Узоры жыцця: сапраўдная беларуская вышыванка - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 01 Декабря 2020 18:39

Узоры жыцця: сапраўдная беларуская вышыванка

Ці добра ведаем мы, што такое сапраўдная беларуская вышыванка? Які сэнс нясуць яе, на першы погляд, простыя сімвалы? Пра ўсё гэта лепш за іншых ведае майстрыха з Трунцоў Уладзіслава Антонаўна Харытонік, якая час ад часу дае цудоўныя майстар-класы ў СШ № 2 г. Ваўкавыска.

Адкрываю бабулін куфэрак… Колькі тут прыгожых рэчаў, створаных з любоўю, надзеяй, марамі пра будучыню! Вялікі белы абрус, багата аздоблены вышыўкай і карункамі — святочны, яго засцілалі, калі ў дом прыходзілі госці. Яшчэ адзін ручнік — з галубамі, гэта вясельны… Усе рэчы багата вышыты мудрагелістымі ўзорамі, сярод якіх можна разгледзець і дзівосныя расліны, і чароўных птушак, і незвычайных жывёл. Некалі вышыванка была самым папулярным сродкам упрыгожвання адзення і побытавых рэчаў.

На доўгія гады вышыванка была незаслужана забыта, адкінута як састарэлая, аджыўшая, несучасная. Убачыць яе можна было толькі ў краязнаўчых музеях або на фальклорных святах. Нават уявіць сабе сучасную кашулю, а тым больш вячэрнюю сукенку з вышыванкай было немагчыма. І ўсё ж… Сёння беларуская вышыванка адраджаецца. Як элемент дызайну яе выкарыстоўваюць у сваіх калекцыях мадэльеры многіх модных брэндаў. Рэчы, аздобленыя традыцыйнымі беларускімі ўзорамі, карыстаюцца сенсацыйным попытам. Адзенне з нацыянальным арнаментам з задавальненнем носяць і дзеці, і дарослыя.

Бліжэй пазнаёміцца з беларускай вышыванкай можна ў музеі “Беларуская народная творчасць” сярэдняй школы № 2 г. Ваўкавыска. Педагагічны калектыў і вучні школы беражліва збіраюць, захоўваюць і вывучаюць прадметы беларускай даўніны, якія засталіся нам у спадчыну. У музеі можна ўбачыць мноства ручнікоў і абрусаў, вышыванак, упрыгожаных традыцый-нымі ўзорамі майстрыхі, жыхаркі вёскі Трунцы Уладзіславы Антонаўны Харытонік. Яна вельмі часта наведвае школьны музей з майстар-класамі па вышыўцы для вучняў і дарослых, вядзе гутаркі пра традыцыйны беларускі арнамент. Уладзіслава Антонаўна ўпэўнена, што гэта своеасаблівы абярэг ад зла. Невыпадкова спецыяльнымі сімваламі аздабляліся рукавы, падол, каўнер адзення, тыя месцы, праз якія да чалавека маглі трапіць злыя духі. Часцей за ўсё ў арнаменце выкарыстоўваліся геаметрычныя матывы: кругі, ромбы, кропкі, лініі, крыжыкі, з якіх складаліся простыя сімвалы: «сонца» «дождж», «агонь», «дзіця»… Кожны сімвал мае свой сакральны сэнс. У пазнейшы час сімвалы становяцца больш складанымі, у вышыванцы з’яўляюцца раслінныя матывы і выявы жывёл. А вось колеры, якія выкарыстоўваліся ў рабоце, застаюцца нязменнымі: чырвоны ўзор на белым фоне. Белы сімвалізаваў чысціню, чырвоны — колер сонца, крыві, самога жыцця.

