем дзясяткаў гадоў таму, гучала на Ваўкавышчыне 9 ліпеня падчас акцыі “Пад мірным небам Беларусі”. Яе правяла група сяброў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Гродзенскага літаратурнага аб’яднання “Надзея”. Паэты чыталі свае вершы каля помнікаў піянерам і камсамольцам-падпольшчыкам у вёсцы Карпаўцы і на месцы спаленай фашыстамі вёскі Шавулічы.
У Карпаўцы акурат у гэты час пад’ехалі дзеці з летняга аздараўленчага лагера СШ № 5 г. Ваўкавыска. Юных слухачоў найбольш уразіў верш Святланы Глямбоцкай «Яблоки» под фуфайкой». Гэты твор яна прысвяціла подзвігу сваёй свякрові Марыі Мікандраўны Міхеевай, у дзявоцтве Жыгачовай, дачцэ камандзіра заставы, якая была сувязной партызанскага атрада. На возе ў кошыку для адцягвання ўвагі фашыстаў яна перавозіла звычайныя кіслыя яблыкі, а на сабе пад фуфайкай — «яблыкі» з выбуховым рэчывам.
Тамара Мазур патлумачыла ў сваім вершы сэнс памяці, увасобленай у помніках: “Помнікі ж, як вечныя салдаты, над магілай кожнай у страі”. Людміла Кебіч і Людміла Шаўчэнка падзяліліся творамі, напісанымі паводле ўспамінаў сваіх бацькоў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Дзмітрый Радзівончык прачытаў не толькі свае вершы, але і Мікалая Іваноўскага, які жыве ў Ваўкавыскім раёне і нядаўна выдаў паэтычны зборнік “Адгалоскі саракавых”. Крануў і ўрывак з нарыса Станіслава Вішнеўскага “Тэрмінова патрэбна сувязь”, які ён напісаў пра сваю родную цётку, педагога Вольгу Васільеўну Волах (Яфіменка). Падчас вайны яна была тэлефаністкай і ўдзельнічала ў вызваленні г. Ваўкавыска. Мемарыяльны комплекс “Шавулічы” ўразіў пісьменнікаў так моцна, што свае творы яны чыталі, ледзь стрымліваючы слёзы.
Месца сведчання відавочнага генацыду беларускага народа не можа не закрануць струны ніводнай жывой душы, тым больш паэтычнай.
Тамара МАЗУР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.