Дзіцячая казка для дарослых - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 19 Ноября 2022 18:45

Дзіцячая казка для дарослых

А вы павіншавалі ўчора сапраўднага ветэрана казачнай працы? Як каго? Дзядулю Мароза, вядома. Учора, 18 лістапада, у яго быў дзень нараджэння. Афіцыйны. Эх вы! Дарослыя людзі, а да гэтае пары пра такі дзень не ведалі!..

От, таксама мне свята, скажуць некаторыя. Міфічны дзень нараджэння казачнага дзеда, якога не існуе. Паважаныя дарослыя, не верыць у Дзядулю Мароза маюць права толькі тыя, хто сам з’яўляецца добрым чараўніком для сваіх дзяцей.

Помніце, у якім прыблізна ўзросце вы зразумелі, што Дзед Мароз не існуе? Я, напрыклад, сумнявацца пачала яшчэ ў дзіцячым садку. Прычым зусім выпадкова. Як сёння, помню невялікую светлую залу, пасярод якой прыгожа зіхацела рознакаляровымі цацкамі і агнямі высокая, пад самую столь, ёлка. Натуральная лясная прыгажуня, ад якой прыемна пахла зімовым марозам, зялёнай ігліцай і духмянай смалой. А вакол яе мітусіліся з вясёлымі песнямі, танцамі і карагодамі “зайчыкі”, “вавёрачкі”, “мядзведзікі”, “сняжынкі” і іншыя персанажы навагодняга ранішніка. Усе, вядома, чакалі галоўнага госця з падарункамі — Дзеда Мароза. Але традыцыйна замест дзядулі-чараўніка спачатку прылятала Баба Яга, палохала ўсіх і ўчыняла шкоду. “Дзядуля Мароз, прыходзь!” — клікалі мы некалькі разоў. І добры чараўнік прыходзіў, ратаваў нас ад нячыстай сілы, запальваў ёлку, цярпліва выслухваў вершы, танцаваў, спяваў, вадзіў карагоды, раздаваў цукеркі і падарункі. І кожнаму дзіцяці хацелася абавязкова патрымаць яго за руку.

Падчас такога ранішніка ў дзіцячым садку мне пашчасціла сесці на калені да Дзеда Мароза, прытуліцца да яго доўгай белай барады, каб прашаптаць яму на вуха навагодняе жаданне. Раптам я звярнула ўвагу на яго чырвоную шубу, з-пад якой па-здрадніцку выглядвалі рукавы кофты, вельмі падобнай колерам да той, якую любіла апранаць на работу ў школу мая… мама.

Я злёгку разгубілася. “Глядзіце, у Дзядулі Мароза кофта, як у маёй мамы!” — захацелася мне крыкнуць. Але я схамянулася і пачала ўглядвацца ў дзядулеў твар, каб знайсці пацвярджэнне сваіх здагадак. “Стары”, відаць, западозрыў няладнае. Хуценька паабяцаў споўніць маё жаданне, пачаставаў цукеркай і схапіў на калені маю аднакласніцу-“вавёрачку”. Навагодні ранішнік прадоўжыўся. Але ў маю дзіцячую душу закраліся-такі сумненні.

Пасля ранішніка мама, як ні ў чым не бывала, дапамагала мне пераапрануць навагодні касцюм. Я бачыла яе расчырванелы твар, мокрыя ад поту валасы. Вядома, патанцуй, паспявай, павадзі карагод некалькі гадзін запар у касцюме Дзеда Мароза, дык не толькі ўпрэеш — растанеш, як Снягурка. А яшчэ, як на зло, гэтая здрадніцкая кофта, рукаў якой выглядваў з-пад дзедавай шубы, была на ёй у гэты дзень. Няўжо гэта мая мама пераапранулася ў Дзеда Мароза?! Значыць, яго сапраўды не існуе? Не! Усё маё дзіцячае нутро з усяе дзіцячае сілы супраціўлялася гэтай думцы! Каб вы толькі ведалі, як моцна мне не хацелася ў гэта верыць! І я не верыла. Па-дзіцячы наіўна я вырашыла, што гэта нейкае непаразуменне і мне проста падалося. Да того ж, мама прыдумала мноства тлумачэнняў-апраўданняў, згодна з якімі, яна ну ніяк не магла быць Дзедам Марозам на дзіцячым свяце.

