У якім фармаце пройдзе сёлета ў Ваўкавыскім раёне навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” і якія прыемнасці дарослыя рыхтуюць для дзяцей - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Четверг, 02 Декабря 2021 09:51

У якім фармаце пройдзе сёлета ў Ваўкавыскім раёне навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” і якія прыемнасці дарослыя рыхтуюць для дзяцей

Усяго месяц застаўся да свята, якога чакаюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Дзяўчаты і хлапчукі чакаюць салодкіх, і не толькі, падарункаў, а дарослых чакаюць клопаты.

Але кожны дарослы адкажа з упэўненасцю, што гэтыя клопаты прыемныя. У Ваўкавыскім раёне, як і па ўсёй Беларусі, кожны год праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”.

У якім фармаце акцыя пройдзе сёлета і якія прыемнасці дарослыя рыхтуюць для дзяцей, “НЧ” запытаў у начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Міхаіла СЯМЁНЧЫКА.

— Міхаіл Баляслававіч, калі дакладна пройдзе акцыя “Нашы дзеці” ў Ваўкавыскім раёне?

— У адпаведнасці з рашэннем Ваўкавыскага райвыканкама раённая навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пройдзе з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022 года. У рамках акцыі запланавана шмат святаў, ранішнікаў і  іншых мерапрыемстваў, якія рыхтуем мы — дарослыя. А асноўнымі іх удзельнікамі стануць дзеці. Гэта навучэнцы, узнагароджаныя па выніках раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў, конкурсаў прафесійнага майстэрства і спартыўных спаборніцтваў; навучэнцы, якія маюць поспехі ў грамадскай рабоце; дзеці-сіроты, а таксама дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, выхаванцы дзіцячых інтэрнатных устаноў; дзеці-інваліды; дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў і гэтак далей.

У дабрачынных навагодніх святах абавязкова прыме ўдзел кіраўніцтва Ваўкавыскага райвыканкама, дэпутацкі корпус, госці з абласных і рэспубліканскіх органаў кіравання і грамадскіх аб’яднанняў. Яны завітаюць да рабят з добрым настроем і падарункамі.

— Якім чынам праходзіць падрыхтоўка да гэтай акцыі?

— На сённяшні дзень створаны арганізацыйны камітэт па правядзенню раённых  дабрачынных навагодніх святаў для дзяцей пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама С. С. Чаркоўскага. У бліжэйшы час арганізацыйны камітэт вызначыць месцы правядзення дабрачынных навагодніх святаў і зацвердзіць план іх падрыхтоўкі. Пасля чаго акцыя перайдзе ў актыўную фазу — распачнуцца мерапрыемствы, запланаваныя ў яе рамках.

— З якіх сродкаў будзе ажыццяўляцца фінансаванне правядзення святаў, набыццё салодкіх падарункаў?

— Упраўленнем адукацыі райвыканкама распрацаваны і зацверджаны каштарыс адпаведных расходаў. З раённага бюджэту выдзелена амаль 64 тысячы рублёў на гэтыя мэты. Будуць закуплены навагоднія падарункі для наступных катэгорый дзяцей: вучням 1—4 класаў устаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, вучням дзяржаўных устаноў адукацыі “Ваўкавыскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі”, “Ваўкавыская дапаможная школа-інтэрнат”, выхаванцам дзяржаўнай установы адукацыі “Ваўкавыскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр”, дзецям-інвалідам, дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў.

Таксама я ўпэўнены, што акцыю падтрымаюць прадпрыемствы нашага раёна, якім мы, дарэчы, ужо накіравалі прапановы прыняць удзел у раённай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” і правесці дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей работнікаў арганізацый, у тым ліку для дзяцей з мнагадзетных сямей і сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Я лічу, што і грамадскія аб’яднанні, як і штогод, прымуць самы актыўны ўдзел у гэтай добрай справе.

— Ці будуць ладзіцца навагоднія святы абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўню ў гэтым годзе? Калі так, ці будуць прымаць удзел юныя ваўкавычане ў гэтых мерапрыемствах?

— Безумоўна, абласное і рэспубліканскае навагоднія святы плануюцца, і мы забяспечым дастаўку на іх дзіцячых дэлегацый Ваўкавыскага раёна.

Фёдар МІКАЛАЕЎ

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 300 раз Печать