Пра свет, апеты голасам душы - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 26 Августа 2025 10:34

Пра свет, апеты голасам душы

Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне адзначаецца з 1994 года, па ініцыятыве Міністэрства культуры і друку. Спачатку — у жніўні, а крыху пазней, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”, дату перанеслі на першую нядзелю верасня.

Сёлета гэты дзень першага восеньскага тыдня прыпаў на 7 верасня. Прымаць ХХХII Дзень беларускага пісьменства будзе Ліда, дзе зараз завяршаюцца падрыхтоўчыя работы. Як вядома, гэта свята традыцыйна праводзіцца ў гарадах і пасёлках з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць славутых беларускіх дзеячоў культуры і асветы, літаратараў, паэтаў, пісьменнікаў. Трэба адзначыць, што сярод ураджэнцаў Лідчыны шмат вядомых асоб, маючых дачыненне да беларускай культуры, сярод якіх, напрыклад, паэт Валянцін Таўлай, якому ў Дзень пісьменства будзе адкрыты помнік.

Лёгка зразумець, чаму ў Полацку гэта свята праводзілі ўжо тройчы: горад даў свету вялікіх асветнікаў Еуфрасінню Полацкую і Францішка Скарыну — імёны, якімі ганарыцца ўся Беларусь. Дарэчы, сёлетні Дзень пісьменства прысвечаны таксама 500-годдзю з моманту выдання першай кнігі на беларускай зямлі, славутага “Апостала” Францішка Скарыны. Сярод амаль 30 іншых месцаў правядзення свята Тураў і Навагрудак, Пінск і Орша, Заслаўе і Шклоў, Шчучын і Зэльва, Слонім і Івацэвічы...

Спадзяюся, што і наш Ваўкавыск калі-небудзь стане сталіцай свята пісьменства. Заслужыў ён гэта права, і не толькі сваёй старажытнасцю, але і вялікай лічбай таленавітых ураджэнцаў, упісаўшых свае імёны ў гісторыю літаратуры. Усіх тут і не пералічыш, таму нагадаем толькі некаторых. З каго пачаць? Будзем прытрымлівацца храналогіі.

Паўлюк Шукайла

изображение_viber_2025-08-21_10-46-21-346

Не з самога Ваўкавыска, але з Ваўкавышчыны. Нарадзіўся ў 1904 годзе ў Малой Лапеніцы Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні. Беларускі савецкі паэт, крытык. Удзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі. Член КПЗБ. У канцы 1924—пачатку 1925 года нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Працаваў рэдактарам Слуцкай акруговай газеты “Вясковы будаўнiк”, сакратаром райкама партыі ў Расонах, кіраваў аддзяленнем моладзевага літаратурнага аб’яднання “Маладняк” у Слуцку. Стварыў і рэдагаваў літаратурны часопіс “Росквiт”. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі акруговай газеты “Чырвоная Полаччына”.

У 1928 годзе ў Маскве арганізаваў беларускую секцыю Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, выпусціў альманах беларускай паэзіі “Наступ”.

Яго арыштоўвалі тройчы — у 1930, 1935 і 1938 гадах. Паміж арыштамі ён знаходзіў у сабе сілы і мужнасць працягваць вучобу, дзейнасць, творчасць. У пачатку 30-х — дырэктар Цэнтральнага тэхнікума тэатральнага мастацтва. З лістапада 1931 года — загадчык кафедры метадалогіі кіно Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі, адказны рэдактар газеты “Кіно”. З 1933 года — віцэ-прэзідэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Пасля другога арышту і вызвалення працаваў сцэнарыстам на кінастудыі “Міжрабпамфільм”.

Трэці арышт аказаўся ракавым. 13 красавіка 1939 года Павел Захаравіч Шукайла быў прыгавораны Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага Суда СССР да вышэйшай меры пакарання за ўдзел у контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі. Расстраляны 14 красавіка 1939 года. Рэабілітаваны праз 20 гадоў, дзень у дзень — 14 красавіка 1959 года.

Яго асоба выклікае вельмі неадназначныя ацэнкі: хто кажа — авантурыст і скандаліст, а хто — добры, са шчырым сэрцам, сапраўдны патрыёт. У літаратуры — таксама бунтар, аматар эксперыментаў. Але вось чытаю ягонае “Марыльцы” і не хочацца даваць ніякіх ацэнак.

Мары марыш Марылька,

Смехам душыш слёзы…

Гавары радная гаварыка

Аб чым там шэпчуць Бярозы…

Засмейся, засмейся Марылька!

Жыццё абсмей смехам.

