Паспяховая дыскатэка: міф ці рэальнасць? - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 18 Мая 2017 09:51

Паспяховая дыскатэка: міф ці рэальнасць?

У Ваўкавыскім раёне Гродзеншчыны не адзін год паспяхова працуе Плябанаўскі дом культуры (поўная назва яго — аддзел культуры і дасугу “Плябанаўскі Дом культуры” Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці), прыцягваючы на танцавальныя вечары часам і сотні маладых людзей. А вось астатнія клубы ў раёне працуюць на дыскатэчнай “дзялянцы” не так паспяхова.

Як адзначыла “К” дырэктар Ваўкавыскага РЦКіНТ Галіна Чарапок, сёння начныя дыскатэкі (да 2-й ночы) ладзяцца ў чатырох клубных установах, яшчэ ў пяці яны праводзяцца да паўночы. Астатнія клубы (яшчэ 10) дыскатэкі для моладзі не праводзяць, абмяжоўваючыся дзіцячымі.

Дык вось, статыстыка за 2016 год наступная: у Плябанаўскім ДК прадалі на начныя дыскатэкі 6 тысяч 990 білетаў, у Ізабелінскім ДК — 391 білет, у Вярэйкаўскім ДК — 196 білетаў, у Краснасельскім ДК — 47 білетаў. Пакіну гэтыя лічбы без каментарыяў, і дам слова двум дырэктарам двух клубаў Ваўкавыскага раёна — з вёсак Плябанаўцы і Ізабелін.

Аляксандр БАБІН, дырэктар Плябанаўскага Дома культуры:

— Напачатку крыху статыстыкі. У 2016 годзе на платнай аснове нашым Домам культуры былі абслужаны 6 тысяч 990 наведвальнікаў, праведзена 55 дыскатэчных мерапрыемстваў, зароблена 18 з невялікім тысяч рублёў. Ужо сёлета (даныя на канец сакавіка) праведзена 14 дыскатэк, колькасць наведвальнікаў — 2 тысячы 577 чалавек, зароблена 6 тысяч 552 рублі. У 2016 годзе сярэдняя наведвальнасць 1 дыскатэкі склала 127 чалавек, а сёлета сярэдняя наведвальнасць павялічылася да 197 чалавек.

На мой погляд, сёння ёсць шэраг фактараў, якія ўплываюць на жаданне падлеткаў і моладзі наведваць дыскатэкі. Па-першае, магчымасць зносін і жаданне знайсці новых знаёмых. Па-другое, кожны хоча “выплюхнуць” энергію ў танцы, а таксама паказаць сябе. Усё гэта можна зрабіць на нашых дыскатэчных мерапрыемствах, бо Плёбы сёння — сапраўдны брэнд, вядомы далёка за межамі раёна.

Што да правядзення дыскатэк, дык усе памкненні работнікаў сферы культуры правесці іх на належным узроўні, на мой погляд, могуць упірацца ў шэраг праблемных фактараў. Па-першае, надзяленне залішняй адказнасцю арганізатараў дыскатэкі, якім даводзіцца самастойна сачыць за наведвальнікамі, за аховай парадку за межамі клуба і гэтак далей. А тое, па сутнасці, проста нерэальна, бо ва ўстанове культуры, як вядома, працуе 2 — 3 чалавекі, якія за ўсім прасачыць не могуць. Таму трэба, каб гэта рабілі праваахоўныя органы. Да таго ж, на маю думку, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры трэба выключыць ці, прынамсі, неяк удакладніць пункт 9.2 артыкула 237 (паводле якога прадугледжана не дапускаць асоб у алкагольным ап’яненні на дыскатэчныя мерапрыемствы), бо правесці медыцынскі агляд наведвальніка клубныя супрацоўнікі проста не ў стане. Па-другое, адсутнасць сродкаў на першапачатковую раскрутку дыскатэкі. Па-трэцяе, недахоп кваліфікаваных кадраў на месцах, а ў некаторых выпадках — і адсутнасць жадання іх уладкоўвацца на працу ў клуб. Па-чацвёртае, няма матэрыяльнага стымулявання за паспяховае правядзенне дыскатэкі (гадоў 10 таму яно было). І, нарэшце, часам бачу нежаданне культработнікаў (маю на ўвазе найперш асоб перадпенсійнага ўзросту) займацца моладдзю. Акрамя таго, некаторым маім калегам не дазваляюць праводзіць дыскатэкі да 2-й гадзіны ночы, хаця вядомая культработнікам пастанова Савета Міністраў краіны № 582 была адменена яшчэ ў пачатку 2017 года...

