Чаму аб святах гавару ў множным ліку? Таму што ў маёй сям’і, колькі сябе помню (а гадкоў мне ўжо далёка не шаснаццаць), заўсёды мірна ўжываліся і праваслаўе, і каталіцызм. Бацькі ўзаемна паважаюць веравызнанне адзін аднаго, святкуюць абодва Раства і Вялікадня, памінаюць продкаў на вясеннюю праваслаўную Радаўніцу і асеннія каталіцкія Дзяды. Пасталеўшы, мы з братам самі выбіралі, які храм наведваць: каталіцкі касцёл ці праваслаўную царкву. Ведаем адно: не пагоняць ні адкуль. Бог адзін. Бацькі адныя. І вера адна — хрысціянская. Ніколі не сварыліся на рэлігійнай глебе ні дзед з бабаю, ні маці з бацькам. Ніколі ў бацькоўскай хаце “не біліся” паміж сабой упрыгожаныя вербачкі, фарбаваныя яйкі, спечаныя пірагі. Ва ўзаемнай павазе да веравызнання кожнага выхоўваюцца сёння і ўнукі. А значыць, свянцонымі галінкамі вярбы бітыя яны былі ў мінулую нядзелю, бітымі ім быць і заўтра. Разговяцца свянцоным яечкам заўтра і ў наступную нядзелю. Маім дзецям, гэтак, як некалі мне ў дзяцінстве, чым больш святаў — тым лепш.
На Вербніцу кожнага дарослага і малога ў нашай вялікай сям’і бабуля заўзята біла вярбою, прыгаворваючы: “Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень. Ад року да року вярбою па боку…”. Ды што я вам гавару? Хто ў мінулую нядзелю не быў “біты”, таго напэўна не праміне вярба заўтра, праўда? Мой дзед, які некалі строга посціў сам, маладых, якім звычайна цяжка доўга прытрымлівацца скаромнай ежы, супакойваў: “Дзеткі, каб большага граху не было, як кавалачак сала ў пост з’есці. За словамі, што гаворыце, учынкамі, што робіце, і думкамі лепш пільна сачыце. І не толькі ў пост…” Мае бацькі ніколі не настойвалі на захаванні Вялікага посту. Самыя скаромна харчаваліся толькі апошні тыдзень перад Вялікаднем, а шчыра посцілі — за дзень да свята. Вось гэты апошні посны тыдзень — ад Вербнай нядзелі да Вялікадня, на працягу якога рыхтаваліся да свята, і быў самым нялёгкім іспытам.
Я, напрыклад, не магла ўтрываць, каб не пакаштаваць толькі спечанага маці велікоднага пірага. А вы? На шчасце, мама ніколі і не прымушала мяне толькі сліну глытаць. Заўсёды дазваляла нам з братам зняць пробу. Таму свежа спечаны, бывала, яшчэ цёплы пірог, якім бы няўдалым ні здаваўся падчас самой гаспадыні, для нас, малых, заўсёды быў найсмачнейшым. А з якім дзіцячым нецярпеннем і перадсвяточным захапленнем чакала я велікоднай раніцы! Хутчэй бы сесці да стала ўсім разам і, перахрысціўшыся, нарэшце, разгавіцца. Спачатку кавалачкам свянцонага яечка, а пасля — няхітрымі прысмакамі. Згадзіцеся, у велікодную раніцу стравы на стале здаюцца неверагоднымі? Незвычайна духмяны пірог, няхай сабе спечыны два дні таму, па-асабліваму смачна пахнуць вэнджаныя каўбаска і паляндвіца, прыхаваныя яшчэ ад узімку забітага кабана, і нават звычайны хлеб здаецца незвычайным. Можа, таму што прысмакі свянцоныя. Магчыма, так здзейнічае Светлы Вялікдзень. Заведзеную яшчэ дзедам і бабаю, асаблівую святочную традыцыю, калі ўся сям’я дружна збіраецца за адным сталом дзеля таго, каб павітаць адзін аднаго такімі важнымі і неабходнымі ў любы час словамі “Хрыстос уваскрос!”, мае бацькі захоўваюць па сённяшні дзень. Дзеля сваіх ужо ўнукаў.
Таму, напэўна, Чысты чацвер для маіх дзяцей сёння — не пустыя словы, а неад’емная сямейная традыцыя. Яны добра ведаюць, што іншага дня, каб абавязкова прыбраць у хаце і вымыцца самім перад святам, не бывае. Ці не так? А колькі дзіцячага захаплення выклікае валачонае! І няхай сабе ўсе велікодныя пачастункі амаль аднолькавыя — кавалачак пірага, некалькі пафарбаваных яек ды цукеркі. Доўгачаканы для дзяцей сам “рытуал” абмену. Між іншым, валачобніцтва — выключна беларуская велікодная традыцыя. А колькі азарту выклікае гульня ў “біткі”! Пастукаць па зубах, каб праверыць моц шкарлупіны, пасля “пабіцца яйкамі” з роднымі, затым перамагчы сяброў, а, калі пашчасціць, то і аднакласнікаў. Яйка-“чэмпіён” пасля захоўваецца, пакуль не сапсуецца. Недапушчальна ж з’есці “пераможцу”!
І вось здавалася б, штогод традыцыйна паўтараюцца адны і тыя ж перадсвяточна-святочныя дзеянні. Чаму яны не надакучваюць? Наадварот — і дзеці, і дарослыя з нецярплівасцю кожную вясну чакаюць і Вербніцу, і Чысты чацвер, і Вялікдзень, а з імі — і вербачку, і валачонае, і “біткі”. З часам толькі мацней усведамляеш, што няма нічога больш важнага ў жыцці, чым гэтая пераемнасць пакаленняў. Бабулі-дзядулі з года ў год павінны “біць” унукаў свянцонымі галінкамі вярбы. Матулі — напаўняць хаты духмяным пахам велікодных пірагоў з разынкамі. Таты — дапамагаць дзецям выбіраць, каштуючы “на зуб”, самыя моцныя з пафарбаваных у цыбульніку яйкі. І, згадзіцеся, няма сярод гэтых спрадвечных традыцый нязначных, неабавязковых, дробязных? І страшна ад таго, што яны раптам могуць выйсці “з моды”...
Часам задумваюся: а што было б, калі б у маёй сям’і пад адным дахам не ўжыліся і столькі гадоў мірна не суіснавалі побач праваслаўе і каталіцызм? Вайна пад страхою паміж беларускай і ўкраінцам? Рэлігійнае процістаянне на доўгія гады паміж іх дзецьмі і ўнукамі? Страшна нават падумаць, праўда?
Каб не апаноўвалі падчас трывожныя думкі, важна своечасова пачуць правільныя словы. Мне пачуць пашчасціла. “Мы традыцыйна адзначаем двое Каляд і тры Вялікадні, паважаем Курбан-байрам. Ды і ў цэлым тут камфортна жыць прадстаўнікам усіх нацыянальных дыяспар. Так будзе заўсёды! Гэта наш лёс”.
Харошы лёс. Няхай жа так будзе заўсёды.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.