Па вышыванцы можна было пазнаць, з якой мясцовасці жанчына. Напрыклад, на Ваўкавышчыне гаспадыні аздаблялі фартухі не толькі па падоле, але абавязкова вышывалі канцы завязак і кішэню. Для нашай, ваўкавыскай, вышыванкі характэрны сціплыя, нязыркія колеры. Але цяпер ужо цяжка знайсці «чыста ваўкавыскі» ўзор. Паступова традыцыі розных раёнаў змешваліся. У вёсцы як бывала? Хлопец узяў замуж дзяўчыну з другой мясцовасці, яна прывезла з сабой пасаг: пасцель, ручнікі, кашулі… Прывезла сваю моду, іншыя фасоны, узоры карункаў, вышыўкі. Жанчыны ўбачылі, перанялі. Вось да мясцовых традыцый далучыліся новыя. У ХХ стагоддзі майстрыхі ўсё больш сталі аддаваць перавагу вышыўцы гладдзю. Яна ўжо не мела сакральнай функцыі, хоць некаторы сімвалізм і традыцыйнасць у ёй таксама можна прасачыць.

Майстар вышыўкі, 70-гадовая Уладзіслава Антонаўна Харытонік, памятае, якія цудоўныя ўражанні пакінулі ў яе ўрокі працоўнага навучання ў школе. Менавіта ў гэтыя шчаслівыя гады і была закладзена аснова будучага хобі цікаўнай і бойкай дзяўчынкі. Вёска Дуброўнікі, тады Поразаўскага раёна, адкуль яна родам, з даўніх часоў славілася сваімі майстрамі і ўмельцамі. І бабуля, і маці вышывалі гладдзю настольнікі, прасціны, ткалі ручнікі, посцілкі, палавікі, дываны. Да работы з малога прывучалі дзяцей, таму Уладзіслава “з пялёнак” самастойна ўмее ўсё гэта рабіць. Сям’я была вялікая: чацвёра дзяцей — два хлопчыкі, дзве дзяўчынкі. Жылі бедна, дзеці дапамагалі бацькам весці хатнюю гаспадарку. Вырошчвалі лён, які ўручную ўбіралі і апрацоўвалі, затым пралі і ткалі на кроснах ручнікі, абрусы, посцілкі. Усе жанкі вёскі збіраліся разам і вышывалі. З таго самага часу, як адчула Уладзіслава задавальненне ад зробленай працы, як зразумела, які моцны творчы стымул гэта дае, вышываць яна ўжо не пакідала. Ледзь не паўстагоддзя майстрыха ўдасканальвала свае навыкі і зараз можа з упэўненасцю эксперта даваць парады іншым, кансультаваць тых, хто толькі захапіўся народнымі рамёствамі. Трэба сказаць, ёсць з кім і самой параіцца.

Гасцям Уладзіслава Антонаўна заўсёды рада. Яе пакой напалову застаўлены жывымі кветкамі-вазонамі. Праз зелень гэтай расліннасці яшчэ ярчэй выглядае куток з абразамі, упрыгожаны вышыванымі і тканымі ручнікамі. На мэблі — вышытыя крыжыкам вугалочкі, на падлозе — тканыя палавікі. Ложак ля грубкі засланы тканай коўдрай разнастайнага колеру і рознага арнаментнага аздаблення.

“Навошта столькі вышыванак? — папыталіся мы. — Што для вас яны наогул значаць?” І пачулі ў адказ: “Гэта маё жыццё. Нялёгкае яно было. У гэтых яркіх прыгожых вышыванках мае мары і надзеі. Я ніколі нікому іх не прадам. Хай застануцца маім унукам і добрым людзям”.

Уладзіслава Антонаўна беражна згортвала кожную сваю работу і вучыла нас, як трэба абыходзіцца з рэчамі, каб яны доўга служылі. Напрыканцы мы спыталі ў гаспадыні, колькі часу, на яе думку, будзе працягвацца жыццё вышыванкі. Уладзіслава Антонаўна — жанчына мудрая, таму адказала шчыра: “Колькі будзе жыць беларус”.

Нельга, каб пра яе майстэрства ведалі толькі аднавяскоўцы.

Сёння рэчы з бабулінага куфэрка вяртаюцца да жыцця. Яны перастаюць быць толькі экспанатамі краязнаўчага музея і зноў займаюць месцы на сталах, сценах і паліцах. Ім жыць яшчэ і жыць…

Іна АГЕЙ, кіраўнік школьнага музея

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 872 раз Печать