Пасля на кожным навагоднім ранішніку я штораз уважліва прыглядалася да Дзеда Мароза. І ў кожным (ці на жаль, ці на шчасце — не ведаю) знаходзіла нешта знаёмае і нават роднае. Бацькаў гадзіннік, чаравікі старэйшага дваюроднага брата. Ад аднаго казачнага дзядулі, добра помню, падазрона пахла цыгарэтамі і адэкалонам, як ад майго дзядзькі. Глупства! Не можа таго быць! Супадзенне. Падалося. Так думаць было прасцей і спакайней. Каб не спужаць чароўны момант навагодняга цуда.

Ці многа сярод нас такіх, хто яшчэ ў дзяцінстве “раскусіў” казачнага героя, што прыходзіў на ранішнік ці нават, як цяпер модна, дадому, каб павіншаваць з Новым годам, паслухаць верш і пада-
рыць падарунак? Як пазналі, прызнавайцеся. Па знаёмых штанах ці чаравіках, гадзінніку на руцэ ці каўняру сарочкі, па родных няголенай шчацэ ці ўсмешцы, вачах ці абдымках? Так і нашы дзеці сёння з лёгкасцю пазнаюць нас, бацькоў-чараўнікоў, пераапранутых у Дзеда Мароза. Але мы, дарослыя, не паддаёмся, штораз прыдумваем мноства апраўданняў-тлумачэнняў “чароўным супадзенням”. І нашы дзеці вераць. А можа, робяць выгляд, што паверылі. Але дзякуючы гэтаму ўзаемнаму “недаверу” жыве навагодняе цуда. І існуе “сапраўдны” Дзед Мароз.

Дзеля чаго, спытаеце, гэтая настальгія па навагодняму дзяцінству? Усё проста. Учора быў дзень нараджэння Дзеда Мароза. Сёння, 19 лістапада, — Міжнародны мужчынскі дзень. А заўтра, 20 лістапада, — Сусветны дзень дзіцяці. Хачу не столькі павіншаваць мужчын (у іх наперадзе яшчэ 23 лютага), колькі папрасіць. Паважаныя мужчыны-таты, спяшайцеся быць чараўнікамі для сваіх дзяцей, бо яны даволі хутка вырастаюць з веры ў цуда. Знаходзьце час, каб выслухаць вершы, і сродкі, каб пакласці пад ёлку падарункі для дачкі ці сына, пакуль яны яшчэ вераць у Дзеда Мароза. Нават калі вас ненарокам выдадуць самыя родныя абдымкі і такі знаёмы голас ці прывычны пах адэкалону. Скажаце, падманваць нядобра? Навагодні казачны чароўны цуд падманам не лічыцца.

Дзіцячая вера тонкая, далікатная, трапяткая, хісткая і крохкая. Як навагодняя ёлка з упрыгожаннямі. Неасцярожнае дзеянне, неабдуманыя словы — і веры дзіцячай няма. Наўмысна ці ненарокам — ужо не так важна. Адбіць у дзіцяці любоў да свята, украсці веру ў Дзеда Мароза і адабраць надзею на цуда вельмі лёгка. Я лічу гэта бацькоўскім службовым злачынствам.

Недаверлівым дзецям і дарослым

Калі ваша дзіця і вы самі з недаверам ставіцеся да існавання “сапраўднага” Дзеда Мароза, прапаную кароткае дасье на чараўніка.

Імя - Дзед Мароз. Ён жа ў мінулым Бог марозу, Дух холаду, Траскун, Сцюдзянец, Марозка, Зюзя, Мароз Іванавіч.

Месца нараджэння - Вялікі Усцюг, Валагодская вобласць, Расія.

Дзень нараджэння - 18 лістапада.

Узрост - больш за дзве тысячы гадоў (год нараджэння дакладна невядомы).

Бацькі: маці - Мара (багіня смерці), бацька - Велес (бог мудрасці).

Сямейны стан - жанаты.

Жонка - Матухна Зіма.

Дзеці: тры дачкі - Сцюжа, Завіруха, Мяцеліца.

Унукі: Снягурка - дачка Мяцеліцы і Бурана, сына Снежнай каралевы.

Усё яшчэ не верыце?..

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 458 раз Печать
Другие материалы в этой категории: Доброты много не бывает? Фейковые люди