Гісторыка-краязнаўчы музей Субацкага дзіцячага сада–сярэдняй школы адзначае маленькі юбілей — яму споўнілася пяць гадоў - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 20 Декабря 2020 14:15

Гісторыка-краязнаўчы музей Субацкага дзіцячага сада–сярэдняй школы адзначае маленькі юбілей — яму споўнілася пяць гадоў

Пра яго ролю ў патрыятычным выхаванні дашкольнікаў і навучэнцаў распавядае выхавальнік дашкольнай адукацыі гэтай установы Яніна ВІТУС.

Дашкольны ўзрост — найбольш спрыяльны для фарміравання патрыятычных пачуццяў і развіцця духоўнасці. Галоўнай умовай патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту выступае стварэнне абстаноўкі вакол дзіцяці, якая садзейнічае фарміраванню ведаў аб Радзіме, праяўленню эмацыянальнага  водгуку, заахвочвае да практычнай  дзейнасці. У кожнай групе ў нас створаны вугалкі патрыятычнага выхавання, дзе сабраны багаты гісторыка-краязнаўчы і метадычны матэрыял. Музей паступова становіцца для іх крыніцай новых ведаў. Для большасці нашых дзяцей гэта першы музей у жыцці. Дашкольнікі з вялікім задавальненнем знаёмяцца з невядомымі раней прадметамі і з’явамі. Прыемна, што тут яны адчуваюць радасць пазнання, глыбокія эмацыянальныя перажыванні. Адна справа — бачыць старадаўнія прадметы на фотаздымку, зусім іншая — патрымаць у руках гэтыя рэчы, разгледзець іх сваімі вачыма.

Асаблівую цікавасць выклікаюць у іх прадметы народнай творчасці, старадаўнія інструменты, посуд. Любяць дзеці пагартаць фоталетапіс школы, асобныя альбомы, прысвечаныя першаму дырэктару Субацкай СШ Рэгіне Віктараўне Якубчык і настаўнікам.

Для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў у музеі падрыхтаваны экскурсіі “Серп і хлебная лапата — кармільцы сялянскай сям’і”, “Па рабоце майстра знаць”, “Да вытокаў душой дакрануўшыся”, “Здабыткі нашых добрых рук”, “Сваякі электрапрыбораў у сялянскай хаце”, “Як жылі нашы продкі”, “Бабулін ручнік”, для старшых — конкурсы, пазнавальна-гульнёвыя праграмы, сустрэчы, даследчая дзейнасць, а таксама экскурсіі. Што бы сёння ні гаварылі, дзяцей хвалююць іх карані, мінулае, памяць пра сваіх продкаў.

Школьны гісторыка-краязнаўчы музей быў адкрыты на аснове музейнага пакоя 18 снежня 2015 года. Яго нязменным кіраўніком усе гады з’яўляецца Пётр Леанідавіч Рэйкін. Больш за 30 гадоў назад ён пачаў збіраць прадметы працы і быту, старую зброю і дакументы. Тады яшчэ жылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, якія маглі па­дзяліцца сваімі ўспамінамі і асабістымі рэчамі, удзельнічалі ў сустрэчах і святах.

У музеі аформлены экспазіцыі “З гісторыі вёскі”, “Славуты этнограф Міхаіл Федароўскі”, “Баявы шлях групы “Стойкія”, “Яны прайшлі дарогамі вайны”, “Ахвяры вайны”, “З гісторыі гаспадаркі “Зара і К”, “З гісторыі школы” і іншыя.

А яшчэ тут часта праходзяць музейныя ўрокі, якія з'яўляюцца багатай крыніцай для выкарыстання і развіцця лепшых традыцый мінулага і сучаснага Беларусі.

Нядаўна ў рамках тыдня, прысвечанага юбілею гісторыка-краязнаўчага музея, падарожжа ў мінулае здзейснілі першакласнікі. Пабываўшы ў “Беларускай хатцы”, яны даведаліся, “як кашуля ў полі вырасла”. Дзеці пазнаёміліся з працэсам вырошчвання і перапрацоўкі льну ў даўнія часы. Доўгую і цяжкую ў даўніну ручную працу зараз робяць спецыяльныя машыны — пра гэта таксама расказалі малым. Але старыя прылады і рэчы, якія былі зроблены з іх дапамогай, усіх цікавілі больш. Такое дачыненне да гісторыі сваёй малой радзімы захоўваюць у сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак гонар, павагу і любоў да гэтага роднага куточка зямлі, а значыць, і ўсёй Беларусі.

Елена ВЕРУШ

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1296 раз Печать