Наталля СЕРЫК, дырэктар Ізабелінскага дома культуры:

— Мы ладзім дыскатэкі штосуботы, але прыходзіць на іх вельмі мала маладых людзей. Бывае пяць чалавек завітае, бывае — пятнаццаць. І гэта нягледзячы на тое, што гадоў дзесяць таму нашы танцавальныя мерапрыемствы і сам клуб былі вядомыя і за межамі раёна. Да нас, на нашы дыскатэкі, прыязджалі патанцаваць з Свіслаччыны, Зэльвеншчыны...

Магчыма, моладзь перастала да нас завітваць, бо на некаторы час установу закрывалі на рамонт, перакрывалі ў ёй дах. Акрамя таго, цяпер у Ізабеліне не так шмат моладзі — 10 чалавек старэйшага за 15 гадоў узросту. Таму ладзім, у асноўным, дыскатэкі для дзяцей, але і на іх прыходзіць няшмат чалавек.

Мы “піярым” сябе ў сацыяльных сетках, стварылі ў іх свае суполкі, дзе даём абвесткі пра дыскатэкі, а таксама праз аб’явы, але вялікага эфекту апошнія захады пакуль не даюць — нягледзячы на тое, што наша танцавальная зала можа прыняць да 300 чалавек і маем добрую гукаўзмацняльную і светлавую апаратуру (набылі ў 2015 годзе)...

Як бачна, прывабіць на свае дыскатэкі моладзь сёння можна: пагадзіцеся, амаль 200 чалавек на кожнай дыскатэцы — нямала, прычым нават не толькі са свайго паселішча ці раёна, але і з суседніх наваколляў. Тым больш, пастанова Савета Міністраў № 582 на сёння сапраўды адменена, і на дыскатэчныя мерапрыемствы, якія ладзяцца ў начны час, не трэба прасіць асобны дазвол у мясцовых органаў улады.

Натуральна, брэнд ёсць брэнд, і наўрад ці Дом культуры ў тым або іншым паселішчы Беларусі зможа адразу прывабіць да сябе сотні маладых людзей на свае дыскатэчныя мерапрыемствы, стварыўшы суполкі ў сацыяльных сетках ды набыўшы якасную апаратуру. Тут, мабыць, варта гаварыць пра цэлы шэраг фактараў, якія ўплываюць на паспяховасць дыскатэкі і адзін з іх — можа, нават, і галоўны — гэта асоба самога арганізатара, яго харызма, ягоны аўтарытэт...

Без такой харызмы і аўтарытэту і самая найноўшая апаратура не ўратуе ад пустых залаў. Калі вы з гэтым нязгодныя — завітайце на старонку суполкі “Плёбы”, створаную ў адной з папулярных сацыяльных сетак, і паглядзіце на фота з сельскіх дыскатэк, пачытайце пад імі ўдзячныя каментарыі Аляксандру Бабіну за класна праведзеныя мерапрыемствы... Або ўвогуле прыязджайце ў Плябанаўскі ДК у суботу. Менавіта там, у невялікі сельскім клубе, сёння можна ўбачыць, што сельская маладзёжная дыскатэка жыве і карыстаецца вялікім попытам. І калі яна жыве ў адным ДК, дык чаму ж ёй не жыць у іншым?

kimpress.by

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2348 раз Печать