Мы жывём у час усеагульнай інфарматызацыі — даволі неадназначнай з’явы (ці явы?). Патрэбна адзначыць (ці зазначыць?), што інфармацыйнае асяроддзе (ці асяродак?) патрабуе абачлівага (ці бачнага?) стаўлення (ці станаўлення?). Насцярожанасць (ці засцярогу?) выклікаюць многія ўстаноўкі (ці ўстановы?) у сучаснай інфармацыйнай прасторы. Сёння любая нататка (ці натацыя?) можа паслужыць запалкай (ці запальнічкай?) для інфармацыйнай вайны.
АДЧУЙ РОЗНІЦУ
З’ява (рус. явление). Праяўленне ў выглядзе змен, рэакцый, адносін. Навальніца — прыродная з’ява.
Ява (рус. явь). Рэальнасць. Усё адбывалася, на жаль, на яве, а не ў сне.
Адзначыць (рус. отметить). Звярнуць увагу. Дырэктар адзначыў выдатную работу калектыву.
Зазначыць (рус. отметить, заметить, указать). Адзначыць. Выкладчык зазначыў некалькі моцных кантрольных работ.
Асяроддзе (рус. среда). Сацыяльныя ўмовы. Віртуальнае асяроддзе стварае ілюзію поўнай свабоды.
Асяродак (рус. среда). Тое, што і асяроддзе. Сацыяльны асяродак фарміруе нас як асоб.
Абачлівы (рус. осторожный, рассудительный, предусмотрительный). Асцярожны, разважлівы, прадбачлівы. Кіраўніком ён быў абачлівым.
Бачны (рус. видный). Даступны зроку. Лес быў далёка бачны.
Стаўленне (рус. отношение). Маё стаўленне да вас не змянілася.
Станаўленне (рус. становление). Гэта быў перыяд станаўлення яго як пісьменніка.
Насцярожанасць (рус. настороженность). Напружана-трывожнае чаканне. Сітуацыя выклікала насцярожанасць.
Засцярога (рус. предосторожность, предохранение, защита). Незвычайна асцярожныя адносіны. Лішняя засцярога не пашкодзіць.
Устаноўка (рус. установка). Арыенціроўка, дырэктыва, прынцып, указанне. На пясяджэнні ўдзельнікі атрымалі патрэбную ўстаноўку.
Установа (рус. учреждение). Дзяржаўная ці грамадская арганізацыя, занятая пэўнай дзейнасцю. Установа адукацыі забяспечвае занятасць дзяцей у шосты дзень.
Нататка (рус. заметка). Кароткае друкаванае паведамленне, артыкул. Нататка ў газеце выклікала рэзананс.
Натацыя (рус. нотация, нравоучение). Настаўленне, павучанне. Чытаць натацыі бацька не браўся.
Запалка (рус. спичка). Запаліць агонь не атрымлівалася: запалкі адсырэлі.
Запальнічка (рус. зажигалака). Хлопец паднёс запальнічку да цыгарэты.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.