Мне цяжка зразумець тых людзей, якія могуць абыходзіцца мінімумам у сваёй кватэры, што не бачыла рамонту з моманту засялення, але штогод і не раз выпраўляюцца пры любой спрыяльнай магчымасці на мора. Гэтаксама, як і тых, хто не выходзіць са стану рамонту некалькі гадоў запар. Сярод маіх знаёмых няма такіх, што, збіраючы грошы на паездку ў цёплыя краіны, спяць на надуўным матрасе і карыстаюцца адной каструляй. Затое ёсць такія, што самыя не бачылі мора і дзецям сваім паказаць яго не маюць намеру. Маўляў, мы ж пражылі неяк без курортаў і нічога, жывыя. Пры гэтым свае працоўныя водпускі плануюць на многа гадоў наперад. З кожных наступных «адпускных» вокны ўстаўляюць, ламінат на падлогу кладуць, столь удасканальваюць, шпалеры на сценах мяняюць, мэблю ў кватэры абнаўляюць. Ёсць умоўны дыягназ “шалёныя дачнікі”. А як назваць такіх вось, апантаных удасканальваннем асабістага жытла? Здавалася б, нічога кепскага ў тым, што чалавек стварае спрыяльныя побытавыя ўмовы вакол сябе. Але часам гэта даходзіць да абсурду.
Я не праціўнік рамонтаў у доме. Я прыхільнік пазіцыі “зрабіў і забыў”, пажадана, на некалькі гадоў наперад. Знаходзіцца ў стане рамонту некалькі гадоў запар або аднаўляць яго штогод для мяне — адхіленне ад нормы. Нядаўна прачытала цікавую інфармацыю: аказваецца, шпалеры ў доме патрэбна мяняць праз кожныя тры, максімум, пяць гадоў. А няхай яго (сказала б мая бабуля і я яе падтрымліваю)! Больш, чым клеіць “абоі”, я, напэўна, не люблю толькі прасаваць бялізну. Гэта тыя работы, каторыя я выконваю літаральна аўтаматычна, па прынцыпе “вочы б не бачылі, а рукі робяць”. Прыкладна так я і правяла некалькі выхадных дзён у роднай вёсцы.
Гэтае лета мама вырашыла прысвяціць рамонту ў кватэры. Збіралася і настройвалася доўга. Справа не ў тым, што апошні рамонт быў не тры і нават не пяць гадоў таму, а больш за дзесяць і патрабаваў даволі шмат грошай ці фізічных намаганняў. Прычыны яе перажыванняў аказаліся больш асабістымі і глыбокімі. І дазналася я аб іх выпадкова, задаўшы, здавалася б, звычайнае пытанне: “Мама, вы з бацькам жывяце ўдваіх. Навошта вам у кватэры тры вялізныя шафы, два камоды, антрысолі і кладоўкі, ад падлогі да столі закладзеныя рэчамі?..” Я дала зразумець: перш чым рабіць рамонт, патрэбна правесці рэвізію літаральна ўсіх паліц у кватэры, “прасаніраваць” залежы, пазбавіцца ад непатрэбшчыны і вызваліць прастору. Але гэта і стала самай вялікай праблемай і сапраўднымі іспытамі, перад якімі нават самы складаны рамонт — справа насамрэч плёвая.
— Мама, навошта ў шафе вісіць гэтая сукенка? Яна хіба Соню чакае?.. — Ты што, гэта ж памяць. Мая, яшчэ дзявочая, купленая з першага заробку. Я тады столькі грошай аддала. Затое на танцах было вачэй не адвесці! Я ў ёй з вашым бацькам пазнаёмілася… — А касцюм гэты, шэры? Ён каго чакае, хіба што Ціхана? Таксама першы, толькі ўжо бацькаў?.. — усміхнулася я. — Ага. Першы. Вясельны. Жаніўся ён у ім. Як сёння помню…
Убачыўшы агеньчыкі ў маміных вачах і тое, як пасвятлеў яе твар ад успамінаў маладосці, я, цяжка ўздыхнуўшы, зноў павесіла сукеначна-касцюмную “памяць” у шафу. Як жа выкінуць гэтыя рэчы, калі з імі столькі ўспамінаў звязана? Каб вы ведалі, з якім боем далей мне прыйшлося адваёўваць свабоду паліц у шафах, камодах, антрысолях і кладоўках! Кожная рэч, якой я вынесла вымуву аб высяленні з дому, як аказалася, пражыла цэлае жыццё і да гэтага часу з павагай да яе гісторыі беражна захоўвалася.