Хвілінкі мяняюцца хвілінкамі,

Жыццё з хвілінак — рэха…

(правапіс адаптаваны да сучаснага)

Алесь Карпюк

изображение_viber_2025-08-21_10-47-53-539

Савецкі і беларускі пісьменнік. Нарадзіўся Аляксей Нікіфаравіч Карпюк 14 красавіка 1920 года ў вёсцы Страшава Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Беластоцкае ваяводства).

У 1939 г. паступіў у Навагрудскае педвучылішча, якое скончыў у 1941 г., напярэдадні вайны. Ён прайшоў праз мноства выпрабаванняў, удзельнічаў у падпольнай і партызанскай барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі, зведаў нямецкі палон, лагер смяротнікаў Штутгоф, уцёкі, франтавыя баі, два цяжкія раненні, інваліднасць.

Пасля заканчэння аддзялення англійскай мовы Гродзенскага педінстытута (1949 г.) А. Карпюк у 1951—1953 гг. працаваў дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна. Затым — у Гродзенскім педінстытуце, у абласной газеце “Гро-
дзенская праўда”, уласным карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”, загадваў агенцтвам
“Інтурыст”, быў дырэктарам Рэспубліканскага
музея атэізму і рэлігіі, сакратаром абласнога
аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Член СП СССР з 1953 г.

Заслужаны работнік культуры БССР (1980 г.), лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя І. Мележа (1986 г.) за кнігу “Сучасны канфлікт”. Творчасць А. Карпюка непасрэдна злучаецца з месцамі Гродзеншчыны, з тутэйшымі чалавечымі лёсамі. Ды і сама біяграфія пісьменніка стала часткай яго кніг, асабліва такіх, як “Данута”, “Пушчанская Адысея”, “Свежая рыба”, “Карані”. Пра яго аповесць “Дзяўчына з Ваўкавыска” журналіст і крытык Вадзім Жураўлёў пісаў: “Я быў рады разам з Маняй, гераіняй … аповесці Карпюка “Дзяўчына з Ваўкавыска”, падняцца на Шведскую гару... Там пасля хмельнага выпускнога балю разам з аднакласнікамі сустракаў світанак, а пазней практыку; і ў тое лета побач з Нінай — аднакурсніцай, будучай жонкай — паднімаўся на Шведскую гару і нам было добра…”.

А сам Аляксей Карпюк пра свае адносіны да літаратуры сказаў так: “Пісанне стала маім лёсам. Я знайшоў спосаб, як быць найбольш карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!”.

Мікалай Чаркашын

изображение_viber_2025-08-21_10-59-33-807

Мікалай Андрэевіч Чаркашын — савецкі і расійскі журналіст і таленавіты пісьменнік-марыніст, аўтар гістарычных расследаванняў, савецкі афіцэр-падводнік. Нарадзіўся 25 лістапада 1946 года ў горадзе Ваўкавыск. Скончыў філасофскі факультэт і аспірантуру МДУ імя М. В. Ламаносава па спецыяльнасці “гісторыя рускай філасофіі”. Служыў на Паўночным флоце на 4-й эскадры падводных лодак — самым буйным у свеце злучэнні падводных лодак. Удзельнічаў у далёкіх марскіх паходах у Атлантычным акіяне і Міжземным моры. Марак па прафесіі, Мікалай Андрэевіч прысвяціў сваю пісьменніцкую творчасць гераічнай і драматычнай гісторыі Рускага флота і яго героям. Яго бібліяграфія складаецца з дзясяткаў дакументальных і мастацкіх твораў, аўтар мае і літаратурныя ўзнагароды.

Пайшоўшы ў запас, капітан Чаркашын пачаў часта наведвацца на сваю малую радзіму. У Ваўкавыскім, Свіслацкім, Зэльвенскім і іншых раёнах ён займаецца пошукавай работай. І па крупінцы адноўленыя падзеі часоў Вялікай Айчыннай кладуцца ў аснову яго новых твораў. Мікалай Андрэевіч сустракаўся з чытачамі ў раённых бібліятэках, даваў інтэрв’ю “Нашаму часу”, расказваючы пра свае кнігі і сваю вахту памяці. Вельмі прыемна чуць, з якой шчырай сімпатыяй успамінае марак-пісьменнік наш горад і праве-
дзенае ў ім дзяцінства. Нават аповесць пра гэта напісаў. Яна так і называецца “Хлопчык з Ваўкавыска”. Такое вось нечаканае прывітанне “Дзяўчыне з Ваўкавыска” Алеся Карпюка. Мосцік, перакінуты праз раку Часу.

