У дзяцінстве свята Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі больш выклікала пытанняў у маёй галаве, чым знаходзіла водгук у сэрцы. Чаму гэты дзень называлі “чырвоным”? Чаму рэвалюцыя адбылася ў кастрычніку, а адзначаецца ў лістападзе? Чаму перад тым, як святкаваць, прыходзілася добра папрацаваць? Чаму мяне і брата бацькі хрысцілі таемна? Чаму з акцябрацкай зоркай на грудзях ці ў піянерскім гальштуку на шыі не варта было ісці ў храм? Многа было ўсялякіх “чаму”. Тым не менш, Дзень (тады яшчэ) Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі і сёння ўспамінаю з задавальненнем. Можа, таму што наша краіна адзіная на былой постсавецкай прасторы пакінула 7 лістапада “чырвоным”, святочным, выхадным днём календара.
На “акцябрскія” мы, школьнікі, штогод адпачывалі. Святочнымі днямі лістапада звычайна завяршаліся асеннія канікулы. У школе з нагоды “чырвонага дня календара” наладжвалася ўрачыстая лінейка, на якой прымалі ў акцябраты. Урачыста апранутыя піянеры праходзілі маршам са сцягам пад гукі горна і барабана. Было неймаверна хвалююча. Мы горда насілі акцябрацкія і камсамольскія значкі, піянерскія гальштукі. Мы імкнуліся сваімі паводзінамі, учынкамі, вучобай даказаць, што годныя быць акцябратамі, піянерамі, камсамольцамі.
Да гэтае пары ў сямейных фотаальбомах маіх бацькоў захоўваецца некалькі чорна-белых з пажоўклымі краямі фотаздымкаў з кастрычніцкіх урачыстых лінеек, тэматычных школьных святаў, спаборніцтваў, экскурсій, паходаў, канцэртаў. Мая мама сваю педагагічную кар’еру пачынала піянерважатай. І сёння з настальгіяй успамінае важацкую дзейнасць у школе: працаваць было цяжка, але жыць — цікава.
Маё дзяцінства прайшло на хвалі рэвалюцыйна-камуністычнага рамантызму. У кожным школьным кабінеце віселі партрэты правадыра пралетарыяту. Прычым Ленін на іх “сталеў” разам з намі. У пачатковых класах былі партрэты маленькага Уладзіміра з кучаравай галавой, а ў старэйшых — сталага Ільіча. І нам так хацелася хутчэй падрасці, пасталець і, нарэшце, перайсці з аднаго класа ў другі, каб назіраў-наглядваў за намі “сапраўдны” дарослы Ленін. Я зачытвалася кнігамі пра рэвалюцыю, асобу і дзейнасць Уладзіміра Ільіча і яго паплечнікаў па барацьбе.
А суботнікі напярэдадні свята помніце? Гэта ж цэлая падзея была! Уся вёска, не згаворваючыся, талакою выходзіла рыхтавацца і да свята, і да зімы. Людзі зграбалі апалае лісце, вымяталі смецце, пазбаўляліся ад непатрэбнага галля. Усе імкнуліся сустрэць свята ў чысціні. Сораму было, калі непрыбранае своечасова смецце прыхопліваў першы мароз ці прысыпаў першы снег. Аднавяскоўцы асуджалі і дакаралі тых, хто ігнараваў кастрычніцкі суботнік.
У вёсцы свята сустракалі без дэманстрацый, іх глядзелі па тэлебачанні. Затое штогод у мясцовым Доме культуры наладжваліся святочныя канцэрты. Рэпетыцыі хора, які складаўся з мясцовых жыхароў, пачыналіся задоўга да свята. І людзі, між іншым, не ленаваліся пасля працоўнага дня ісці на “спеўкі”. Рабілі гэта з перадсвяточнымі энтузіязмам і кастрычніцкім запалам. Таму, напэўна, у дзень канцэрта ў клубе яблыку не было дзе ўпасці, людзі туліліся па дваіх на крэсла, дзяцей трымалі на каленях, стаялі каля ўваходу. Пасля канцэрта збіраліся раднёй, суседзямі, сябрамі, разыходзіліся па хатах, каб пасядзець за накрытым сталом, прапусціць чарку-другую за свята ды пагаварыць пра тое-сёе. Усё было святочна, сціпла і прыстойна.
Але найбольш 7 лістапада запомніўся мне віншавальнымі паштоўкамі. Папяровымі, яркімі, каляровымі, з чырвонымі гваздзікамі. Без гваздзікоў гэты дзень ніяк не мог абысціся. У вёсках, вядома, гэтых кветак было не дастаць. Але яны даляталі на паштоўках амаль у кожную хату ледзь не з усяго Савецкага Саюза. Напярэдадні 7 лістапада нашу сям’ю штогод такімі чырвона-гваздзіковымі пасланнямі віншавалі родныя з Украіны, блізкія з Расіі, сябры з Прыбалтыкі. Здавалася б, не так даўно гэта і было. Але ў свеце апошніх падзей савецкія сяброўскія паштоўкі здаюцца дзіцячымі мроямі і дзівоснымі снамі. Крыўдна. Была агульная краіна з адной гісторыяй і адзінымі святамі. А сёння што?.. Звароту да мінулага, вядома, не будзе. Ды і не патрэбна. Толькі чамусьці мы не імкнёмся з агульнага гістарычнага мінулага вынесці і захаваць самае каштоўнае — добрасуседскія сяброўскія адносіны.
Няма адназначнай ацэнкі падзей Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Што гэта было? Катастрофа ці непазбежнасць, якая змяніла ход гісторыі? Растрэл царскай сям’і, ганенне на рэлігію, масавы тэрор. Пераасэнсаванне некаторых гістарычных падзей немінуча зганяе з іх туман рамантызму. Пераварот, паўстанне, рэвалюцыя, вайна — такія падзеі непазбежна нясуць ахвяры і акропліваюць дні календара чырванню не толькі сцягаў. Адсюль і пытанні: ці лічыць такія дні святочнымі, ці патрэбны такія святы? Не нарадзілася пакуль ісціна ў гэтых спрэчках. І адказу адназначнага няма…
Можна, вядома, выкінуць дзень з календара. Але без 7-га не будзе ўсяго лістапада. Можна выкрэсліць падзею з гісторыі. Але яна будзе няпоўнай без Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Можна пазносіць помнікі У. І. Леніну. Але без іх не будзе прывычных гарадскіх плошчаў. Можна адмяніць свята. Але без яго, магчыма, не будзе добрай традыцыі, што нарадзілася даўно і жыве ў Беларусі па сённяшні дзень. Штогод на свята ў нашай краіне прынята адкрываць новыя школу, дзіцячы садок, лінію метро, краму. Неўміручая, добрая, святочная традыцыя некалі “акцябрскіх” суботнікаў — зрабіць лепш дзеля краіны, для людзей.
Добра гэта ці кепска — мець “чырвоны дзень календара”, разважаць не бяруся. Помню толькі, якім гэта свята было раней. І ведаю, што з таго 7 лістапада сёння не шкодзіла б не толькі беларусам пераняць і зберагчы самае лепшае, што актуальна ў любы час. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі для многіх з нас не перастане быць Вялікім, нават калі мы назавём яго па-іншаму. “Акцябрскія” не перастануць быць святам, нават калі будуць працоўнымі днямі. Мы даволі доўга з гэтым жылі. Мы яшчэ добра гэта помнім. Таму для адных Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — перажытак часу. А для другіх — даніна гістарычнай памяці. А гісторыя, як вядома, патрабуе далікатнасці.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.