У выніку супрацьстаяння многія паважаныя “старажылы”, якія зберагаліся і захоўваліся выключна як памяць, былі “рэабілітаваны”. Дзіцячая коўдра, завернутую ў якую мяне, нованароджаную, забіралі з раддому. Вязаны блакітны “канверт” для немаўляці, які быў падораны на нараджэнне майму малодшаму брату. Басаножкі, якія былі прывезены мамай з першай паездкі ў водпуск на Чорнае мора. Дзіцячае паліто са штурнага футра, у якім выгадаваліся ўсе дваюродныя браты і сёстры. Дыван, куплены з першага настаўніцкага заробку ў атрыманую кватэру на наваселле. Крэсла-ложак, якое пашчасціла прыдбаць у складаныя 90-я, адстаяўшы ледзь не цэлую ноч у чарзе каля крамы. Настольная лямпа, якая не гарыць ужо некалькі гадоў, але гэта першы бацькаў падарунак як класнаму кіраўніку…
На жаль, я вымушана была прызнаць, што ўсе “залежы” ў шафах мелі важную падставу для “рэабілітацыі” і ўважлівую прычыну для вяртання ў хатні “архіў”. Чаму? Усё проста. Усе яны некалі былі першымі. А значыць, запомніліся настолькі, што забыць іх немагчыма, а выкінуць — тым большы грэх. Толькі на першы погляд гэтая апантаная прывязанасць да рэчаў выглядае смешна. А калі задумацца… Насамрэч чалавек прывязаны не да рэчаў, а да ўспамінаў, якія з імі звязаны. Пазбавіцца ад рэчаў лёгка. Цяжка адпусціць падзеі і людзей, якіх ўспамінаеш, гледзячы на гэтыя рэчы. Гэта як страціць частку жыцця, няхай сабе і пражытую.
Перабіраючы ад часу пажаўцелыя фотаздымкі ў альбомах, знайшла тыя самыя — адпускныя чарнаморскія. На іх яшчэ зусім малы брат пад штучнай пальмай і я гадоў васьмі з малпачкай на плячы. Побач зусім малады бацька і мама …у тых самых, прывезеных з мора басаножках. Я на некалькі хвілін нават пачула шум мора, адчула пах саленага ветру, спякотнага сонца і боль ад падрапанага малпай пляча. Выкінуць з антрысоляў маміны басаножкі — гэта тое самае, што парваць гэты фотаздымак. А значыць — пазбавіцца прыемных успамінаў. І, хутчэй за ўсё, — страціць жаданне паўтарыць шчаслівыя моманты мінулага жыцця ў сучасным ці будучым. Толькі ўжо для сваіх дзяцей…
Рамонт скончаны. Новыя шпалеры, пафарбаваная падлога, абноўленая столь. У хаце нібы з’явілася больш прастору і стала лягчэй дыхаць. Пустыя антрысолі. Паўпустыя паліцы кладовак. “Сышлі” з кватэры лішнія шафа і камод. Але ў тых, што засталіся, на асобных паліцах, глыбока пры сцяне, так і ляжаць беражліва складзеныя “састарэлыя” рэчы. Тыя самыя, што некалі былі першымі. Хтосьці скажа, трымаеце стар’ё. Не, даражэнькія. Зберагаем “латкі” памяці. Без іх немагчыма падрамантаваць сучаснасць дзеля будучыні.
Я магу зразумець прывязанасць да рэчаў сваіх бацькоў. Яны засталі той час, калі ўсё нажытае было дэфіцытным і яго патрэбна было літаральна “даставаць”. Усё давалася цяжка. Сёння, вядома, зусім іншы час. Але, згадзіцеся, мы таксама абзаводзімся аджыўшымі сваё рэчамі, якія выкарыстоўваем як “латкі” сёння, каб падрамантаваць сваё жыццё на заўтра?..
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.