Георгій Кісялёў

изображение_viber_2025-08-21_11-07-07-613

Георгій Кісялёў, светлая памяць яму, быў членам двух Саюзаў пісьменнікаў — беларускага і Саюзнай дзяржавы, вядомым паэтам і перакладчыкам, літаратурным крытыкам, лаўрэатам абласной прэміі імя А. І. Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” ў намінацыі “Пісьменнік года” ў 2021 годзе. Публікаваўся ў расійскіх альманахах і часопісах, у тым ліку такіх знакамітых, як “Маладая гвардыя”, “Нява”, “Наш сучаснік”. У Беларусі быў пастаянным аўтарам часопіса «Нёман». А яшчэ ён быў нашым калегам-журналістам і не адзін год працаваў у рэдакцыі ваўкавыскай “раёнкі”. Таму для нас Георгій Іванавіч назаўжды застанецца “нашым” і ў памяці — заўсёды жывым.

Ён нарадзіўся ў Расіі, аднак Беларусь, дзе пражыў каля трыццаці гадоў, Георгій Іванавіч лічыў сваёй другой радзімай і прысвяціў ёй шмат пранікнёных паэтычных радкоў. Многія з іх публікаваліся ў Ваўкавыскай раённай газеце, а таксама ў зборніках.

О, Беларусь! Я говор полюбил

Твой нынешний и поколений прошлых!

И столько братских на тебе могил

И пепелищ, малинником поросших!

Другим народам свет добра неся,

О, Беларусь, не в приступе гордыни,

Храни свои угодья и леса,

Храни свои преданья и святыни!..

Мікалай Іваноўскі

Ивановский

І сёння на Ваўкавышчыне шмат літаратараў, якія жывуць і пішуць свае творы побач з намі. Амаль кожны год выхо-
дзіць зборнік (або нават два) вершаў Мікалая Іваноўскага, які жыве ў вёсцы Пачуйкі.

Мікалай Іваноўскі — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко ў намінацыі “Пісьменнік 2022 года”. Галоўная тэма яго творчасці — родныя мясціны, людзі вакол — блізкія, суседзі. Шмат месца ў паэзіі Мікалая Пятровіча займае лёс Беларусі, мінулая вайна, памяць і ўшанаванне загінуўшых, заклік да захавання міру на Зямлі. Лірычныя радкі прысвечаны непаўторнай прыгажосці беларускай прыроды, успамінам з дзяцінства і юнацтва — калі чытаеш, немагчыма не падзяляць з аўтарам яго пачуцці. Асобнае месца ў творчасці нашага паэта займаюць кнігі, напісаныя для дзяцей.

У мінулым годзе выйшаў у свет зборнік лірыкі Мікалая Іваноўскага пад назвай “Адгалоскі саракавых”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Знайшлі сваіх верных чытачоў таксама іншыя кнігі, як ранейшыя, так і новыя: “Нашчадкі роду Іваноўскіх”, “Пяром і сэрцам”, “Загадкі на ўсе выпадкі”, “Сцяжынка дзяцінства”, “Вострым зрокам”, “Кроплі расы”, “Духмяны падарунак”, “Суквецце любові”.

Вершы Іваноўскага друкуюцца таксама ў калектыўных зборніках, літаратурных журналах, ваўкавыскай “раёнцы”.

Няўжо гэта праўда, што кнігу трымаю,

Пра тых, каго сэрцам, душою кахаю?

Не снілася нават, не бачыў у мроях,

Мае дарагія вы, людзі-героі.

О, як мне прыемна, сябры і вяскоўцы,

Пачуць з вашых вуснаў

Пра род наш тут слоўцы.

Нішто не забыта, ніхто не забыты,

У сэрцах і душах жывых вы зашыты.

Магутную рэчаньку поўніць вадзіца,

Што шчыра нясуць ёй азерцы, крыніца.

Заўжды, ад дарослага і да малечы,

Нашчадкамі славіцца род чалавечы.

Замест эпілога

На жаль, немагчыма нават проста пералічыць усіх нашых землякоў, хто сваёй творчасцю ўзбагаціў беларускую, і не толькі, літаратуру. На маёй кніжнай паліцы стаяць кнігі Віктара Курловіча, Вячаслава Макуця, Галіны Смок, на старонках “Ваўкавышчыны літаратурнай” друкуюцца таксама вершы іншых таленавітых аўтараў. Таму ў Ваўкавыска ёсць усе падставы ў адзін з бліжэйшых гадоў стаць сталіцай беларускага пісьменства. А пакуль што — святкуем у Лідзе!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 101 раз Печать