Выцінанка: новае жыццё старадаўняга мастацтва - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 22 Декабря 2024 14:15

Выцінанка: новае жыццё старадаўняга мастацтва

Напярэдадні Новага года многія з нас упрыгожваюць вокны ажурнымі сняжынкамі з паперы. Выразаючы нажніцамі мудрагелістыя ўзоры, мала хто задумваецца пра тое, што займаецца адным з традыцыйных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — выцінанкай.

Журналіст “НЧ” наведаў майстар-клас, які прайшоў у Ваўкавыскім цэнтры рамёстваў, каб навучыцца тонкасцям гэтай справы. Правяла яго член Саюза майстроў Беларусі па выцінанцы Марына Дубовік. Яна расказвае:

DSC_0085

— Выцінанка — від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якім з паперы выразаюцца ажурныя ўзоры. Гэта адзін з самых далікатных і прыгожых элементаў нашай культурнай спадчыны. Раней яна мела перш за ўсё прыкладное значэнне: гаспадыні засцілалі паліцы папяровымі сурвэткамі і вугольнікамі, упрыгожваючы іх разьбянымі ўзорамі. Папяровымі фіранкамі закрывалі шыбы ў вокнах. Звычайна перад Вялікаднем, калі наводзілі парадак перад святам, старыя папяровыя аздабленні збіралі і спальвалі, таму да нашага часу захавалася вельмі мала аўтэнтычных узораў. Выцінанка як від мастацтва дайшла да нас не столькі ў матэрыяльных прадметах, колькі ў навыках і ўменнях, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне. І гэта вельмі добра, што зараз мы іх развіваем і перадаём нашым дзецям.

Ад Кітая да Еўропы

DSC_0036

Выцінанка паходзіць з радзімы паперы — Кітая. За распаўсюджваннем гэтага матэрыялу ў іншых краінах распаўсюджвалася і тэхніка выразання з яго. Спачатку — у Японіі, Карэі, Інданезіі, а потым — у Персіі, Турцыі. У XVI стагоддзі ў Еўропе ў шляхецкім асяроддзі набывае папулярнасць сілуэтная выразка — папяровыя чорна-белыя рэалістычныя выявы людзей, прыродныя матывы, бытавыя сцэны. На тэрыторыі Беларусі першыя звесткі пра папяровую выразку адносяцца
да часоў ВКЛ, дзе прымянялася папяровае ўпрыгожванне для аховы васковых і сургучных пячатак на дакументах — кустодыя.

DSC_0039

Пасля з’яўлення мануфактур, якія выраблялі паперу, гэты матэрыял стаў даступным і ў народным асяродку. Людзі сталі выкарыстоўваць яго не толькі па прызначэнні, але і для творчасці. Выцінанка стала танным спосабам аздаблення жытла: з паперы вырэзвалі падзоры на паліцы, набожнікі на абразы, фіранкі на вокны, на захадзе Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі ўпрыгожвалі беленыя сцены жытла.

DSC_0045

У розных кутках краіны выцінанка называлася па-рознаму: выразанка, выстрыганка, выбіванка. Адрознівалася і тэхніка выканання. Акрамя нажніц выкарыстоўваліся і іншыя прылады. Напрыклад, узор маглі выбіваць з дапамогай долата, цвіка або металічнай трубкі — такім чынам атрымлівалася выбіванка. А вось сімвалы выцінанкі былі аднолькавыя ў розных рэгіёнах: дрэва жыцця, птушкі, сонца, дамы, жывёлы і людзі. Гэтыя малюнкі мелі магічны сэнс: людзі верылі, што пэўныя выявы дапамогуць пазбавіцца ад розных праблем, прынесці шчасце, лад у сям’ю і дабрабыт у дом.

DSC_0061

З развіццём лёгкай прамысловасці паперу замяніў тэкстыль, але выцінанка яшчэ працягвала існаваць, цяпер ужо на паркалі. Па меры таго як больш даступнымі станавіліся фабрычныя сурвэткі, гардзіны, дываны, самаробная папяровая выцінанка траціла папулярнасць і распаўсюджанне. Гаспадыні імкнуліся ўпрыгожыць свой дом “пакупным” убраннем, якое асацыявалася з дастаткам.

Мастацтва адрэзваць лішняе

Толькі прыкладна ў 80-х гадах мінулага стагоддзя выцінанка пачала адраджацца ўжо як від мастацтва. Зараз ёю займаюцца народныя майстры, у тым ліку — Марына Дубовік.

— Выцінанкай я займаюся ўсё жыццё, — расказвае яна. — З дзяцінства я памятаю, як разьбянымі папяровымі сурвэткамі і вугольнікамі мая бабуля засцілала паліцы, карункавымі фіранкамі з паперы завешвала шыбы. Мне было вельмі цікава разглядваць прыгожы малюнак, а яшчэ цікавей — самой узяць у рукі нажніцы. Спачатку я спрабавала вырэзваць простыя малюнкі, але паступова хацелася паспрабаваць усё больш адмысловыя. Сама не заўважыла, як выцінанка стала не толькі маім захапленнем, але і справай, якой я прысвяціла жыццё. Шмат часу я аддавала выцінанцы і падчас вучобы ў мастацкім вучылішчы імя Глебава, і потым, калі працавала выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў школе, і кіраўніком гуртка ў цэнтры рамёстваў. Займаюся і зараз. Мне цікава не толькі ўдасканальваць навыкі, але і вывучаць выцінанку як від мастацтва. Цікава яе гісторыя, традыцыі, тэхнікі.

