Чым займаліся дзеці ў лагеры “Непаседы” СШ № 4 г. Ваўкавыска - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 10 Августа 2022 14:47

Чым займаліся дзеці ў лагеры “Непаседы” СШ № 4 г. Ваўкавыска

У гэтым годзе мне ўпершыню давялося працаваць педагогам-арганізатарам у школьным лагеры СШ № 4 г. Ваўкавыска. Пачуццё цеплыні і задавальнення перапаўняла маё сэрца.

Сорак шэсць пар дзіцячых вачэй уважліва і цікаўна пазіралі на мяне. Я адчула, нібы цэлы вялікі свет зліўся ў адзін — маленькі.

Кожны дзень – гэта асобная старонка, якая мела сваю назву. На ёй размясціліся розныя дзіцячыя забавы, гульні, спартыўныя мерапрыемствы, нават творчыя майстэрні.

Я, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, з нецярпеннем чакала пятнаццатага дня, які павінен быў адкрыцца з новай старонкі – “Мая Радзіма”. Усе выхаваўчыя мерапрыемствы ў гэты дзень праводзіліся на беларускай мове, нават хвілінка здароўя і бяспекі. На занятках творчых майстэрняў дзеці выраблялі вожыкаў, буслоў, малявалі родныя сэрцу краявіды. “Малюнкі родныя і з’явы! Як вы мне любы, як цікавы!”, — успомніліся словы беларускага пісьменніка Якуба Коласа з паэмы “Новая зямля”. Колькі шчасця было ў вачах дзяцей, калі яны працавалі! Мне было прыемна назіраць, як кожны імкнецца ўкласці ў свой малюнак ці выраб нешта значнае і вялікае.

Цікава і запамінальна прайшла гульня “Радзіма белых буслоў”. Дзеці з задавальненнем чыталі вершы пра свой родны край, з замілаваннем слухалі песні беларускіх выканаўцаў. Асабліва вабіла іх падарожжа па Беларусі, якое праводзілася па станцыях.

Незвычайнае пачуццё задавальнення агарнула маё сэрца. Дзіцячая сям’я, у якой я апынулася, падарыла мне хвіліны радасці і шчасця. Хацелася несці і далей дзецям святло роднага слова і краю. І цяпер я з упэўненасцю магу сказаць, што жыццё ў лагеры – гэта часцінка маленькай радзімы.

Святлана ЖЫШКО, педагог-арганізатар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 773 раз Печать