DSC_0083

Гэтымі ведамі і навыкамі народны майстар дзеліцца з удзельнікамі майстар-класа:

— Каб зрабіць прыгожую выцінанку, трэба было пастарацца. Справа ў тым, што раней асноўным інструментам майстрых былі нажніцы, якімі стрыглі авечак, — Марына Уладзіміраўна паказвае вялікія нажніцы з музея народнага быту, гледзячы на якія вельмі складана ўявіць сабе, што з іх дапамогай можна зрабіць нешта вытанчанае. Між тым нашы продкі валодалі імі віртуозна, маглі і авечку пастрыгчы, і ажурную фіранку выразаць. Сёння ўдзельнікам майстар-класа не прыдзецца браць у рукі гэту прыладу. Будзем працаваць звычайнымі канцылярскімі нажніцамі.

DSC_0094

— Па тэхніцы выканання выцінанка бывае разеткавай, люстэркавай і рапартнай, — расказвае майстрыха. — Першы тып, разеткавы, — самы вядомы. Папера складваецца ў выгля­дзе трохкутніка ў 4, 6, 8 разоў такім чынам, што восі сіметрыі перакрыжоўваюцца ў цэнтры, і па згібах вырэзваюцца ўзоры. Гэта самы вядомы від выцінанкі, менавіта так атрымліваюцца сняжынкі, якімі мы ўсе ўпрыгожваем вокны перад зімнімі святамі.

Пад кіраўніцтвам Марыны Ула­дзіміраўны хлопчыкі і дзяўчынкі вырэзваюць ажурныя сняжынкі. Відавочна, што справа гэта ім добра знаёма, таму ўжо праз некалькі хвілін на стале ўтвараецца сапраўдны “снегапад”. На чарзе — больш складаная форма.

— А зараз мы паспрабуем зрабіць больш складаную выцінанку — люстэркавую. Яна мае вертыкальную вось сіметрыі, ад якой справа і злева, як у люстэрку, паўтараецца малюнак, — тлумачыць майстар. — Каб атрымалася такая выцінанка, мы складваем ліст паперы папалам. Цяпер алоўкам намалюем эскіз, напрыклад, птушачку на галінцы. Вы намалюйце, а я магу выразаць і без малюнка…

DSC_0119

Упэўненая рука Марыны Уладзіміраўны хутка і дакладна накіроўвае нажніцы, адсякаючы лішняе, і з белага ліста паўстае птушка. Спачатку з’яўляецца дзюбка, потым крылцы і хвосцік — і вось ужо сінічка на галінцы, здаецца, заспявае сваю звонкую песню.

— А зараз будзе фокус, — Марына Ула­дзіміраўна разварочвае складзены ўдвая ліст – і на галінцы атрымліваецца дзве птушкі. — Вось таму гэта выцінанка і называецца люстэркавай.

Напрыканцы майстар-класа яго ўдзе­льнікі знаёмяцца яшчэ з адным відам выцінанкі, рапартным, калі ліст паперы складваецца “гармонікам”. Сколькі разоў складзена папера — столькі разоў выразаны ўзор будзе паўтарацца па гарызанталі. Такім спосабам выразалі фіранкі на вокны, падзоры для паліц, дэкаратыўныя аблямоўкі для абразоў і люстэркаў.

Зноў у “трэндах”

Выдатнай ілюстрацыяй да атрыманай падчас майстар-класа інфармацыі стала выстава работ Марыны Уладзіміраўны “Чароўны свет выцінанкі”, якая якраз праходзіць у центры рамёстваў. Карыстаючыся выпадкам, мы наведалі яе ра­зам з аўтарам.

— Сучасная выцінанка можа ўяўляць сабой складаныя кампазіцыі з некалькіх відаў, выкананыя ў некалькіх колерах. Яна вылучаецца разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі дызайнерскімі рашэннямі, але заўсёды арыентуецца на традыцыйныя народныя матывы і тэхнікі, — тлумачыць мастачка. — У сваіх работах я таксама часта звяртаюся да традыцыйных вобразаў, такіх як дрэва, карагод, ручнік, зразумела, па-свойму іх пераасэнсоўваючы і адлюстроўваючы.

DSC_0121

У работах Марыны Дубовік выцінанка набыла сучаснае “гучанне”, але не згубіла і традыцыйных рыс. Кожны яе твор — складаная гісторыя са сваім сюжэтам, для адлюстравання якога майстар выкарыстоўвае розныя віды выцінанкі. Адмысловыя, вытанчаныя карункі пераплятаюцца, спалучаюцца, утвараючы яшчэ больш складаныя выявы без адзінай кроплі клея.

— Усе гэтыя работы выкананы шляхам складвання і вырэзвання. Зрэдку я карыстаюся разаком, але ў асноўным працую нажніцамі. Іншы раз, каб выразаць адзін элемент, трэба скласці паперу дзясяткі разоў.

DSC_0143

У наш час выцінанка атрымала другое жыццё. Сёння яна ўжо не мае ўтылітарнай функцыі, яна існуе “для прыгажосці”. У выглядзе навагодняга аздаблення на вокнах, у дэкаратыўных пано, на віншавальных паштоўках. Яна актыўна выкарыстоўваецца ма­дэльерамі адзення і дызайнерамі інтэр’ераў. Выцінанка працягвае ­жыць, яна зноў “у трэндах”.

DSC_0159

DSC_0162

DSC_0173

Фото автора

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 146 раз Печать